Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“БЕЛАРУСКАЕ ПЫТАНЬНЕ ПАВІННЫЯ ВЫРАШЫЦЬ САМІ БЕЛАРУСЫ”


Галіна Абакунчык, Менск

Ніводзін з маіх сёньняшніх суразмоўцаў не адмовіўся адказаць на пытаньне нашага радыё, а таксама ніводзін не сказаў, што яго не цікавіць ці не кранае палітыка. Хоць некаторыя і не змаглі даць думскім слуханьням адназначную ацэнку.

(Спадарыня: ) “У Дзярждуме Расеі? Нашыя ўнутраныя праблемы? А чаму яны іх абмяркоўваюць? І як я да гэтага стаўлюся? Я ніяк ня стаўлюся. Мне здаецца гэта дзіўным”.

(Спадарыня: ) “Я за свой беларускі народ. Дыктаваць свае ўмовы Расеі мы, канечне, ня можам, але каб і нас нагамі папіхалі, таксама нельга. А як ставіцца да гэтага — вельмі складанае пытаньне й адказаць на яго я не змагу”.

Частка мінакоў дала станоўчую адзнаку думскім слуханьням. Аднак пры гэтым падкрэсьліўшы, што Беларусь незалежная краіна, зь якой суседнія дзяржавы мусяць лічыцца.

(Спадар: ) “Станоўча. Я думаю, што нешта лепшае ў нас атрымаецца”.

(Спадар: ) “Вельмі добрая ідэя. Любую праблему патрэбна абмяркоўваць, і гэта крок наперад, чым замоўчваньне праблемы”.

(Спадар: ) “Ну, пасядзяць, ну, пагавораць, ну абмяркуюць — няхай абмяркоўваюць. Абмяркоўвае ж ня толькі Расея, але й у далёкім замежжы — як з намі быць і што рабіць. А мы самі па сабе, мы самастойная дзяржава. І калі хто абмяркоўвае нашыя праблемы, дык можа й мы з гэта карысьць будзем мець”.

(Спадар: ) “Няблага, канечне, што Дзярждума Расеі абмяркоўвае беларускія праблемы. Зрэшты, усе абмяркоўваюць. Пытаньне, у якім кантэксьце: калі тое, што прапаноўвае Пуцін — увайсьці нейкім там суб’ектам фэдэрацыі, дык я ня згодны. Хацелася б, каб Расея паважала сувэрэнітэт Беларусі. Гэта незалежная краіна, і Расея не павінна пра гэта забываць”.

Але значная частка апытаных да пытаньня думскіх слуханьняў беларускіх праблемаў ставіцца адмоўна.

(Спадар: ) “Калі Расея не змагла вырашыць беларускае пытаньне цягам двух стагодзьдзяў, то ня зможа вырашыць і зараз. Беларускае пытаньне павінныя вырашыць самі беларусы”.

(Спадар: ) “Так, як яны паводзяцца з намі, то я даўно зачыніў бы ўсе межы й па ўсясьветных стандартах зь імі працаваў”.

(Спадар: ) “Я думаю, што там будуць прысутнічаць тыя колы, якія будуць разглядаць пытаньне ў інтарэсах Расеі. І аб’ектыўнае абмеркаваньне, я думаю, цяжка будзе ўбачыць”.

(Спадар: ) “Калі яны лічаць, што гэтае пытаньне трэба разглядаць, то яны яго і разглядаюць. Але гэтае пытаньне нашыя дачыненьні марае. Ня вельмі прыемна гэта”.

(Спадар: ) “Мая пазыцыя вельмі цьвёрдая па гэтым пытаньні: ніякая Расейская Фэдэрацыя ня можа абмяркоўваць Беларусь. Бо гэта незалежная дзяржава, і я лічу гэта ўмяшальніцтвам ва ўнутраныя справы. На жаль, беларускі ўрад пакуль дазваляе гэта рабіць. Але, калі прыйдзе наш час, наш нармалёвы нацыянальны ўрад, то ўсё гэта ня будзе мець ніякай юрыдычнай сілы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG