Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У АМЭРЫЦЫ ЗАТРЫМАЛІ БЕЛАРУСКАГА БРАКАНЬЕРА


Аляксей Знаткевіч, Менск

Трое браканьераў, якія лавілі ў нядзелю сеткай стронгу на возеры Эры каля амэрыканскага гораду Пітсбург, былі аштрафаваныя на 1770 даляраў. Сканфіскаваную ў іх рыбу ўлады раздалі мясцовым жыхарам. Але для дваіх затрыманых штраф і канфіскацыя могуць падацца дробязьзю, бо цяпер ім пагражае дэпартацыя, піша сёньня штодзёньнік “Пітсбург Пост-Газэт”.

У беларускага грамадзяніна Аляксандра Лашкева амэрыканская віза скончылася чатыры гады таму, а ў расейца Юрыя Ашыхміна амаль год таму. Адкуль паходзіць трэці затрыманы Генадзь Мохна, газэта не паведамляе.

Экалягічны патруль заўважыў трох мужчынаў, калі яны яшчэ рыхтаваліся закінуць сетку. Спачатку іх проста папярэдзілі. Але празь дзьве гадзіны патрульныя ўбачылі, што тыя ж трое ловяць стронгу сеткай прыкладна на тым самым месцы. Браканьеры спрабавалі ўцячы, але аднаго зь іх схапілі. Неўзабаве ён распавёў, дзе запаркаваная іхная машына. Калі патрульныя падышлі да яе, яшчэ адзін з рыбакоў хаваўся на заднім сядзеньні. Трэці ў хуткім часе здаўся сам.

Падчас праверкі дакумэнтаў высьветлілася, што Ашыхмін і Лашкеў жывуць у ЗША нелегальна. Слуханьні аб іхнай дэпартацыі прызначаныя на 28 студзеня. Прадстаўнік памежнай службы Стуарт Вудсайд сказаў “Пітсбург Пост-Газэт”, што парушальнікаў хутчэй за ўсё вышлюць са Злучаных Штатаў. “Калі яны ня зьявяцца на слуханьні, іх аўтаматычна дэпартуюць, таму ім трэба туды прыйсьці. Прынамсі, яны маюць шанец выказаць сваю пазыцыю, магчыма папрасіць прытулку”, — сказаў Вудсайд, дадаўшы: “Натуральна, тое, што яны зрабілі на возеры Эры, ім на карысьць ня пойдзе”.

“Пітсбург Пост-Газэт” піша, што за апошнія тыдні на возеры Эры затрымалі яшчэ некалькі браканьераў, якіх аштрафавалі на 5 тысяч даляраў. Газэта падае іхныя імёны, і выглядае, што гэтыя людзі таксама паходзяць з былога Савецкага Саюзу — Анатоль Зазуля, Яўгеніюш Срока і Ўладзімер Еўтух.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG