Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ ПРЫМУШАЮЦЬ ВЯРТАЦЬ ДЗЯЦЕЙ, ЯКІЯ ПАПРАЎЛЯЮЦЬ ЗДАРОЎЕ ЗА МЯЖОЙ


Галіна Абакунчык, Менск

Гаворка вядзецца пра семярых дзяцей-інвалідаў з Чэрвеньскага дому-інтэрнату, якія лекаваліся ў сем’ях ірляндцаў. Дырэктар установы факт прымусовага вяртаньня адмаўляе, а мясцовыя жыхары сьцьвярджаюць, што адміністрацыя хавае праўду пра знаходжаньне малых у сіроцкім доме.

Аўтары артыкула паведамляюць, што сем’і з розных гарадоў Ірляндыі, якія ўзялі на аздараўленьне семярых дзяцей з Чэрвеньскага дзіцячага дому, нечакана атрымалі ад дырэктара ліст, у якім амаль ва ўльтыматыўнай форме загадана вярнуць малых у Беларусь. Людзі, якія апякуюцца хворымі дзецьмі, кажуць, што яны ў шоку, бо ім нават не патлумачылі, чаму беларускія ўлады патрабуюць вярнуць іх выхаванцаў. Яны таксама хвалююцца за лёс малых, бо дзеці пачалі адчуваць сябе лепш, але аздараўленчы курс цяпер даводзіцца перапыняць.

Аднак дырэктар дзіцячага дому Віктар Лявоненка ў інтэрвію нашаму радыё заявіў, што ніхто гвалтам дзяцей не вяртаў. Гаворыць Віктар Лявоненка:

(Лявоненка: ) “Я ня ведаю, што там пішуць газэты ірляндзкія… Я ніякіх патрабаваньняў… Дзеці адбылі свой тэрмін і прыехалі”.

Чэрвеньскі дзіцячы дом збудаваны яшчэ ў 20-х гадах і разьлічаны на выхаваньне 250 дзяцей-сірот з хібамі псыхафізычнага разьвіцьця. Многія прыкутыя да ложкаў альбо інвалідных вазкоў. На пачатку 90-х сяброўства зь імі наладзілі валанцёры з дабрачынных грамадзкіх арганізацыяў Ірляндыі, якія й па сёньня засталіся ці не адзінымі ахвярадаўцамі, якія спрабуюць наладзіць іхны побыт ды бяруць дзяцей на аздараўленьне.

Але як выхаванцы дому жывуць у сапраўднасьці, адміністрацыя трымае ў сакрэце ад грамадзтва, і на тое ёсьць прычыны — кажа жыхарка Чэрвеня Вольга Назарук.

(Назарук: ) “Гэтыя дзеці знаходзяцца за высокай бэтоннай агароджай, там ёсьць прахадная, і ўвайсьці туды немагчыма. Ірляндцы ўкладалі грошы ў наш дзіцячы дом і адддавалі іх адміністрацыі. А калі прыяжджалі, то ня бачылі, на што скарыстаныя гэтыя грошы й пачалі самі глядзець дзяцей. Нашыя на іх даўно плюнулі”.

Намесьніца кіраўніка ўправы сацыяльнай абароны Менскай вобласьці Марыя Гарбацэвіч факт прымусовага вяртаньня дзяцей у Беларусь не хавае. А прычынай такога кроку ўладаў яна называе адсутнасьць заканадаўства аб аздараўленьні дзяцей за мяжой, што, зрэшты, не перашкаджала выяжджаць хворым дзецям цягам мінулых гадоў. Гаворыць Марыя Гарбацэвіч:

(Гарбацэвіч: ) “Закананадаўчай асновы для ўтрыманьня дзяцей за мяжой на сёньняшні дзень няма. Таму мы папрасілі іх вярнуцца. Мы павінныя ўсё пракантраляваць і надалей будзем працаваць паводле новага заканадаўства”.

Распрацоўку заканадаўства Міністэрства сацыяльнай абароны яшчэ нават не распачынала, а таму калі дзеці-сіроты змогуць вярнуцца да сваіх замежных апекуноў — невядома. Адна з удзельніц праекту з боку Ірляндыі ў інтэрвію газэце вяртаньне дзяцей пракамэнтавала так: “У Чэрвені нічога не падрыхтавана для вяртаньня дзяцей. Там сапраўднае пекла для тых, хто ня можа рухацца. Гэта жахліва”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG