Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ГАЗПРАМ” СПЫНІЎ ПАДАЧУ ГАЗУ Ў БЕЛАРУСЬ


Ігар Карней, Менск

Беларускі прэм’ер Генадзь Навіцкі ня здолеў пераканаць кіраўніка “Газпраму” Аляксея Мілера пайсьці на саступкі і паставіць у Беларусь дадактова 1,5 мільярда кубамэтраў газу па ўнутрырасейскіх коштах. Сёньня апоўначы газавы кран быў перакрыты. Кіраўнік дэпартамэнту здабычы і перапрацоўкі газу Васіль Падзюк нават папрасіў, каб прынамсі да канца году з пытаньнямі наконт аднаўленьня паставак газу ў Беларусь яго не турбавалі.

(Падзюк: ) “Мы больш не пастаўляем газ у Беларусь. У лістападзе–сьнежні газ будуць пастаўляць незалежныя вытворцы. “Газпрам” цалкам выканаў свае абавязацельствы, узятыя ў 2002 годзе. Пакуль невядома, якія кошты будуць у незалежных вытворцаў. Але дакладна, што ўсе аб’ёмы, якіх вам не хапае, вы будзеце набываць ужо па іншых коштах. З намі ніякіх перамоваў больш быць ня можа: мы паставілі столькі, колькі і абавязаліся — 10,2 мільярда кубамэтраў. Усё, што звыш нормы, “Белтрансгаз” мусіць набываць у незалежных кампаніяў па камэрцыйных коштах”.

Асноўны незалежны пастаўшчык газу ў Беларусь — кампанія “Ітэра”. Сёлета ў ліпені “Белтрансгаз” у аднабаковым парадку адмовіўся ад паслугаў “Ітэры” на той падставе, што камэрсанты прапанавалі новы кошт, які ў паўтара разу перавысіў цэны “Газпраму”. Зараз “Ітэра” не згаджаецца нават на тагачасныя 36 даляраў за тысячу кубамэтраў газу, бо засталася фактычна манапалістам ў справе забесьпячэньня газам Беларусі. Кошт, на які зараз разьлічваюць у “Белтрансгазе” — ня болей за 40 даляраў.

Але кіраўніцтва “Ітэры” канчатковага адказу пакуль не дало, і гэта азначае, што магчымыя іншыя варыянты. Паводле папярэдняй інфармацыі, кантракты з незалежнымі пастаўшчыкамі мусяць быць падпісаныя не пазьней за наступны тыдзень, паколькі надзвычайныя запасы ў газасховішчах абмежаваныя.

Бадай, адзіным вынікам паездкі Генадзя Навіцкага ў Маскву аналітыкі называюць дамову аб акцыянаваньні “Белтрансгазу” ўжо летам 2003 году. Пасьля вяртаньня Навіцкі нават запэўніў, што сёньня ўрадавая ініцыятыва будзе накіраваная на разгляд у Палату прадстаўнікоў. Але самі дэпутаты лічаць, што сьпяшацца з продажам “Белтрансгазу” расейскаму “Газпраму” ня варта, і таму наконт акрэсьленага прэм’ерам наступнага лета маюць вялікі сумнеў. Гаворыць Сяргей Касьцян:

(Касьцян: ) “У адпаведнасьці з Канстытуцыяй урад мае права заканадаўчай ініцыятывы. Але трэба ўважліва паглядзець, у чыіх інтарэсах будзе акцыянаваньне, хто гэтыя акцыянэры, каму будуць належаць акцыі — адразу ня скажаш. Так, прэм’ер-міністар выказаўся, але на слых успрымаецца па-рознаму. Ня ведаю, што канкрэтна ён меў на ўвазе... Мы ўсе чулі прамову прэзыдэнта — ён гаварыў адно, Навіцкі кажа іншае.. Адно відавочна: гэта палітычная спрэчка з элемэнтамі эканамічнага ўціску... Усё заплянавана і прадумана”.

Сёньня ў Дзяржаўнай думе Расейскай Фэдэрацыі падчас парлямэнцкіх слуханьняў у пытаньнях інтэграцыі Расеі і Беларусі старшыня праўленьня “Газпраму” Аляксандар Разанаў паведаміў, што “Газпрам” разглядае пытаньне альтэрнатыўных шляхоў экспарту газу ў Эўропу ў абыход тэрыторыі Беларусі — магчыма, праз Украіну ці па дне Балтыйскага мора. Што да паставак газу на наступны год, то ён узгадаў толькі пра ранейшыя аб’ёмы — крыху больш за 10 мільярдаў кубамэтраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG