Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖАЛОБНАЕ ШЭСЬЦЕ Ў КУРАПАТЫ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Менскія ўлады дазволі прадстаўнікам КХП БНФ арганізаваць на Дзяды шэсьце ад будынку Менскага гадзіньнікавага заводу да Курапатаў. Сёньня раніцай там сабралася каля 500 чалавек зь бел-чырвона-белымі сьцягамі й транспарантамі: "Памятайма пра ахвяры расейскага тэрору!", "Курапаты – беларускі народны мэмарыял", "Ушануйма ахвяраў Курапатаў!" ды іншымі.

Гаворыць выканаўца абавязкаў старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ у Беларусі Юрась Беленькі:

(Беленькі: ) “Людзі зьбіраюцца на гэтым месцы, прынамсі, ужо гадоў зь пяць, і сёньня мы пройдзем нашым традыцыйным маршрутам на Курапаты. Гэта сьведчыць пра тое, што ўсё ж такі ў нашым грамадзтве, у нашай нацыі ёсьць тая сіла, ёсьць той стрыжань, які мацуе нацыю. Гэта гаворыць пра тое, што ў нацыі ёсьць будучыня”.

Да сябраў КХП БНФ таксама далучыліся актывісты Маладога Фронту й руху "Зубр". Гаворыць лідэр маладафронтаўцаў Павал Севярынец:

(Севярынец: ) “Гэта ня толькі Дзень памяці продкаў, гэта дзень тае памяці, якая аказалася занядбанай у Беларусі. Менавіта таму абавязак кожнага сумленнага беларуса, кожнага сьвядомага беларуса – прыйсьці на Дзяды і згадаць пра тое, што было трагічнае ў беларускай гісторыі”.

А вось што сказаў адзін зь лідэраў "Зубра" Яўген Афнагель:

(Афнагель: ) “Сёньня дзень, калі павінна яднацца ўся нацыя – Дзень памяці продкаў. І таму мы лічым, што ўсе палітычныя рухі, усе палітычныя партыі павінны ў гэты дзень разам ісьці да месца нашай нацыянальнай трагедыі, у Курапаты. Тым больш, што Курапаты – гэта тое месца, адкуль пачаўся антыкамуністычны супраціў у свой час, і тое месца, якое зьяднала людзей, якія змагаліся з таталітарнай камуністычнай сыстэмай”.

А палове дванаццатай калёна з жалобнымі песьнямі рушыла ў бок Курапатаў. Шэсьце суправаджаў вялікі эскорт міліцыянтаў. Удзельнікі шэсьця несьлі вялікія драўляныя крыжы, якія стануць часткай народнага курапацкага мэмарыялу. На адным з гэтых крыжоў быў даволі цікавы надпіс: "Усім палеглым за Бога й Айчыну ў Курапатах ад каталікоў места Талачын і Манархічнай лігі Вялікага Княства Літоўскага". Гаворыць адзін з актывістаў гэтай лігі Алесь Стральцоў:

(Стральцоў: ) “Гэта каталіцкі крыж, і яго нясуць каталікі з розных рэгіёнаў нашай краіны, ну і таксама група людзей, якая прытрымліваецца манархічных поглядаў, гэта значыць, мы хацелі б, каб Вялікае княства ў рэчаіснасьці было адноўленае”.

Усе апытаныя ўдзельнікі шэсьця казалі пра важнасьць для іх дня памяці продкаў. Гаворыць Вячаслаў Сіўчык:

(Сіўчык: ) “Дзяды для мяне ёсьць Днём памяці продкаў. Я ніколі не забудуся, што ў лепшыя часы гэта было дзяржаўнае сьвята. На вялікі жаль, Аляксандар Лукашэнка забараніў Дзяды, але я думаю, што для ўсіх беларускіх патрыётаў гэта сьвяты дзень, бо змаганьне за Беларусь – яно пачынаецца з таго, што мусіць быць памяць аб нашых продках, тых людзях, якія жылі на гэтай зямлі”.

Мінакі, што назіралі за рухам калёны, гаварылі, што шануюць сваіх продкаў і падтрымліваюць удзельнікаў шэсьця:

(Жанчына: ) “Я вось толькі што еду з могілак. Кожны раз, заўсёды памінаю... Бывала і ў Курапатах, але сёньня проста здароўе не дазваляе, так бы разам зь імі пайўла ў Курапаты”.

(Мужчына: ) “Я заўсёды памінаю продкаў, у мяне ўжо бацька і маці памёрлі... Усіх падтрымліваю, каторыя ідуць – гэта сумленна ідуць людзі”.

На рагу праспэкта Скарыны з вуліцай Каліноўскага да ўдзельнікаў шэсьця далучылася яшчэ каля 100 чалавек на чале з мастаком Аляксеем Марачкіным, які адмыслова да сёньняшняга дня зрабіў каплічку з абразам Маці Божай Курапацкай усіх нявінна растраляных. Як толькі людзі збочылі з праспэкту, сьледам за імі праехаў картэж Аляксандра Лукашэнкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG