Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛЬСКУ-ПАДЛЯСКІМ АДКРЫТЫ ПОМНІК БЕЛАРУСАМ, ЯКІХ РАССТРАЛЯЛІ ПОЛЬСКІЯ ПАРТЫЗАНЫ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Паводле старэйшых жыхароў Бельшчыны, у студзені 1946 году некалькі дзясяткаў тутэйшых фурманаў паехалі па дрэва ў лес, дзе іх затрымалі партызаны так званага Надзвычайнага атраду Адмысловай Акцыі Нацыянальнага Ваеннага згуртаваньня пад кіраўніцтвам капітана Рамуальда Райса па мянушцы “Буры”. Цягам пэўнага часу фурманаў выкарыстоўвалі ў якасьці транспартнай дапамогі, у тым ліку і ў часе карных захадаў супраць некалькіх беларускіх вёсак, дзе жаўнеры “Бурага” спалілі жыўцом дзясяткі беларусаў.

Пазьней польскія партызаны вылучылі сярод фурманаў усіх праваслаўных (іх было 30 чалавек) і расстралялі.

Агульную магілу знайшлі ў ваколіцы вёскі Старыя Пухалы толькі на пачатку 1990-х. У 1997 годзе парэшткі забітых былі перанесеныя на вайсковыя могілкі ў Бельску-Падляскім.

Амаль 5 гадоў сваякі загінулых, аб’яднаныя ў грамадзкі Камітэт будовы помніка, змагаліся за ягонае ўсталяваньне. Перадусім, спрэчкі выклікаў тэкст, які меў быць зьмешчаны на мэмарыяльнай табліцы. Паводле польскіх уладаў, на вайсковых могілках нельга ўшаноўваць памяць тых, хто на іх не пахаваны, а сябры Камітэту хацелі, каб тут былі пазначаныя і імёны спаленых вяскоўцаў.

У выніку кампрамісу было вырашана, што мэмарыяльная табліца будзе ўтрымліваць імёны 30-ці забітых фурманаў і толькі назвы спаленых вёсак.

У часе адкрыцьця помніка, які ўяўляе сабой амаль двухмэтровы курган з праваслаўным крыжом на версе, прысутныя, якіх было некалькі соцень, казалі, што шмат гадоў павінна было мінуць, каб польскае грамадзтва дасьпела да разуменьня неабходнасьці адкрыцьця ў сваёй гісторыі белых плямаў такога кшталту. “Гэты помнік мусіць навучыць нас талерантнасьці і павазе да іншых поглядаў. Кожны мае права жыць так, як хоча. Нельга забіваць адно аднаго толькі з-за рознага веравызнаньня”, – казалі выступоўцы.

Помнік асьвяціў кіраўнік польскай праваслаўнай царквы мітрапаліт Сава.

Сярод гісторыкаў няма згоды што да трагедыі 1946-га году на Бельшчыне. Адныя кажуць, што мэтай забойстваў была ліквідацыя на гэтых тэрыторыях камуністычнай агентуры, аднак не тлумачаць, чаму забілі менавіта фурманаў. Іншыя ўпэўненыя, што да злачынства спрычынілася шматгадовае нацыянальнае і рэлігійнае супрацьстаяньне паміж беларусамі-праваслаўнымі і палякамі-каталікамі і асабліва паваенныя намаганьні некаторых беларускіх сілаў далучыць тэрыторыі Бельскага павету да БССР. Аднак сваякі расстраляных упэўненыя, што прычынай злачынства было менавіта тое, што іхныя родныя зьяўляліся праваслаўнымі.

Высьвятленьнем дакладных прычынаў трагедыі дагэтуль займаецца адмысловая камісыя польскага Інстытуту Нацыянальнай Памяці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG