Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ХОЧАШ ВУЧЫЦЦА ПА-БЕЛАРУСКУ — ДАМОЎСЯ ЗЬ СЯБРАМ


Валянціна Аксак, Менск

Штогод на кожным факультэце сталічнага мэдунівэрсытэту знаходзіцца некалькі студэнтаў, якія жадаюць навучацца абранай прафэсіі па-беларуску. І штогод рэктарат адказвае ім, што двух, трох ці пяці чалавек недастаткова, каб стварыць на факультэце беларускамоўную акадэмічную групу. Сёлета лік студэнтаў, якія пасьлядоўна дамагаюцца рэалізацыі свайго права на навучаньне на роднай мове, істотна павялічыўся.

Вось што распавяла нам студэнтка другога курсу лекавага факультэту Настасься Карцэль:

(Карцэль: ) “Нас сабралася ўвогуле 18 чалавек. Мы падалі заявы ў дэканат і магло так стацца, што мы б ужо з пачатку другога курсу займаліся на беларускай мове. Але некаторыя людзі з тых, хто запісаліся, пачалі адмаўляцца. Карацей кажучы, засталося нас дзевяць чалавек, але потым запісалася яшчэ адна дзяўчына і цяпер нас дзесяць…”

Заявы з просьбай перавесьці іх у адну акадэмічную групу зь беларускамоўным навучаньнем гэтыя студэнты напісалі яшчэ 29 красавіка. Але некаторыя зь іх на пачатку новага навучальнага году адмовіліся ад ранейшае просьбы. Таму, паводле Настасьсі Карцэль, дэканат запатрабаваў ад астатніх пацьвярджэньня ранейшых намераў. І цяпер ужо іхная просьба можа быць задаволеная з новага сэмэстру. Хаця дэкан лекавага факультэту Леанід Каскевіч адназначна на гэты конт сёньня ня выказаўся.

(Каскевіч: ) “Я думаю, што калі зараз ёсьць такія студэнты на другім курсе, то зь верасьня мы правядзем адпаведную працу з тымі, хто паступіць, і пачнем выкладаньне па-беларуску зь першага курсу. Таму што, калі пачынаць з другім курсам, то, на жаль, даводзіцца шмат што ламаць: ужо сфармаваныя групы, студэнты пасябравалі і ня хочуць пераходзіць у іншую групу, узьнікаюць чыста чалавечыя праблемы… Шукаем зараз варыянты, каб нікога не пакрыўдзіць, і ў той жа час каб ахвотныя вучыцца па-беларуску вучыліся”.

Што ж да іншых праблемаў зь пераводам групы другакурсьнікаў на беларускую мову навучаньня, то спадар Каскевіч сказаў, што іх не існуе, бо ў сярэдзіне дзевяностых гадоў выкладаньне некаторых мэдычных дысцыплінаў па-беларуску ўжо вялося. Тое ж пацьвердзіў нам і прарэктар унівэрсытэту па вучэбнай і выхаваўчай працы Ўладзімер Манулік:

(Манулік: ) “На кожнай катэдры ёсьць, прынамсі, па адным беларускамоўным выкладчыку, бо мы ўжо гэта праходзілі. Гэта для нас ня новая справа. У 1996–97 годзе мы выпусьцілі дзьве групы дактароў, цалкам вывучыўшы іх на беларускай мове”.

Узьніклую ж канкрэтную праблему на другім курсе лекавага факультэту, па словах спадара Мануліка, мусяць вырашыць самі студэнты.

(Манулік: ) “Тыя, якія расейскамоўныя ў гэтай групе, яны ня хочуць ісьці ў іншую. А беларускамоўныя згодныя прыйсьці зь іншых групаў. І вось калі яны дамовяцца між сабою, як перайсьці з аднае групы ў другую, яны змогуць атрымаць выкладаньне на беларускай мове ў любы час”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG