Міністар жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі Аляксандар Мількота паведаміў сёньня, што ў праект закону аб дзяржаўным бюджэце на 2003 год унесеная прапанова падвысіць аплату камунальных паслугаў для насельніцтва з 40 да 50% ад узроўню іх сабекошту.
Ужо цяпер камунальныя плацяжы за стандартную трохпакаёвую кватэру складаюць каля 60 тысяч на месяц. Такім чынам, у новым годзе яны могуць падвысіцца да 75 тысяч. А “добразабясьпечаныя грамадзяне”, як зазначаў міністар фінансаў Беларусі Мікалай Корбут, будуць плаціць усе 100% сабекошту камунальных паслугаў — гэта значыць, каля 150 тысяч за стандартную трохпакаёвую кватэру. Пакуль невядома, якім будзе парог гэтай добразабясьпечанасьці, якія мэтодыкі будуць прымяняцца. Магчыма, што гэта застанецца пакуль пажаданьнем міністра фінансаў.
Тым ня менш, афіцыйна прызнаецца, што ў Беларусі цяпер самыя танныя камунальныя паслугі ў рэгіёне, і ўрадавы курс на іх поўную аплату насельніцтвам нязьменны. Гаворыць міністар жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандар Мількота:
(Мількота: ) “Дзяржава бярэ на сябе роўна столькі, колькі можа ўзяць. Утрыманства, якое ў нас было раней і было нам уласьцівае, цяпер яго ўжо ня будзе”.
Але і пры цяперашніх параўнальна нізкіх коштах камунальных паслуг шмат грамадзянаў ня здольныя іх аплаціць. На сёньня запазычанасьць камунальнікам ад насельніцтва складае 13,4%. Барацьба зь няплатнікамі вядзецца шляхам судовых працэсаў, апісаньня маёмасьці і перасяленьня ў меншыя і горшыя кватэры, але збольшага гэтыя захады робяцца, каб запалохаць астатніх.
Міністар жытловай гаспадаркі адмаўляецца гаварыць пра неабходнасьць рэфармавання сваёй галіны, замяняючы яго “паступальнай працай”.
Незалежны эканаміст Яраслаў Раманчук лічыць, што гэта тупіковы шлях:
(Раманчук: ) “Мэханічнае нарошчваньне цэнаў ніколі не прывядзе да стабілізацыі жыльлёва-камунальнага сэктару, таму што праблемы ў гэтым сэктары зьвязаныя ня столькі з цэнамі, колькі зь якасьцю кіраваньня ўсёй эканомікай. На мой погляд, да той пары, пакуль ня будзе міністэрства прымаць канцэпцыю жыльлёва-камунальнай рэформы, якая прадугледжвае стварэньне канкурэнтнага рынку ў гэтым сэктары эканомікі, да той пары насельніцтва ня будзе ведаць, за што і колькі яно плаціць”.
Яраслаў Раманчук адзначае, што ў камунальных тарыфах няма празрыстасьці, бо туды закладваюцца і невытворчыя затраты, і ўтрыманьне бюракратычных структураў. Напрыклад, у тарыфе на ацяпленьне кошт паліва складае толькі 25–30%.