Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“FRANKFURTER RUNDSCHAU”: “МАГУТНЫ ЦІСК ДЗЯРЖАВЫ НА НЕЗАЛЕЖНЫЯ СМІ ПРАЦЯГВАЕЦЦА”


Алена Панкратава, Менск

За выкананьне свайго прафэсійнага абавязку Віктар Івашкевіч заплаціў двума гадамі свабоды. У якім месцы краіны журналіста чакае гэтак званая выпраўленчая праца, галоўны рэдактар газэты “Рабочы” пакуль дакладна ня ведае. Вядома толькі, што дзе-небудзь у правінцыі.

Як піша карэспандэнт “Frankfurter Rundschau”, масіўны ціск на незалежныя мэдыі ў Беларусі працягваецца. Судовыя працэсы супраць тых журналістаў, у чыіх публікацыях можна ўбачыць вострую крытыку на адрас найвышэйшых службовых асобаў краіны, нагадваюць сапраўдную акцыю помсты з боку ўладаў.

У выпадку зь Івашкевічам беларуская юстыцыя знайшла абразу гонару прэзыдэнта Лукашэнкі ў тым нумары газэты “Рабочы”, які ўвогуле ня трапіў да чытачоў. Сам Віктар Івашкевіч у размове зь нямецкім журналістам тлумачыць гэтую зьяву так: “Калі для нашых шахцёраў прафэсійная дзейнасьць небясьпечная захворваньнямі на лёгкія, то для журналістаў — выпраўленчай працай”.

Раней, таксама за абразу гонару беларускага лідэра, пазбаўленьнем волі былі пакараныя два гарадзенскія журналісты Маркевіч і Мажэйка.

Паводле “Frankfurter Rundschau”, пасьля таго як маладая незалежная дзяржава апынулася пад кіраўніцтвам былога дырэктара саўгасу, сытуацыя ў галіне свабоды СМІ стала выклікаць сапраўдную трывогу. Нацыянальная тэлевізія, пачынаючы з 1994 году, становіцца поўнасьцю падкантрольнай прэзыдэнту.

Што да недзяржаўных выданьняў, то іхныя магчымасьці несьці чытачам аб’ектыўную інфармацыю з кожным годам усё больш абмяжоўваюцца. Нямецкае выданьне спасылаецца на апошнюю справаздачу міжнароднай арганізацыі “Рэпартэры бязь межаў”, у якой паведамляецца пра надзвычай складаную сытуацыю са свабодай прэсы ў Беларусі. Згодна з адмысловым індэксам “Рэпартэраў”, Беларусь знаходзіцца паміж 124-м і 139-м месцамі. Гэта найгоршая пазыцыя ў Эўропе.

Паводле “Frankfurter Rundschau”, наступ дзяржавы на прэсу, на жаль, не абмяжоўваецца толькі рэпрэсіямі супраць незалежных журналістаў. Распаўсюджаны таксама эканамічны ціск на недзяржаўныя выданьні.

Дзяржаўны манапаліст “Белпошта” рэгулярна падвышае для незалежных газэтаў тарыфы на дастаўку, рэдакцыі пастаянна наведваюць фінансавыя рэвізоры. Сёлета сваю дзейнасьць вымушаныя былі спыніць дзевяць незалежных выданьняў. Некаторых дзяржава пазбавіла ліцэнзіяў, некаторых абклала настолькі высокімі штрафамі, што самі рэдакцыі былі ня ў стане іх аплаціць.

Як піша “Frankfurter Rundschau”, выглядае, што праект свайго новага Закону аб СМІ Беларусь трымае ў сакрэце. Дакумэнт дагэтуль так і не накіраваны для абмеркаваньня ў Раду Эўропы ў Страсбур.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG