Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЯРЖАЎНЫ КАНЦЭРН АБМЯЖОЎВАЕ ЎЛАДАЛЬНІКАЎ ПРЫВАТНЫХ МАРШРУТАК


Галіна Абакунчык, Менск

Адзін кілямэтар прабегу цяпер каштуе на 5 рублёў больш, чым раней. Як вынік, квіткі для пасажыраў падаражэлі да адной тысячы рублёў і вышэй. Аднак гэта не паўплывае ні на камфорт пасажыраў, ні на заробкі кіроўцаў — гаворыць кіроўца 3-га аўтапарку Міхаіл Кубрэйчык.

(Кубрэйчык: ) “Гэта нас не датычыць, нічога не аплачваецца”.

(Карэспандэнтка: ) “А ці часта стаіце?”

(Кубрэйчык: ) “Ой, часта. Я стаю даўно”.

(Карэспандэнтка: ) “А новыя аўтобусы купіць?”

(Кубрэйчык: ) “Ой, няма грошай. А дзе грошы, невядома”.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, да 70% аўтобуснага парку патрабуе аднаўленьня. І каб часткова выправіць становішча, а галоўнае — спыніць адток пасажыраў да прыватных маршрутных таксовак, канцэрн Менскпасажыраўтатранс вымушаны супрацоўнічаць з прыватнымі кампаніямі. Тут заробкі наўпрост залежаць ад якасьці перавозак, таму й стаўленьне да працы адпаведнае — гаворыць кіроўца маршруткі Ўладзімер Мурашка.

(Мурашка: ) “Людзей ніколі ня дурым, дзяржаву ня дурым, стараемся працаваць правільна й чэсна. Знаю, што будуць у гаспадара грошы — будуць і ў мяне грошы”.

Маршрутнымі таксоўкамі пасажыры карыстаюцца вельмі ахвотна, аднак іх не хапае. Гаворыць пасажырка Тацяна Хмялеўская:

(Хмялеўская: ) “Я жыву ў Хацежыне — гэта недалёка ад Менску. Аўтобус то зломіцца, то спозьніцца, то поўны прыходзіць. Вельмі ж добра было б, каб да нас хадзіла маршрутка, але ж яны ня ходзяць”.

Калі, да прыкладу, з Цэнтральнага аўтавакзалу штодня адпраўляюцца каля 70 аўтобусаў, дык маршрутак толькі 15. Чаму? — пытаюся ў намесьніцы кіраўніка вакзалу Алены Краеўскай.

(Краеўская: ) “Атрымліваецца, што парк абсалютна губляе грошы за кошт прыватных таксовак. Але людзі стараюцца зьяжджаць маршруткамі. Ім зручней”.

Кіраўніцтва канцэрну Менскпасажыраўтатранс сьвядома абмяжоўвае прыватны бізнэс у транспартнай сфэры, які становіцца сур’ёзным канкурэнтам дзяржаўнай структуры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG