Лінкі ўнівэрсальнага доступу

САШУРЫН ДЫСКВАЛІФІКАВАНЫ НА 15 МЕСЯЦАЎ


Аляксей Знаткевіч, Менск

Аналізы падчас трэніровачных збораў у Аўстрыі ў верасьні паказалі, што беларускі біятляніст Вадзім Сашурын ужываў забароненае рэчыва нандралён. Сашурын тлумачыць, што атрымаў гэты стэройд, калі лячыў у расейскім Санкт-Петэрбургу траўму пляча. Стандартнае пакараньне за допінгавыя парушэньні ў біятлёне — два гады дыскваліфікацыі, таму Сашурын лічыць рашэньне міжнароднай фэдэрацыі ня надта жорсткім.

(Сашурын: ) “Гэта дастаткова мяккае рашэньне, бо, паводле закону, і гаворкі не магло быць ні пра якое зьмяншэньне. Але мне пайшлі насустрач, і гэта своеасаблівая перамога. У прынцыпе, атрымліваецца, што я прапускаю толькі адзін гэты сэзон”.

Сашурын кажа, што ні прадстаўнікі Беларускай фэдэрацыі біятлёну, ні нават ягоныя трэнэры ня ведалі, што яго лекавалі стэройдамі, бо ўсё гэта адбылося пасьля сэзону. Лідэр беларускай каманды кажа, што хацеў бы працягваць трэніроўкі, але дзеля гэтага яму патрэбная падтрымка фэдэрацыі біятлёну.

(Сашурын: ) “Цяпер усё залежыць ад фэдэрацыі — ці падтрымаюць яны мяне. Ад мяне зараз мала што залежыць, бо гэта насамрэч дорага каштуе — займацца біятлёнам, і я ня думаю, што гэта магчыма рабіць самастойна. Я ўжо казаў: я яшчэ даволі малады спартовец і мог бы выступаць прынамсі да наступнай Алімпіяды, а то й болей. Але тут усё залежыць ад таго, буду я патрэбны ці не”.

Супрацоўнік Беларускай фэдэрацыі біятлёну, які пажадаў захаваць ананімнасьць, сказаў, што далейшы лёс Сашурына кіраўніцтва фэдэрацыі пакуль не абмяркоўвала. Аднак ён патлумачыў, што міжнародная антыдопінгавая канвэнцыя забараняе дзяржаўную ці грамадзкую фінансавую падтрымку спартоўцаў, дыскваліфікаваных за допінг. Таму Сашурын ня зможа трэніравацца ў складзе нацыянальнай каманды. Аднак яму не забаронена трэніравацца самастойна з уласнымі трэнэрамі, у тым ліку на біятлённых трасах і ў трэнажорных залях спартовага комплексу “Раўбічы”.

(Супрацоўнік фэдэрацыі: ) “Я ня думаю, што нехта будзе ставіць пытаньне, каб ён за гэта плаціў. Выйшаў на трасу — ну і бегай, трэніруйся. Калі каманды прыяжджаюць, яны цэнтралізавана аплачваюць. А калі чалавек прыехаў зь Менску, хлопчык нейкі ці нехта яшчэ, яго ж за руку не хапаюць, не крычаць: стой, аддай грошы! Таму я думаю, што ніхто Сашурына лавіць там ня будзе. Наадварот, калі спатрэбіцца нейкая парада, то напэўна і падкажуць, і, калі трэба, падстрахуюць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG