Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАЎТРА — ДЗЕНЬ ПАМЯЦІ ПРОДКАЎ ДЗЯДЫ


Ганна Соўсь, Менск

Сёньня я наведала Курапаты, каб паглядзець, як выглядае ўрочышча напярэдадні Дзядоў. На пляцоўцы ля Крыжа “Пакутнікам Беларусі” шпарка працавалі некалькі дзясяткаў будаўнікоў — засыпалі шчэбнем канаву, якую выкапалі некалькі дзён таму. Гаворыць прараб Хведар Шпак:

(Шпак: ) “Каб труба прапусьціла пэўную колькасьць вады пад дарогай, неабходна даць ёй нейкі сьцёк. Таму мы й робім фільтар для спуску вады”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы ведаеце, што заўтра Дзяды, і сюды вельмі шмат людзей прыйдзе. Як будзе выглядаць гэтая пляцоўка?”

(Шпак: ) “Мы павінныя гэта ўсё сплянаваць такім чынам, каб прапусьціць сюды людзей годна — каб яны выйшлі непасрэдна з тунэлю і маглі тут нармальна прыйсьці і разьмесьціцца”.

Паводле прараба Хведара Шпака, пляцоўку ля Крыжа “Пакутнікам Беларусі” сёньня будуць падсыпаць жвірам.

У Курапатах я засьпела мастака Аляксея Марачкіна. Разам з актывістамі партыі БНФ Уладзімерам Кішкурнам і Сяргеем Міхновым, а таксама навуковай кіраўніцай курапацкага мэмарыялу Маяй Кляшторнай ён рыхтаваў ля галоўнага крыжа месца, дзе заўтра будзе ўсталяваная крыж-капліца з абразом Маці Божай Курапацкай усіх нявінна расстраляных.

Нагадаю, што заўтра Партыя БНФ разам з суполкай мастакоў “Пагоня” ладзяць шэсьце і мітынг у Курапатах. Збор удзельнікаў а 12-й гадзіне ля станцыі мэтро “Ўсход”. Сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ зьбіраюцца на гадзіну раней — аб 11-й на бульвары Талбухіна ля гадзіньнікавага заводу. Аляксей Марачкін мяркуе, што маршруты — не галоўнае, важна, каб людзі прыйшлі ў Курапаты.

(Марачкін: ) “Людзі будуць сьцякацца, як тыя ручаіны да гэтага ахвярнага месца. Мы хочам пайсьці ад Маскоўскіх могілак (гэта станцыя мэтро “Ўсход”). Сёлета гэта своеасаблівы юбілей — 15 разоў ад таго 30 кастрычніка 1988 году, калі нас труцілі газам. Хочам наведаць на Маскоўскіх могілках магілы Ўладзімера Караткевіча і Міхася Ткачова, каб гэта было годна. І далей несьці крыж-капліцу з абразом Маці Божай Курапацкай усіх нявінна расстраляных. Рэпрадукцыя абраза будзе знаходзіцца ў капліцы. А сам арыгінал будзе заўтра асьвечаны а 14-й гадзіне, і мы перададзім яго ва ўніяцкі храм”.

Старшыня Менскай гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ Уладзімер Кішкурна не выключае, што па дарозе ў Курапаты калёны сябраў і прыхільнікаў іхнай партыі й актывістаў КХП БНФ аб’яднаюцца ў адну.

(Кішкурна: ) “Я думаю, што гэта было б натуральна. Было б добра. Мы ніякіх перашкодаў ня бачым. Як яно тут атрымаецца. Колькі мы будзем ісьці, колькі яны. Пакуль мы тут усталюем адзін, другі крыж наверсе... Я думаю, час пройдзе, і будзе аднолькавы зь імі”.

Уладзімер Кішкурна дадае, што мітынг у Курапатах прызначаны на палову другой гадзіны.

Сёньня ж я зьвязалася з намесьнікам старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Юрасём Беленькім і распытала яго пра заўтрашнюю акцыю, якая распачнецца ля гадзіньнікавага заводу.

(Беленькі: ) “Гэта традыцыйнае месца збору ўдзельнікаў шэсьця на Курапаты апошніх гадоў. Маршрут таксама традыцыйны — гэта праспэкт Францыска Скарыны, паварот на вуліцу Каліноўскага, далей па вуліцах Карбышава, Сядых на Курапаты. Было афіцыйна заяўлена, што мітынг у Курапатах пачнецца а 15-й гадзіне”.

Актывісты КХП БНФ падрыхтавалі каля 20 крыжоў і пранясуць іх амаль дзесяць кілямэтраў у Курапаты, і потым усталююць на ямінах-магілах. Працягвае Юрась Беленькі:

(Беленькі: ) “Заяўленая колькасьць удзельнікаў — да 5 тысяч чалавек. Мы думаем, што дастаткова шмат прыйдзе людзей. Традыцыйна на шэсьце прыедуць людзі з усёй Беларусі. А тое, што на Курапаты прыйдуць іншыя людзі, то гэта добра. Хацелася б, каб паболей было людзей, якія б выйшлі ў гэты дзень ня толькі ў Менску, але й па ўсёй Беларусі”.

Варта дадаць, што абедзьве заўтрашнія акцыі дазволеныя Менгарвыканкамам. Кожнай калёне далі для шэсьця ходнікі і адну паласу праезнай часткі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG