Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАВЯРШЫЎСЯ ВІЗЫТ АЛЯКСАНДРА ЛУКАШЭНКІ Ў КРАІНЫ ПЭРСІДЗКАЙ ЗАТОКІ — БАХРЭЙН І КУВЭЙТ


Міхал Залескі, Менск

Афіцыйны замежны візыт кіраўніка дзяржавы — справа надзвычай дарагая і вымагае вялізных выдаткаў. Яны пачынаюцца з падрыхтоўкі сустрэчы, распрацоўкі дакумэнтаў, камандзіровак супрацоўнікаў МЗС, візытаў дыпляматаў, тэлефонных перамоваў. Гэтыя працэдуры цягнуцца многія месяцы, а часам і гады і каштуюць дзясяткі тысяч даляраў.

Сам візыт падвышае выдаткі разоў у дзесяць, і разьлік ідзе ўжо на сотні тысяч даляраў: эксплюатацыя самалёту і плата аэрапортам, ахова высокай асобы, жыцьцё ў найлепшых гатэлях, ды і ўтрыманьне ўсёй каманды, якая суправаджае прэзыдэнта ў паездцы.

Нехта скажа: “Без выдаткаў і прыбытку ня будзе”. Так, тым больш што замежнагандлёвы абарот Беларусі досыць вялікі — яна гандлюе са 121 краінай сьвету, у 85 прадае і ў 112 купляе.

Але вось у гэтай структуры новыя арабскія сябры неяк губляюцца. Бо 65% усяго Беларусь купляе ў Расеі і палову вырабленага туды вывозіць. Калі ж браць гандаль без Расеі і СНД, што дае траціну імпарту і куды ідзе блізка 45% экспарту, дык у ім уся Азія наагул складае толькі дзясятую частку. Прытым у той дзесяціне львіная доля належыць сталым партнэрам — Кітаю, Віетнаму, Турцыі ды Ірану.

Астатняе — гэта мізэрныя лічбы. З Кувэйтам тавараабарот летась склаў менш як два мільёны даляраў, з Бахрэйнам — яшчэ менш. Што казаць пра дробныя ўсходнія манархіі, калі Францыя, што замыкае тузін найбуйнейшых беларускіх замежнагандлёвых партнэраў, мае прыкладна 0,5% у экспарце і 1% у імпарце, гэта адпаведна трыццаць і семдзесят мільёнаў даляраў за год.

Дык можа, ён будзе расьці, дзеля таго што багатыя кувэйтцы купяць беларускія тавары? Верагоднасьць такіх пакупак нязначная. Рынак краін Пэрсідзкай затокі даўно падзеленыя буйнымі заходнімі вытворцамі. Гэта датычыць і шырспажыву, і абароннай прадукцыі.

Беларусі патрэбныя інвэстыцыі, якія прыняты па-царску Лукашэнка разьлічвае атрымаць з фонду арабскага разьвіцьця — найперш на падтрымку нафтаперапрацоўчых комплексаў, што цягнуцца да крызысу. Але ці атрымае? Былі ж перамовы і з расейцамі, і з арабамі — і што з таго? А канкрэтных дамоўленасьцяў няма і гэтым разам.

Людзі, незалежна ад веравызнаньня і колеру скуры, укладаюць вялікія грошы, маючы за мэту вялікі прыбытак. Гарантаваны прыбытак. І гарантыяй ёсьць стабільнасьць краіны, яе заканадаўства і палітычнага, у тым ліку і замежнаэканамічнага курсу, а не пажаданьні таго, хто кіруе краінай сваімі арыгінальнымі мэтадамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG