Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЫЛЫ АМБАСАДАР ПОЛЬШЧЫ Ў БЕЛАРУСІ МАРЫЮШ МАШКЕВІЧ ПРЫЕХАЎ У МЕНСК


Уладзімер Глод, Менск

Былы амбасадар Польшчы ў Беларусі Марыюш Машкевіч цяпер зьяўляецца адным з кіраўнікоў польскага фонду “Ведаць — як”, які актыўна працуе зь беларускімі прадпрымальнікамі.

(Машкевіч: ) “Пасьля вяртаньня зь Беларусі я меў размову зь міністрам замежных справаў Цімашэвічам. Ён прапанаваў разгледзець адзін праект, сутнасьць якога наступная — невялікія польскія прадпрыемствы прымаюць стажораў зь Беларусі, Расеі, Украіны, моладзь з усходу. Іх будуць вучыць, як стаць на ногі, як распачаць сваю справу. Дзеля гэтага Міністэрства замежных справаў Польшчы заснавала адмысловы фонд пад назовам “Ведаць — як”. Наш праект адкрываецца афіцыйна дзьвюма канфэрэнцыямі: першая пройдзе ў сярэдзіне літапада ў Ольштыне, другая пры канцы месяца ў Друскінінкаі”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Машкевіч, цяпер многа кажуць пра тое, што менавіта Эўразьвяз, куды хутка ўвойдзе і Польшча, будзе актыўна ціснуць на беларускі рэжым у пляне выкананьня ім агульнапрынятых нормаў і стандартаў дэмакратыі. Як гэта паўплывае на працу вашага фонду?”

(Машкевіч: ) “Гэта ёсьць галоўная праблема Эўразьвязу, пачынаючы з 1997 году. Там да гэтага часу вырашаюць, якія інструмэнты ўжываць у размовах зь Менскам, каб яны далі нейкі эфэкт, вынік. На жаль, эканамічныя сувязі паміж Эўропай і Беларусьсю вельмі слабыя. На пачатку кастрычніка я быў у Брусэлі, у Эўракамісіі, дзе мяне распытвалі пра сытуацыю ў Беларусі. І я там таксама падаваў некалькі праектаў. Там зараз шмат над гэтым працуюць.

У наступным годзе такія праекты будць абмяркоўвацца з уладамі і недзяржаўнымі арганізацыямі. Мы рыхтуемся да таго, каб граць большую ролю у Эўразьвязе і ў адносінах з нашымі найбліжэйшымі ўсходнімі суседзямі. Наш фонд і будзе адным з такіх інструмэнтаў”.

Я спытаўся польскага дыплямата, як ён ацэньвае папярэджаньні беларускіх ўладаў пра нэгатыўныя наступствы, зь якімі нібыта давядзецца сутыкнуцца тым краінам, якія жадаюць стаць сябрамі Эўразьвязу. Маўляў, Польшча, Літва, Латвія пацерпяць істотныя страты ў гандлі зь Беларусьсю.

Напрыклад, намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Аляксандар Міхневіч прыводзіў такі прыклад. Польшча купляе калійных угнаеньняў на 60 мільёнаў даляраў штогод. Пасьля ўступленьня ў Эўразьвяз яна вымушаная будзе набываць тыя ж угнаеньні на Захадзе, па больш высокіх коштах.

Спадар Машкевіч ня лічыць гэтую праблему настолькі сур’ёзнай, каб Польшча празь яе адмовілася ад далучэньня да Эўразьвязу.

(Машкевіч: ) “Я лічу, што цэны на міжнародным рынку выраўняліся. І гэта ня ёсьць для Польшчы такой вялікай праблемай. Тое ж самае з нафтай і газам. Мы купляем газ па міжнародных цэнах — ня так, як Беларусь”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG