На сустрэчу, што адбылася за зачыненымі дзьвярыма, сабраліся прадстаўнікі сямі з васьмі партыяў, што ўваходзяць у Кансультацыйную раду. Без тлумачэньня прычынаў яе праігнаравалі толькі лібэральныя дэмакраты Сяргея Гайдукевіча.
З другой спробы (а першы раз падобнае паседжаньне прайшло тры тыдні таму) вырашаныя тры праблемы: сумеснае вылучэньне прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі, вызначэньне назіральнікаў і агітацыйныя кампаніі, якія пачнуцца адразу, як толькі афіцыйна будзе абвешчана дата выбараў. Яшчэ падчас першай сустрэчы дасягнутая дамова пра тое, што дэмакратычныя кандыдаты ня будуць у сваёй агітацыі ўжываць адзін супраць аднаго бруднага PR.
Больш складана было падзяліць выбарчыя акругі, каб у іх дэмакраты супрацьстаялі толькі кандыдатам ад улады, а не адзін другому. А варыянтаў перакрыжаваньня даволі шмат, паколькі на 55 менскіх акругаў Партыя БНФ хоча вылучыць каля 40 прэтэндэнтаў, АГП — каля 30. Ёсьць акругі, дзе патэнцыйных кандыдатаў ад дэмакратычнай плыні па тры–чатыры і нават больш.
Ці магчыма тут дамовіцца? Вось як адказвае на гэтае пытаньне ўдзельнік учорашняга закрытага паседжаньня, прадстаўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сяргей Альфер.
(Альфер: ) “Пачаліся абмеркаваньні кандыдатаў па акругах, двухбаковыя абмеркаваньні, паколькі агульныя бессэнсоўна. На ўзроўні гарадзкіх кіраўнікоў вызначана, дзе можна падзяліць акругі, і дамовіліся, што па тых акругах, дзе ёсьць пэўныя супярэчнасьці, будуць ісьці перамовы далей. На працягу тыдня гэтая праца будзе зробленая”.
А вось меркаваньне кіраўніка менскай філіі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (“Народная грамада”) Міхася Ганчарыка:
(Ганчарык: ) “Мне падалося, што ўсе партыі могуць дамовіцца пра падзел акругаў. Але ж падзяліць акругі — не галоўнае. Калі ў адной акрузе некалькі дэмакратычных кандыдатаў, гэта ж нядрэнна. Я лічу, што некалькі кандыдатаў змогуць запрасіць больш выбарцаў прыйсьці на выбары”.
Раней, дарэчы, плянавалася, што ў сталіцы Беларусі будзе абрана 52 дэпутаты. Але ў Маскоўскім, Фрунзенскім і Цэнтральным раёнах зьявілася па адной новай акрузе — гэта зьвязана з удакладненьнем колькасьці выбарцаў.