Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“NEUE ZUERCHER ZEITUNG”: “ПРЫВАБНАСЬЦЬ ЖАХУ, АЛЬБО ЦІ МУСІЦЬ ЧАРНОБЫЛЬ СТАЦЬ АБ’ЕКТАМ ТУРЫЗМУ”


Ул. інф.

Паводле швайцарскага друку, падставай для падобных абмеркаваньняў стала сёлетняя справаздача ААН. Як лічаць экспэрты гэтае арганізацыі, дзеля таго, каб Чарнобыль не ператварыўся у зону забытага крызісу, а найбольш пацярпелыя раёны Беларусі, Украіны ды Расеі пазбавіліся ад хранічнай фінансавай залежнасьці, мэтазгодным ёсьць наладжваньне адмысловага экалягічна-навуковага турызму ў радыяцыйна забруджанай зоне. Паводле ініцыятараў праекту, пры пасьпяховай ягонай рэалізацыі Чарнобыль можа стаць сапраўдным кландайкам. Некаторыя ўкраінскія турыстычныя фірмы ўжо распрацавалі турыстычныя маршруты для замежнікаў, ў якія уключанае непасрэднае наведаньне самога рэактару, а таксама гораду Прыпяць. Украінскія выдавецтвы выпусьцілі з гэтае нагоды шэраг буклетаў, галоўным чынам, на замежных мовах.

Журналіст “NZZ” у сваім артыкуле “Прывабнасьць жаху” распавядае пра свае ўражаньні ад такой паездкі ў зону. Падарожжа пачынаецца дзесьці за сто кілямятэраў ад рэактару, на беларуска-ўкраінскай мяжы. Гэта сапраўды надзвычайная прырода, – піша аўтар, – цудоўныя бярозкі на пясчанай глебе, велізарныя, бязьмежныя зялёныя лугі. Бачна, як дзесьці там ў далечыні пасьвяцца каровы. Чым бліжэй да гэтак званай мёртвай зоны, тым больш жахліва. Цэлыя вёскі з пустымі, напаўзруйнаванымі хатамі. У некаторых зь іх убачыш адзінокіх старых – тых былых перасяленцаў, якія ўсё ж вырашылі вярнуцца паміраць у родныя мясьціны. Непасрэдна ля адзнакі, дзе пачынаецца 30-кілямэтровая мёртвая зона, турысты перасядаюць у іншы аўтобус. Мясцовая гід з гэтак званым “пэрманэнтам” на галаве вітае турыстаў: “Вітаем у Чарнобылі!”

“NZZ” прыводзіць рэакцыю на падобны турызм з боку незалежных эўрапейскіх экспэртаў. Прадстаўнік швайцарскага Greenpeace Штэфан Фуглістэр скептычна ставіцца да тых гарантыяў бясьпекі, якія абяцаюць турыстам распрацоўшчыкі будучых чарнобыльскіх маршрутаў. Спадар Фуглістэр не выключае самых нечаканых радыяцыйных сюрпрызаў, напрыклад таго, што нехта з падарожнікаў захоча ўзяць з сабой на ўспамін нейкі забруджаны сувэнір.

Адмысловец ў галіне радыяцыйнай мэдыцыны, мюнхенскі прафэсар Эдмунд Ленгфэльдэр, які кансультуе пацыентаў шэрагу беларускіх клінік, перакананы, што ініцыятары аанаўскага праекту хочуць стварыць уражаньне, што ў Чарнобыльскай зоне ўсё пад кантролем, што знаходжаньне там ня мае ніякай пагрозы для здароўя людзей... Насамрэч ўсясьветную грамадзкасьць падманваюць, – лічыць прафэсар.

Зразумела, сярод турыстаў заўсёды ёсьць авантурныя людзі, якія хочуць пагуляць зь небясьпекай. Часьцей за ўсё гэта датычыць тых, хто, адрозна ад шматлікіх рэальных ахвяраў катастрофы ў Беларусі ды Ўкраіне, не перажыў сапраўднага жаху, – піша “Neue Zuercher Zeitung”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG