На Дзяды душы продкаў прыходзяць у наш сьвет, каб паглядзець, як шануюць іхную памяць, як зьберагаюць спадчыну, трымаюцца традыцыяў ды ў чым выяўляюць сябе.
У такі адказны дзень уся сям’я мусіла сесьці за супольны багата застаўлены стол, на якім абавязкова павінны былі стаяць улюбёныя стравы не забытых памерлых.
У асобную міску адкладалі для дзядоў “кожнай стравы патроху”, а таксама налівалі ім чарку. Гаспадар запальваў сьвечку, клікаў дзядоў на вячэру, пасьля чаго прысутныя добрым словам ўспаміналі навечна адсутных у гэтым сьвеце.
Звычайна на ноч стала не прыбіралі, каб душы дзядоў маглі пачаставацца і паспрыяць нам у нашых справах.
Беларусы заўсёды адзначалі некалькі дзядоў на год: зімовыя (Масьленыя), веснавыя (Радаўніца), летнія (на Тройцу) і восеньскія (Зьмітроўскія, альбо Асяніны). Апошнія лічыліся галоўнымі.
Пры канцы мінулага стагодзьдзя (у 1991 годзе) савецкая ўлада, перад самым распадам Савецкага Саюзу, надала Дзядам палітычную афарбоўку. Тады беларускія ўлады паспрабавалі разагнаць арганізаванае маладое беларускай дэмакратыяй масавае шэсьце людзей да магілаў сваіх славутых суайчыньнікаў на Ўсходніх (Маскоўскіх) могілках беларускай сталіцы.