Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІЛІЦЫЯ ПРАВЯЛА АПЭРАЦЫЮ “НЕЛЕГАЛ”, СКІРАВАНУЮ НА ВЫКРЫЦЬЦЁ МІГРАНТАЎ, ЯКІЯ НЕЛЕГАЛЬНА ЗНАХОДЗЯЦЦА Ў БЕЛАРУСІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

260 замежнікаў высланыя зь Беларусі ўсяго за пэрыяд з 26 кастрычніка па 1 лістапада. Звыш трох тысяч грамадзянаў краінаў СНД пакараныя за парушэньні правілаў знаходжаньня ў Беларусі, а яшчэ 40 замежнікаў затрыманыя, паколькі знаходзяцца ў міжнародным вышуку. Гэтыя лічбы падало Міністэрства ўнутраных справаў па выніках апэрацыі “Нелегал”. Тое, што гэтая апэрацыя праходзіла ў дні, калі ў Маскве былі захопленыя закладнікі, беларускія міліцыянты называюць супадзеньнем.

У міліцэйскай справаздачы ў якасьці высланых зь Беларусі фігуруюць ня толькі асобы з Каўказу, але і прадстаўнікі краінаў далёкага замежжа — у прыватнасьці, Сырыі, Індыі ды Лібану. І усё ж галоўная ўвага надавалася выхадцам з Чачэніі, чаго не хавае міліцэйская справаздача.

Гэтак, самым першым вынікам апэрацыі “Нелегал” была высылка зь Беларусі адразу 10 чачэнцаў — чатырох дарослых і шасьці дзяцей. Іх адправілі зь Менску яшчэ на пачатку мінулага тыдня, калі ў Маскве толькі пачаліся масавыя праверкі дакумэнтаў ва ўсіх падазроных асобаў і людзей, што выглядаюць як замежнікі.

Якія наступствы можа мець высылка чачэнскай сям’і? Гэтае пытаньне я задаў знаёмаму чачэнцу Ахмету, які больш як год таму прыехаў у Менск з Урус-Мартану. Ахмет жыве ў Менску нелегальна, разам з жонкай і шасьцю дзецьмі. У яго расейскі пашпарт, у якім няма адзнакі пра беларускую прапіску, нават часовую. А менавіта прапіска ёсьць фактычным дазволам на знаходжаньне ў Беларусі. Калі міліцыянты пабачаць, што такой адзнакі няма, то пачнуцца вялікія праблемы.

(Ахмет: ) “Я ведаю сям’ю, якую нядаўна выслалі. Разам зь дзецьмі. Ім далі ўсяго дзьве гадзіны на збор рэчаў, падагналі аўтобус, падвезьлі да цягніка, там дакумэнты аддалі правадніку і сказалі, каб ён не аддаваў гэтых дакумэнтаў гаспадарам, пакуль не даедуць да Смаленску”.

Паводле Ахмета, у Смаленску высланых чачэнцаў ніхто не чакае. Адразу ўзьнікаюць праблемы з жыльлём, з працай. У выніку людзям даводзіцца нават галадаць, пакуль яны знайдуць на што жыць. Ня выключана, што сродкі будуць знойдзеныя не зусім законныя, і тады высланых чакае турма.

Каб пазьбегнуць такога лёсу, Ахмет ужо другі тыдзень амаль не выходзіць на вуліцу. Яго папярэдзілі пра апэрацыю “Нелегал”, але ён і безь яе паводзіць сябе вельмі асьцярожна. Ня ходзіць на вакзал, увогуле не зьяўляецца там, дзе шмат людзей.

Ахмет кажа, што ён з задавальненьнем легалізаваў бы свой побыт у Беларусі, але зрабіць гэта амаль немагчыма. Прапіску можна атрымаць, калі набудзеш сваё жытло, а ў ягонай сям’і грошай не хапае на хлеб, ня тое што на такую маёмасьць. Яшчэ для прапіскі патрэбная праца, а зь ёй у яго таксама вялікія цяжкасьці. Калі патэнцыйныя працадаўцы бачаць, што ён прыехаў з Чачэніі, яму звычайна адмаўляюць на той падставе, што няма месца. У выніку вось ужо другі год Ахмет калі і зарабляе, дык толькі нейкай часовай падпрацоўкай.

І ўсё ж ён лічыць, што ня ўсё гэтак кепска у ягоным цяперашнім становішчы нелегала. Ён адзначае, што нават нягледзячы на гэтае становішча яму ўдалося ўладкаваць дзяцей у школу.

(Ахмет: ) “Ходзяць у школу, ужо звыкліся. Пасябравалі зь мясцовымі, усё нармальна. Нават малодшы сын, які тут нарадзіўся, стаіць на ўліку ў паліклініцы, і за ім дактары, як за ўсімі, наглядаюць. Але калі мяне недзе схопяць падчас такой апэрацыі, дык усіх нас адправяць, я не сумняюся. Вашыя людзі добрыя, але законапаслухмяныя. Таму я ўдзячны богу, што пакуль мяне гэта не закранула”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG