Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УСЯСЬВЕТНЫЯ МЭДЫІ ПРАЦЯГВАЮЦЬ АНАЛІЗАВАЦЬ ПАДЗЕІ Ў МАСКВЕ


Алесь Грыневіч, Прага

Адна з высноваў, якая паўтараецца ў шэрагу мэдыяў – гэта тое, што расейскія ўлады дзейнічалі ў тыпова савецкай манэры. Французкая газэта “Le Monde” у сёньняшнім рэдакцыйным артыкуле піша, што для расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна відавочным прыярытэтам было не захаваць жыцьці закладнікаў, але прадэманстраваць непахіснасьць пазыцыяў Крамля. Газэта таксама крытыкуе адмову расейскіх уладаў паведаміць, які менавіта газ выкарыстоўваўся падчас апэрацыі. Гэта не дазволіла лекарам у шэрагу выпадкаў уратаваць людзям жыцьцё, піша “Le Monde”. Газэта называе прыкметамі “саветызму” у цяперашняй Расеі афіцыйную хлусьню, звышсакрэтнасьць і маніпуляцыі грамадзкай думкай.

З такімі ж ацэнкамі выступае і лёнданскі штодзёньнік “Times”. Журналіст Жыль Уітэл піша, што ўлады Расеі захавалі звычку да сакрэтнасьці і кантролю над інфармацыяй, атрымаўшы гэта ў спадчыну ад савецкага рэжыму, а той, у сваю чаргу, разьвіваў традыцыі тайнай паліцыі царскіх часоў.

Аналітык Алекс Ватанка ў штодзёньніку “Eurasia View” піша, што маскоўскі крызыс, відавочна, яшчэ болей узмацніў намеры расейскага прэзыдэнта Пуціна задушыць чачэнскі сэпаратызм. І нягледзячы на стомленасьць расейскай публікі вайной у Чачэніі, Пуцін наўрад ці пойдзе на перамовы, лічыць Ватанка.

А былы сьпікер расейскага парлямэнту і былы кіраўнік Рады бясьпекі Расеі Іван Рыбкін піша ў сёньняшнім нумары газэты “Wall Street Journal”, што міжнароднай супольнасьці, нягледзячы на апошнія падзеі, трэба адасобіць чачэнскі канфлікт ад вайны зь міжнародным тэрарызмам, бо гэта дзьве розныя зьявы. Рыбкін кажа, што пасьля тэрактаў у Злучаных Штатах 11 верасьня мінулага году супрацоўніцтва паміж ЗША і Расеяй стварыла ілюзію замежнай падтрымкі дзеяньняў Расеі ў Чачэніі. Былы расейскі сьпікер лічыць, што гэтая ілюзія падсілкоўвае “правальную” расейскую палітыку. Рыбкін піша, што 60% расейцаў, згодна з апытаньнямі, выступаюць за неадкладнае перамір’е і перамовы з чачэнскімі паўстанцамі. Прэзыдэнт Пуцін, аднак, ігнаруе гэтыя настроі. На думку Рыбкіна, Расеі трэба аднавіць перамовы з чачэнскім прэзыдэнтам Асланам Масхадавым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG