Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГОМЕЛЬШЧЫНА БАРОНІЦЦА АД УВОЗУ БОЛЬШ ТАННАГА РАСЕЙСКАГА ХЛЕБА


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

Учора ў Лельчыцах мясцовыя падаткоўцы чарговы раз забаранілі суседзям з Мазыру прадаваць хлеб на рынку. Апошнія прывезьлі свой хлеб адмысловай аўталаўкай. Месьцічам даспадобы мазырскі хлеб. Ён добрай якасьці і таньнейшы за лельчыцкі амаль на сотню рублёў. Мясцовая хлебапякарня, якая належыць спажывецкай каапэрацыі, ня можа канкураваць з мазырчукамі.

Таму раённыя ўлады пры дапамозе міліцыі і падаткоўцаў і ствараюць перашкоды суседзям. Гэтым самым ня толькі падтрымліваецца вытворчасьць дарагога мясцовага хлеба, але і ставіцца заслона на шляху вывазу грошай у суседні раён. Прынамсі, так мяркуюць шараговыя жыхары Лельчыцаў.

Аднак намесьнік начальніка раённай падатковай інспэкцыі Віктар Астаповіч сьцьвярджае адваротнае:

(Астаповіч: ) “Павінен быць на выезьдзе альбо касавы аппарат альбо адрыўны талён. У іх былі талёны, але яны ўсю суму не запісваюць. Частку запісваюць, а частку — не. Ёсьць падставы меркаваць, што можа быць левы тавар. Ня ўлічаны”.

Дырэктар Мазырскага дзяржаўнага хлебазаводу Ўладзімер Ярац называе ўсё гэта прыдзіркамі. Ягоныя прадаўцы на кожны бохан талёны не выпісваюць, а толькі на ўсю пакупку. І Лельчыцы не адзіны раён, дзе продажу завазнога хлеба мясцовыя органы чыняць перашкоды.

(Ярац: ) “Гэтае пытаньне ўзьнікае яе толькі ў Лельчыцах, але і ў Петрыкаве, Ельску, Нароўлі”, — кажа спадар Ярац.

У апошніх двух райцэнтрах мазырчукам удалося дамовіцца зь мясцовымі райвыканкамамі пра адкрыцьцё фірмовых крамаў і абмежаваным продажы прывазнога хлеба. Улады пагадзіліся на гэта, паколькі грашовая выручка здавалася ў мясцовыя аддзяленьні банкаў.

У Лельчыцах і Петрыкаве паразуменьня з выканкамамі Мазырскі хлебазавод пакуль знайсьці ня можа.

Як жа ставіцца да абмежавання продажу суседзкага хлеба ў абласным выканаўчым органе? Распавядае начальнік управы спажывецкага рынку і паслуг Валяр’ян Бяспалы:

(Бяспалы: ) “Я думаю, што насельніцтву трэба даць выбар. Яны разьбяруцца, чый хлеб купляць. У межах адной вобласьці гэта нейкі абсурд атрымліваецца, што мы забараняем гандаль сваёй жа прадукцыяй”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG