У пасьляваенныя гады зараз 81-гадовы Юры Карпаў быў камісарам НКВД ў эстонскім раёне Гар’ю. Ён абвінавачваўся ў злачынствах супраць чалавечнасьці, дакладней, у тым, што ў сакавіку 1949-га году ён удзельнічаў у дэпартацыі 41 жыхара з мясцовасьцяў Рапла, Коўэ і Гарку ў раёне Гар’ю ў Сыбір. Паводле суду, Карпаў асабіста ідэнтыфікаваў прызначаных да высылкі, арыштоўваў іх і затым дастаўляў іх на чыгуначную станцыю Кэйла.
Суд палічыў былога энкавэдыста вінаватым і прысудзіў яго да 8 гадоў турэмнага зьняволеньня ўмоўна. Карпаў таксама павінен заплаціць штраф ў памеры 236 эўра.
Вось як пракамэнтаваў гэты прысуд аналітык эстонскай службы Радыё Свабода Март Лінарт:
(Лінарт: ) “Юры Карпаў быў асуджаны за злачынствы супраць чалавечнасьці, за удзел у дэпартацыях гэтак званых “кулакоў”, але прысуд быў вынесены ўмоўна. Гэта значыць, што Карпаў ня пойдзе ў турму, калі цягам трох гадоў ён ня зьдзейсьніць іншага злачынства.
Варта адзначыць такую вось акалічнасьць. У судзе яго бараніў маскоўскі адвакат Вахтанг Фёдараў. Ён, як і іншыя адвакаты ў падобных справах, быў аплачаны расейскім урадам пры пасярэдніцтве расейскай амбасады ў Таліне. Расея цьвердзіць, што гэты ды ранейшыя суды – палітычна матываваныя, накіраваныя супраць расейцаў. Аднак трэба памятаць, што раней былі асуджаныя за такія ж злачынствы тры іншыя чалавекі: супрацоўнікі НКВД. Першы зь іх быў этнічным эстонцам, а другі габрэям. Такім чынам, нельга сказаць, што прысуды выносяцца паводле нацыянальнай прыкметы. Факт, што суд пакараў Карпава ўмоўна, сьведчыць аб тым, што для суду гэта справа прынцыпу: асудзіць сам удзел у злачынных дэпартацыях 1941-49 гадоў як злачынства супраць чалавечнасьці, але ня помсьціць старому 80-гадоваму чалавеку”.
Дарэчы, расейскі адвакат настойваў на тым, што ў дзеяньнях ягонага кліента не было складу злачынства і няма ніякіх доказаў ягонай віны. Сьведкі – ахвяры дэпартыцыі, якія ў той час былі няпоўнагадовымі, запомнілі саму высылку, але не пазналі Юрыя Карпава. Талінскі суд улічыў у гэтай справе таксама зьмякчальныя акалічнасьці: тое, што ўдзел ў дэпартацыях належаў да ягоных абавязкаў як супрацоўніка НКВД. Сам Юры Карпаў у сваім апошнім слове заявіў, што ён ніколі не займаўся такімі другараднымі рэчамі, як дэпартацыя гэтак званых “кулакоў” у Сыбір. Маўляў, ён займаўся нашмат важнейшай задачай: выяўленьнем шпіёнаў ды іншых падазроных людзей без савецкіх дакумэнтаў. Карпаў сказаў, што дэпартацыя ў сакавіку 1949 году праводзілася бяз розгаласу і што ён ня меў доступу да сакрэтаў гэтай апэрацыі. Ён адзначыў, што ня ведае, якім чынам на дакумэнтах аб высылцы з вакзалу Кэйла знаходзіцца ягоны подпіс, паколькі ён ніколі там ня быў.
Дэпартаваных у канцы 1940-х гадоў эстонцаў накіроўвалі ў раён Навасыбірску і Краснаярску. Агулам толькі ў сакавіку 1949 году ў аддаленыя пункты ў Сыбіры былі высланыя 20700 эстонцаў, пераважна гэтак званых “кулакоў і буржуяў”. Тыя, што перажылі ссылку, атрымалі дазвол вярнуцца на Радзіму толькі ў 1958 годзе.