Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АПАЗЫЦЫЯ СУПРАЦЬ БОЛЬШ ГНУТКАГА СТАЎЛЕНЬНЯ АБСЭ ДА БЕЛАРУСКІХ УЛАДАЎ


Валер Каліноўскі, Менск

Заява старшыні Сталай Рады АБСЭ партугальскага прадстаўніка ў арганізацыі Францыска да Коста пра тое, што АБСЭ гатовая паказаць “пэўную гнуткасьць” у перамовах зь беларускімі ўладамі, выклікала нэгатыўную рэакцыю беларускай апазыцыі.

Вядомы апазыцыйны дзеяч былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў выступіў з заявай пра памылковасьць такога ходу:

(Саньнікаў: ) “АБСЭ пайшло на саступкі, калі нічога не зьмянілася тут, у Беларусі, і ў адносінах да АБСЭ, і ў адносінах да дэмакратызацыі, у адносінах да выбараў. І я лічу, што зараз нельга ісьці на саступкі, таму што гэта можа спрвакаваць крызыс у самой АБСЭ. Гэта значыць, што арганізацыя ня мае ўплыву на такія сытуацыі, як у Беларусі”.

Паводле А.Саньнікава, ня ўсе краіны-сябры АБСЭ згодныя на больш гнуткую пазыцыю ў адносінах да менскіх уладаў, некаторыя выказваюцца за больш жорсткі падыход, напрыклад, за прыпыненьне сяброўства Беларусі ў гэтай арганізацыі. Андрэй Саньнікаў упэўнены, што больш мяккая пазыцыя да А.Лукашэнкі, які апошнія шэсьць гадоў адкрыта ігнараваў усе заклікі міжнародных арганізацыяў, прывядзе і да новай хвалі ўціску правоў чалавека і свабодаў у самой Беларусі:

(Саньнікаў: ) “Заўсёды, калі зьмякчаецца пазыцыя ў адносінах да паводзінаў улады ўнутры краіны, заўсёды трэба чакаць больш жорсткіх рэпрэсіяў. Больш жорсткіх адносінаў улады да апазыцыі, да апанэнтаў увогуле, да незалежных СМІ. І мы гэта ўжо бачым, я лічу, што тое, што здарылася зь Лябедзькам, напрыклад, з гэтым таксама мае пэўную сувязь, таму што ўлады ўспрынялі вось такую мяккую пазыцыю як сыгнал, што можна рабіць што заўгодна”.

Спадар Саньнікаў упэўнены, што А.Лукашэнка ня здольны на рэальнае зьмяненьне сваёй палітыкі, ён ня можа быць партнэрам, якому можна давяраць. Пазыцыя ж АБСЭ і так не была жортскай, кажа ён.

Яшчэ адной памылкай і нават пэўнай дэманстрацыяй кіраўніцтва АБСЭ Андрэй Саньнікаў называе адмову генэральнага сакратара АБСЭ Яна Кубіша сустракацца з прадстаўнікамі апазыцыі падчас свайго апошняга візыту ў Менск. У такіх умовах місія АБСЭ ў Менску можа ператварыцца ў “культурніцкі клюб”, якому будзе забароненае асуджэньне антыдэмакратычнай практыкі беларускіх уладаў, і такая місія тут непатрэбная, — упэўнены Андрэй Саньнікаў. Ён мае намер давесьці меркаваньне беларускай апазыцыі да кіраўніцтва АБСЭ, і лічыць, што яе голас павінен быць пачуты.

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька кажа, што інцыдэнт зь ягоным затрыманьнем 5 лістапада сапраўды перакрэсьліў усе абяцаньні на адрас АБСЭ з боку афіцыйнага Менску. Анатоль Лябедзька лічыць памылкай аднабаковыя саступкі беларускаму кіраўніцтву з боку АБСЭ:

(Лябедзька: ) “Калі ставіць толькі за саму мэту, каб місія АБСЭ была тут у Беларусі, то гэта тупіковы крок. Таму што калі яна будзе пастаўленая ў вельмі жорсткія ўмовы такога татальнага кантролю КГБ, ці калі супрацоўнікі місіі змогуць кантактаваць з пэўным шэрагам людзей — гэта не прывядзе ні да якай карысьці. Я думаю, што выбраны наогул няправільны шлях да вырашэньня беларускага пытаньня”.

Анатоль Лябедзька заклікае АБСЭ дзейнічаць у рамках пакрокавай стратэгіі разам Радай Эўропы, Эўразьвязам, іншымі арганізацыямі і асобнымі краінамі. У прыватнасьці, АГП прапаноўвае ім правесьці спэцыяльную канфэрэнцыю па Беларусі, якая выпрацавала б палітычныя патрабаваньні і эканамічныя прэфэрэнцыі для Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG