Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЯДЫ НА ПОЛАЧЧЫНЕ


Вінцэсь Мудроў, Полацак

Крыж у памяць ахвяраў тэрору быў усталяваны 10 гадоў таму ля Бельчыцкіх могілак. Напачатку ён быў драўляны, і мясцовыя вандалы двойчы яго ламалі. Цяпер крыж жалезны, і ля яго штогоду на Дзяды з ініцыятывы полацкай арганізацыі БНФ і грэка-каталіцкай грамады ладзяцца жалобныя ўрачыстасьці.

Сёньняшнюю ўрачыстасьць адчыніў полацкі гісторык Міхась Баўтовіч, які распавёў пра тое, як бальшавіцкія каты зьнішчалі вязьняў турмы НКВД, якая месьцілася ў мурах бэрнардынскага кляштару. Паводле сьведчаньня гісторыка, месца пахаваньня ахвяраў рэжыму дагэтуль ня знойдзенае. Сп. Баўтовіч заўважыў, што калі ўва Ўкраіне і Расеі гісторыкі маюць магчымасьць карыстацца архівамі і знаходзіць месцы таемных пахаваньняў, дык у нас складаць Чорную кнігу бальшавіцкіх злачынстваў і дагэтуль забаронена.

Да прысутных зьвярнуўся таксама магістар тэалёгіі айцец Андрэй, які казаў пра неабходнасьць духовага адраджэньня нацыі, а затым сьвятар полацкай грэка-каталіцкай царквы Сьвятой Параскевы айцец Кліменці зладзіў у памяць бязьвінна забітых задушную адправу. Пры канцы жалобнай урачыстасьці яе ўдзельнікі, з запаленымі васкоўкамі ў руках, прасьпявалі беларускі гімн “Магутны Божа”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG