Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“САВЕЦКІЯ ФІЛЬМЫ ПРА ПАДПОЛЬШЧЫКАЎ — ГЭТА ПАДРУЧНІК ДЛЯ СУЧАСНЫХ ТЭРАРЫСТАЎ”


Валянцін Жданко, Менск

На мінулым тыдні, пасьля таго, як Расея спыніла пастаўкі ў Беларусь таннага газу, разлад паміж Менскам і Масквой, які і без таго быў яўным, набыў яшчэ большыя маштабы. Аляксандар Лукашэнка ўпершыню за восем гадоў у такой рэзкай форме выступіў і супраць палітычных замахаў Крамля на беларускую незалежнасьць, і супраць экспансіі расейскага капіталу, і нават за прагматычныя падыходы ў эканамічных і палітычных стасунках з Масквой.

Наша слухачка Алена Лебедзева зь Віцебску так ацэньвае гэтыя падзеі:

“Няўжо расейскі “Газпрам” самастойна адважыўся б на такі ўдар па беларускім рэжыме, ды яшчэ напярэдадні зімы? Я ўпэўненая, што ўсе каманды на гэты конт паступалі з Крамля. Для Аляксандра Лукашэнкі надышлі чорныя дні. Небясьпечныя гульні з Пуціным за ўладу сканчаюцца поўнай паразай нашага Аляксандра Рыгоравіча. Можа, хоць цяпер ён зразумее, як напраўду ставяцца ў Маскве да яго і да ягоных аб’яднальных пражэктаў”.

Аляксандар Лукашэнка, як і вы, шаноўная Алена, не сумняецца, што газавыя пастаўкі ў Беларусь скарочаныя паводле распараджэньня Крамля, што гэта ёсьць палітычнай акцыяй Масквы. Выступ Лукашэнкі на гэтую тэму, які прагучаў у мінулую сераду перад урадам, быў напоўнены і крыўдай, і горыччу, і неўразуменьнем, і не надта схаванымі пагрозамі...

З майго пункту погляду, зьнешне ўсё гэта выглядала хваравітым разьвітаньнем з ілюзіямі. Бо зусім жа верагодна, што не было ніякіх хітрых падкопаў і мудрагелістых схемаў Крамля, а проста расейскі газавы манапаліст захацеў спагнаць зь Беларусі грошы за свой тавар — гэтак жа, як і з усіх іншых. Расея ўвогуле ўжо даўно жыве паводле новых прынцыпаў. Палітычныя лёзунгі пра бескарысьлівае братэрства і славянскія карані там ня надта цэняцца.

Лукашэнка прыводзіў шмат параўнаньняў і прыкладаў, калі, паводле яго, і да Літвы, і да Латвіі, і да Ўкраіны, і да Польшчы Расея ставіцца лепш, чым да Беларусі, адзінай сваёй саюзьніцы. Чаму? — задаваў пытаньне абураны і пакрыўджаны кіраўнік дзяржавы. Ён жа столькім ахвяраваў дзеля расейцаў, нават замежнікамі іх не прызнае, а толькі “сваімі людзьмі”. Вунь і на так званае “калінінградзкае пытаньне” вочы заплюшчвае...

Мне здаецца, што цяпер ужо Лукашэнка ведае адказ на свае пытаньні. Паважаюць найперш тых, хто сам сябе паважае. Хто цэніць сваю незалежнасьць, хто даражыць рэпутацыяй і хто жыве за свой кошт.

Шмат лістоў у пошце апошняга тыдня на тэму нядаўніх маскоўскіх падзеяў, калі ў выніку штурму захопленай чачэнцамі канцэртнай залі загінула больш як 120 закладнікаў. Уладзіслаў Міцкевіч з Браслава з гэтай нагоды піша:

“Я ніколі ня быў прыхільнікам гвалту, але ставіць у адзін шэраг тых чачэнцаў, што захапілі канцэртную залю ў Маскве, з тэрарыстамі бін Лядэна — не магу. Гэтыя людзі былі даведзеныя да адчаю. Сапраўдныя бандыты ня сталі б рызыкаваць сваім жыцьцём дзеля таго, каб расейцы вывелі войскі з Ічкерыі.

Не заклікаю беларусаў ні да чаго падобнага, але мне сорамна, што мы ня можам пастаяць за сваю незалежнасьць нават мірным шляхам — мітынгамі, шэсьцямі, страйкамі. У Менску амаль два мільёны насельніцтва. А на масавую акцыю за незалежнасьць зьбіраецца некалькі тысяч людзей. Гэта — ганьба.

Між тым, у Бялградзе выйшлі на вуліцу 500 тысяч чалавек, і рэжым Мілошавіча рухнуў. Ці мы проста не разумеем і ня бачым той пагрозы, што навісла над намі? Шмат хто яшчэ верыць у выбары. Але ж пры дыктатуры выбары заўсёды выйграе ўлада — няўжо гэта не зразумела?”

З гэтымі ацэнкамі пагаджаецца і наш сталы слухач Ільля Копыл зь Менску. Ён піша:

“Бараеў пайшоў на захоп Дому культуры, бо ў чачэнцаў іншых сродкаў, каб спыніць вайну, не засталося. Жахліва, калі мірныя, ні ў чым не вінаватыя людзі становяцца закладнікамі як тэрарыстаў, так і свайго дзяржаўнага кіраўніцтва.

Калі здарыцца непапраўнае, калі Лукашэнка і яго памагатыя здадуць Беларусь у склад Расеі, то газавая атака можа быць прымененая і супраць нас, калі мы пачнем змагацца”.

Як паказалі падзеі апошніх дзён, спадар Ільля, своеасаблівая “газавая атака” супраць Беларусі распачатая – праўда, зь іншай нагоды і зь іншымі наступствамі.

Што да драматычнай маскоўскай сытуацыі, то я зьвярнуў увагу на інтэрвію дзьвюх беларускіх закладніц (спадарыні Ткачук і Протас выступалі пасьля свайго вызваленьня ў эфіры Беларускай Свабоды). Там гучалі прыблізна тыя ж меркаваньні пра чачэнскіх захопнікаў, якія выказалі вы, Уладзіслаў і Ільля. Іхны ўчынак немагчыма разглядаць і ацэньваць ізалявана ад таго, што творыць у Чачэніі расейская армія.

Ліст ад Георгія Белаконя з Калінкавічаў. Ён піша:

“31 кастрычніка глядзеў па Беларускім тэлебачаньні фільм “Чырвонае лісьце” — пра тое, як камуністычныя падпольшчыкі і ўзброеныя тэрарысты на тэрыторыі даваеннай Польшчы змагаліся супраць законнай улады. Галоўны герой Андрэй Мяцельскі забівае ў судзе сьведку і пагражае пісталетам людзям у залі. Паводле аўтараў фільму, ён станоўчы герой, змагаецца за свабоду. Але як бы паступіла з такім змагаром у нашыя дні, для прыкладу, беларуская міліцыя? Тэрарыст ёсьць тэрарыст, якімі б лёзунгамі ён ні прыкрываўся.

Такія фільмы толькі падаграюць тэрарыстычныя настроі. Дзіўна, што кіраўнікі Беларускага тэлебачаньня гэтага ня бачаць і не разумеюць”.

У чымсьці вы, відавочна, маеце рацыю, спадар Георгі. Хоць, мушу заўважыць, і гэты, і многія іншыя фільмы камуністычнай эпохі сёньня ўспрымаюцца хутчэй як дакумэнт свайго часу, як музэйны экспанат. Яны перасталі выконваць ранейшую ідэалягічную функцыю. А Беларускае тэлебачаньне так часта паказвае іх (прытым вельмі няякасныя копіі) ня столькі з прычыны прыхільнасьці да камуністычнага рэжыму, колькі з-за недахопу грошай. Купіць ці здымаць новыя фільмы проста няма за што.

Разалія Рубінчык зь Менску піша:

“У той дзень, калі ў Маскве была жалоба па ахвярах тэрарыстычнага акту, у нас у Менску на 1-м музычным тэлеканале пастаянна круцілі вясёлыя музычныя кліпы, а разьвязныя ды-джэі вялі гульлівыя гутаркі з моладзьдзю.

Мяне ўзрушылі цынізм і абыякавасьць тых, хто не спыніў працу гэтага каналу. Я асабіста тэлефанавала чыноўнікам рознага рангу, але ад усіх чула адно: у нас жалобы няма, а вам не падабаецца — не глядзіце. Не дапамог і зварот да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.

Я займаюся праблемай абароны жывёл. Але чаго зьдзіўляцца жорсткаму абыходжаньню з жывёламі, калі тыя, хто мае ўладу, так бесчалавечна ставяцца да людзей, да іхнага гора”, — лічыць Разалія Рубінчык зь Менску.

Пытаньне, на маю думку, спрэчнае, спадарыня Разалія. Беларусь па-ранейшаму застаецца ў расейскай інфармацыйнай прасторы, — адсюль і стаўленьне многіх людзей да расейскіх падзеяў, як да сваіх, айчынных. Але Беларусь — іншая краіна. Калі ў Беларусі была абвешчаная жалоба па ахвярах трагедыі на Нямізе, на расейскіх каналах, спадарыня Разалія, таксама гучала вясёлая музыка. У Расеі тады жалобы не было.

Мікалай Слуцкі зь Менску працягвае дыскусію, распачатую тыдзень таму Віктарам Тураўцом з францускага Ліёну. Размова тады, нагадаю, ішла пра тое, ці можна лічыць Аляксандра Лукашэнку моцным палітыкам. На думку спадара Тураўца, моцны палітык — той, хто перамагае суперніка на роўных умовах, у межах закону, даказваючы сваю моц вынікамі на карысьць грамадзтва.

Аляксандар Лукашэнка, на думку слухача, ужо і не палітык пасьля таго, што зрабіў з дэпутатамі Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, якім чынам зьмяніў Канстытуцыю і ўсталяваў рэжым аднаасобнай улады.

Мікалай Слуцкі згодны з гэтымі высновамі. Ён піша:

“Пасьля 1995 году Лукашэнка перастаў быць палітыкам, паколькі пачаў кіраваць беларусамі адкрытым гвалтам і запалохваньнем. Яго, так бы мовіць, “сіла” — гэта сіла ўзброенага зламысьніка супраць безабароннага чалавека. Гэта сіла ня мае нічога агульнага зь сілай палітыка ці сілай характару.

Возьмем, для прыкладу, сытуацыю, якую часта выкарыстоўваюць у кіно. Банда захоплівае горад. Насельнікі гораду і бандыты безь пярэчаньняў падпарадкуюцца верхаводу банды, бо ён бязь літасьці распраўляецца з усімі нязгоднымі. Ці можна верхавода банды назваць моцным палітыкам ці моцным чалавекам? Гвалт — гэта не палітыка. Бязьлітаснасьць, подласьць, злосьць — гэта ня сіла характару”.

Я разумею вашыя эмоцыі, спадар Мікалай. Але рэальна ўлада ў Беларусі сёньня належыць Аляксандру Лукашэнку, і фактычна толькі ён вызначае зьнешнюю і ўнутраную палітыку Беларусі. І ці лічыць яго палітыкам (гэта значыць, чалавекам, які прафэсійна займаецца палітыкай) — пытаньне рытарычнае.

Гаворачы пра сілу Аляксандра Лукашэнкі як палітыка, я меў на ўвазе ягоную здольнасьць дасягаць пастаўленых палітычных мэтаў, заваёўваць і ўтрымліваць уладу, перамагаць альбо ўхіляць апанэнтаў, падпарадкоўваць сваёй волі іншых. Вы, спадар Мікалай, як і Віктар Туравец зь Ліёну, разважаеце пра маральнасьць палітыкі, сумленнасьць палітычнага дзеяча, ягоную законапаслухмянасьць. Але гэта — іншая праблема. А сіла (і сіла палітыка таксама) можа быць стваральнай і разбуральнай. Якую сілу выяўляе Аляксандар Лукашэнка, да якіх наступстваў прывядуць ягоныя сумнеўныя палітычныя перамогі — гэта сёньня становіцца відавочным.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Віктар Ушакоў, Уладзімер Рабухін і Аксана Новікава зь Менску, Павел Сац зь вёскі Асявая Маларыцкага раёну, Мікола Саскевіч з Калінкавічаў і Міхаіл Леках з Рыгі.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG