Толькі адзінкі сярод мах сёньняшніх выпадковых суразмоўцаў ня чулі, альбо не маглі сказаць нічога пэўнага пра абмежаваньні паставак расейскага газу ў Беларусь. Бальшыня мінакоў перакананая, што гэта палітычны і эканамічны ціск расейскага кіраўніцтва на Аляксандра Лукашэнку.
(Спадар: ) “Маё стаўленьне да скарачэньня паставак газу? Я думаю, што гэта будзе ўрокам для Беларусі. Бо паколькі мы ўжо павярнуліся да Захаду самі ведаеце чым, а цяпер Расея робіць такія крокі, то ёсьць над чым задумацца”.
(Спадарыня: ) “Я не разумею, як можна гэтак ставіцца да братэрскага народу: мы быццам зь імі разам, а яны нам такія перашкоды чыняць. Для чаго гэта ўсё робіцца?”
(Спадар: ) “Не цікаўлюся гэтым. Будзе газ, ня будзе газу — я жыву адным днём. Гэтым займаюцца “вярхушкі”, ім відней”.
(Спадарыня: ) “Я думаю, што тут нейкая палітычная інтрыга ёсьць. Але калі ўрэшце Беларусь хоча стаць вольнай незалежнай краінай, то за ўсё трэба плаціць па эўрапейскіх рахунках. Мусім выбіраць свой шлях самі”.
(Спадар: ) “Не магу нічога сказаць. Думаю, што трэба з Пуціным сябраваць”.
(Спадарыня: ) “Думаю, што гэта нейкі палітычны ціск”.
(Спадар: ) “З Расеяй ня варта зьвязвацца, каб на будучыню ня быць пад яе пятой. Я супраць гэтага. Беларусь павінная быць незалежнай дзяржавай і сваімі сіламі ўсё гэта вырашаць”.
Менчукі кажуць, што пакуль ніяк не рыхтуюцца да магчымых наступстваў скарачэньня паставак расейскага газу. Аднак усе без выключэньня ўпэўненыя, што зьніжэньня жыцьцёвага ўзроўню не пазьбегнуць, і найперш яго адчуюць шараговыя грамадзяне Беларусі.
(Спадарыня: ) “Дровы не нарыхтоўваю пакуль што, але прымус нейкі пэўна трэба будзе мець. Для шараговых беларусаў могуць быць вельмі непрыемныя наступствы, бо ўсё гэта зьвязана з побытам і камунальнымі паслугамі: эканоміка — гэта ж ня жарты”.
(Спадар: ) “Не заўсёды так бывае, каб нейкую суму можна было адкласьці абагравальнікі набыць ці яшчэ што. Вось так па зярнятку ўсе гэтыя нэгатыўныя наступствы ў эканоміцы абавязкова ўплываюць на кожнага чалавека”.
(Спадар: ) “У мяне ёсьць лецішча. Побач лес. Паеду, буду печ паліць”.
(Спадар: ) “Як паўплывае? Звычайна: падымуцца кошты, бо самі разумееце, у якім эканамічным становішчы краіна. Хутчэй за ўсё гэта балюча ўдарыць па насельніцтву”.
(Спадар: ) “Будзем выкручвацца як-небудзь. Зямлянкі капаць. Я ведаю, што чалавек можа знайсьці выйсьце зь любога становішча”.
(Спадарыня: ) “Усё гэта паўплывае ў асноўным на простых людзей. Аднекуль жа грошы трэба будзе браць. Адкуль? У простага народу: пэнсіі ня будуць падвышаць, заробкі затрымліваць”.
(Спадар: ) “Усё гэта моцна адчуваецца на сямейным бюджэце, а газ – гэта адзін з найвялікшых фактараў для Беларусі. Але тут павінны быць кампраміс, бо Беларусь – гэта самастойная дзяржава ў цэнтры Эўропы, і мы не павінныя стаяць з працягнутай рукой, а выстаўляць свае патрабаваньні той жа Расеі”.