Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАДАЛА ДАКУМЭНТЫ НА РЭГІСТРАЦЫЮ ПЕРШАЯ ГРАМАДА БЕЛАРУСКАЙ АЎТАКЕФАЛЬНАЙ ПРАВАСЛАЎНАЙ ЦАРКВЫ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Першымі завезьлі дакумэнты на рэгістрацыю ў Бераставіцкі райвыканкам вернікі з пасёлка Пагранічны. Яны просяць узаконіць грамаду Сьвятой Эўфрасіньні Полацкай. Статут грамады зацьверджаны сходам вернікаў 6 кастрычніка. На наступны дзень яго зацьвердзіў першагіерарх Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы мітрапаліт Аляксандар. Гэта адбылося ў Гайлэнд-парку, у ЗША.

Вернікі выказваюць спадзяваньне, што ўлады паставяцца да іхнай заявы з пазыцый закону, а ня будуць спасылацца, напрыклад, на адсутнасьць у Беларусі рэлігійнага цэнтру аўтакефальнай царквы.

Два гады таму грамада ў Пагранічным спрабавала зарэгістравацца. Аднак улады адмовілі, спаслаўшыся на тое, што ў Беларусі ўжо існуе праваслаўная царква, і мець дзьве царквы — “нямэтазгодна”. Атрымаўшы адмову, сьвятар Іван Спасюк вырашыў дзейнічаць інакш і пачаў будаваць у Пагранічным царкву. Аднак улады разбурылі недабудаваны храм.

Заявы на рэгістрацыю падрыхтаваныя таксама грамадамі ў Сьвіслачы, у Мастах і ў Горадні. Дарэчы, копіі заяваў на рэгістрацыю — на ангельскай мове – вернікі перададуць у амэрыканскую амбасаду. Гаворыць гарадзенскі праваабаронца і адначасова сакратар Кансысторыі аўтакефальнай царквы Аляксандар Антанюк:

(Антанюк: ) “Мы ўсьведамляем, што гэтыя грамады ня будуць зарэгістраваныя. З прычыны таго, што ў Рэспубліцы Беларусь склалася нэгатыўная палітычная сытуацыя, калі вяршэннай уладамі прызнаецца Руская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату. Мы цудоўна разумеем, што гэтыя грамады рэгістрацыю ня пройдуць. Але нашая задача іншая”.

Аляксандар Антанюк зазначае, што Рэспубліка Беларусь зьяўляецца суб’ектам міжнароднага права і падпісала шэраг міжнародных дамоваў. У прыватнасьці, Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах. Яна абавязаная выконваць гэтыя міжнародныя дамоўленасьці. Гаворыць Аляксандар Антанюк:

(Антанюк: ) “Мы маем намер прайсьці ўсе судовыя інстанцыі і давесьці справу да Камітэту па правах чалавека. Я ўпэўнены, што дадзеная скарга будзе разгледжаная Камітэтам, і ў адносінах да РБ будуць вынесеныя пэўныя рэкамэндацыі. На сёньняшні дзень Рэспубліка Беларусь не выконвае такіх рэкамэндацыяў. Але мы робім зачын на будучыню. У выпадку зьмяненьня палітычнай сытуацыі, гэтыя рэкамэндацыі будуць улічаныя новым урадам Рэспублікі Беларусь”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG