Ганна Анцілеўская працуе не ў Нямеччыне ці Партугаліі (што ёсьць ужо звыклым), а ў Эгіпце. Ад родных Баранавічаў яе аддзяляюць болей за чатыры тысячы кілямэтраў, прынцыповая рознасьць рэлігіяў, культураў, нораваў. Тым ня меней, сваім новым жыцьцём яна на гэты момант цалкам задаволеная.
Аксамітавы курортны сэзон у Эгіпце. Дзясяткі тысяч турыстаў з усяго сьвету сьпяшаюцца працягнуць сабе лета і адначасна дакрануцца да скарбаў найстаражытнейшай цывілізацыі. Пяцізоркавы гатэль “Роял Азур”, які лічыцца адным з найлепшых на ўзьбярэжжы Чырвонага мора, запоўнены пераважна немцамі і французамі. За стойкай рэцэпцыі — сымпатычная бляндынка, якая аднолькава лёгка размаўляе на ангельскай, францускай, нямецкай, арабскай мовах. Узяўшы ў рукі мой пашпарт, радасна ўскрыкнула: “Нарэшце беларус!”
(Анцілеўская: ) “Беларускіх турыстаў вельмі мала. На месяц бывае два–тры пакоі. Ня ведаю, чаму так: можа занадта для іх дорага. Затое поўна масквічоў. Што тычыцца беларусаў, якія тут працуюць, то ў мяне ёсьць дзьве знаёмыя ў Хургадзе, дзе яны таксама працуюць на reception. Расейкі прыяжджаюць пераважна танцаваць, але ў расейскіх шоў ніводнай беларускі я ня бачыла”.
Ганьне 21 год, нарадзілася ў Баранавічах, скончыла эканамічны каледж. Пакідала Беларусь збольшага з-за сямейных абставінаў. Працу, а яна лічыцца прэстыжнай — гатэль “пяць зорак, дэ люкс” — знайшла лёгка: прыгожая эўрапейская зьнешнасьць, веданьне моваў. Нечакана нават для сябе самой даволі хутка адаптавалася ў іншай культуры, працуючы пераважна сярод мужчынаў-арабаў. Жанчыны толькі на рэцэпцыі і толькі эўрапейкі. Ніякія вольнасьці з кліентамі гатэлю не дазваляюцца.
(Анцілеўская: ) “Краіна мяне вельмі моцна зьмяніла. У лепшы бок, мяркую. Нават гардэроб мой кардынальна зьмяніўся ў бок сьціпласьці. На пачатку было вельмі няпроста: спрэчкі, лаянкі. Але насамрэч да нас нашмат болей увагі, чым да арабскіх жонак. Вельмі ўважлівыя людзі, заўсёды гатовыя дапамагчы. Можа з-за рэлігіі, ня ведаю...”
Ганна не хавала ў часе размовы задаволенасьці сваёй матэрыяльнай незалежнасьцю. І тым ня меней, хоць гэта і ня вельмі карэктна было ў атмасфэры таго гатэлю, карцела запытацца канкрэтна:
(Анцілеўская: ) “Можаце запытаць... 250 даляраў — афіцыйны заробак. Гэта няшмат, але апроч гэтага ў мяне ёсьць “бакшыш”; я жыву тут, харчуюся, карыстаюся ўсімі паслугамі гатэлю: хаджу на пляж, маю “duty”, магу сядзець з гасьцямі — гэта тое, што арабам не дазволена. Таму ўсе грошы ідуць у банк (тут ёсьць надзейны амэрыканскі банк), я наяўных нават ня бачу. Заробак у нас большы, чым у арабаў. Бо мы, эрапейцы, кантактуем з замежнікамі, моваў у нас таксама больш”.
Ганна шмат распавядала пра побыт і культуру жыхароў Эгіпту. Яна з разуменьнем і павагай ставіцца да гэтага, зусім іншага сьвету. Пытаюся: а што ведаюць мясцовыя арабы пра такую краіну ў Эўропе, як Беларусь?
(Анцілеўская: ) “Краіна ў Эўропе? Ха-ха. Думаеце, гэта Эўропа? Прынамсі, арабаў яна абсалютна не цікавіць. Калі гаворыш, што зь Беларусі, зьдзіўлена пытаюцца: а што гэта такое? “Белая Расея?”— дзе гэта? Яны ведаюць прозьвішча Лукашэнка, ведаюць, як ён выглядае, але што ён там робіць — ніхто ня ведае. Гавораць больш пра Пуціна. Але адносна мяне зрабілі такія высновы: ага, раз адтуль прыехала — значыцца, жраць няма чаго”.
З сумам Ганна распавядала пра свае некалькі наведваньняў радзімы: пра хамства ў менскім аэрапорце, пра жабрацкае і аднастайна-ніякае жыцьцё сябровак у Баранавічах. Натуральна, яна сумуе па бацьках, тых самых сяброўках. Натуральна, задумваецца — а мо вярнуцца?
(Анцілеўская: ) “Ня ведаю, ці варта казаць... Калі жыцьцё будзе лепшае, натуральна, прыеду. Калі адчыняць гатэлі, мяне з добрай рэпутацыяй і вопытам возьмуць у 4–5 зоркавы гатэль у тым жа Менску. Я прыеду з задавальненьнем, бо там сям’я, сябры. А зараз там рабіць няма чаго: я раблю высновы па размовах зь сябрамі, што яны там маюць, якія грошы... Дзяўчаты працуюць па 16 гадзінаў на фабрыцы і ня могуць простыя туфлі купіць. Таму пакуль і не рызыкую”.
Праца ў Ганны нялёгкая, але яна трымаецца за яе, бо пакуль што — гэта ейнае “месца пад сонцам”. А затым настае ноч і неадольныя думкі...
(Анцілеўская: ) “І тады я думаю: што ж я тут раблю? Чаму я ня дома, не на Радзіме? Ня ведаю: кожнаму ўрэшце сваё, але я пакуль нармальна сябе пачуваю. У любым выпадку можна зьмяніць краіну на больш цывілізаваную. Прынамсі, ад’ехаць у Італію ці Гішпанію”.