Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСЕЙСКІЯ АФІЦЫЙНЫЯ АСОБЫ ПАКУЛЬ НІЯК НЕ АДРЭАГАВАЛІ НА АПОШНІЯ СКАНДАЛЬНЫЯ ВЫКАЗВАНЬНІ КІРАЎНІКА БЕЛАРУСІ


Віталь Цыганкоў, Менск

Расейскія мэдыі надалі скандальным заявам Аляксандра Лукашэнкі вельмі мала ўвагі. Тэлеканалы і Інтэрнэт-сайты абмежаваліся кароткай падачай зьместу ягоных выказваньняў, газэты ж сёньня ў Расеі не выходзяць з прычыны выходных.

Калі беларускі прэзыдэнт ставіў сабе задачу выклікаць максымальны эфэкт сваім дэмаршам, дык відавочна, што гэтая задача не была выкананая. Напярэдадні выходных дзён расейская палітычная эліта ня ўбачыла неабходнасьці адказваць на абвінавачаньні і папрокі Аляксандра Лукашэнкі.

Уладзімер Пуцін рыхтуецца да сустрэчы з генэральным сакратаром NATO Джорджам Робінсанам, а таксама да прыняцьця ААН рэзалюцыі ў справе Іраку. МЗС Расеі патлумачыў, што па-ранейшаму лічыць “чыста эканамічным” пытаньне аб 50-працэнтным скарачэньні з 1 лістапада паставак прыроднага газу ў Беларусь.

Неназваны чыноўнік расейскага ўраду заявіў у інтэрвію “Інтэрфаксу”, што пытаньне паставак газу ў Беларусь не палітызаванае і яго варта вырашаць шляхам перамоваў. Прадстаўнікі “Газпраму” таксама адмовіліся камэнтаваць заявы Аляксандра Лукашэнкі. Як заявілі БелаПАН у прэс-службе кампаніі, яна “ня можа камэнтаваць аспэкты расейска-беларускай інтэграцыі”. “Газпрам”, аднак, паведаміў, што доўг Беларусі дасягнуў 282 мільёнаў даляраў ЗША.

Былы старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч лічыць, што заявы Лукашэнкі сьведчаць пра аслабленьне ягонай улады.

(Шушкевіч: ) “Сытуацыя вось якая. Чалавек гэты — банкрут, і дзяржава пад ягоным кіраўніцтвам — банкрут. Расея падтрымлівала Лукашэнку, бо ён увесь час гаварыў, што тут існуюць антырасейскія настроі, а ён адзіны, які ўсіх вядзе ў Расею. А цяпер для ўсіх зразумела, што гэта абсалютна ня так, што чалавек проста змагаецца за ўладу. Але цяпер ён гэтую ўладу траціць, бо эканамічна Беларусь у тупіковым стане, і звычайна кіраўнікі пры такім эканамічным стане дзяржавы ідуць у адстаўку. Думаю, Расея робіць абсалютна правільна, што не зьвяртае на гэта ўвагі. Бо праз два дні ён можа казаць зусім іншае”.

Кіраўнік Саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа лічыць, што заявы Лукашэнкі лягічна вынікаюць з тэндэнцыяў апошніх меяцаў у беларуска-расейскіх дачыненьнях.

(Патупа: ) “Разумееце, апускаецца заслона на ўсход, падзецца Лукашэнку няма куды. Гаварыць пра падтрымку Расеі ўжо немагчыма. Відавочна адно — Лукашэнка з Пуціным несумяшчальныя, гэта галоўнае”.

Аляксандар Патупа, як і большасьць аналітыкаў, разам з тым упэўнены, што для рэзкай перамены курсу ў Аляксандра Лукашэнкі няма ніякіх рэсурсаў. Гэтаму не спрыяюць ні замежнапалітычная сытуацыя, ні падзеньне папулярнасьці кіраўніка Беларусі сярод беларускага электарату.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG