Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЭДЫКІ ЛІЧАЦЬ, ШТО АХВЯРАЎ СПЭЦАПЭРАЦЫІ ФСБ У СПРАВЕ ВЫЗВАЛЕНЬНЯ ЗАКЛАДНІКАЎ МАГЛО БЫЦЬ ЗНАЧНА МЕНШ


Любоў Лунёва, Менск

Ні журналістам, ні грамадзкасьці расейскія ўлады ня кажуць, які менавіта газ ужываўся падчас апэрацыі. Назіральнікі, якія сачылі за правядзеньнем спэцапэрацыі, зрабілі выснову, што газ быў вельмі моцнага ўзьдзеяньня. Людзі не маглі самастойна рухацца. Большасьць была ў непрытомным стане. У шпіталі № 13, куды іх адвезьлі, людзі ванітавалі.

Гэта відавочныя прыкметы моцнага атручаньня. Мэдыкі кажуць, што ў такіх выпадках неабходна ведаць, якім рэчывам атручаны арганізм. Мы спыталі ў прафэсара Барыса Гудзімава, якую ролю адыгрывае час выяўленьня атруты ў справе выратаваньня пацярпелага.

(Гудзімаў: ) “Калі мы ведаем прычыну, які гэта газ — тады можна й лячыць. Цяпер столькі атрутных рэчываў... Мэдыкі з “хуткай дапамогі” павінныя былі ведаць. А так... Я, напрыклад, бачу, што ёсьць тэмпэратура і галаўны боль. Але трэба ведаць, ці гэта пашкоджаньне галаўнога мозгу і цэнтральнай сыстэмы, ці гэта нейкая флегмона. Мэдыкі бачаць, што ў наяўнасьці карціна атручаньня. Можна, канечне, даваць нейкія лекі ад ванітаў, ад галаўнога болю ды іншыя. Але, калі ведаеш хваробу, тады ведаеш, якія лекі прынясуць карысьць, а якія, наадварот, пашкодзяць стану здароўя. Лекар зь цягам часу можа дакапацца да прычыны, але час тут шмат што вырашае. Адна атрута выклікае параліч сэрца, другая -- спазм сасудаў галаўнога мозгу, трэццяя -- спазм органаў брушной поласьці. Чалавек можа ня дыхаць ня больш за пяць хвілінаў. Потым надыходзяць цяжкія біялягічныя наступствы, і чалавека вярнуць да жыцьця вельмі складана. Цягам першых пяці хвілінаў можна ўліць кроў пад ціскам і вярнуць чалавеку жыцьцё. Калі чалавек больш за пяць хвілінаў ня дыхаў, то можна яго таксама вывесьці з гэтага стану, але наступствы вельмі цяжкія. Можа паралізаваць мозг, і чалавек ня будзе ўсьведамляць рэальнасьць. Так што залежыць, і колькі часу чалавек знаходзіўся пад узьдзеяньнем атруты. Чым пазьней яго прывезьлі ў шпіталь, тым большая пагроза жыцьцю. Можа, не хацелі даваць інфармацыю, але нехта галоўны павінен быў кіраваць гэтай справай".

Рэабілітацыя закладнікаў адбываецца ў рэжыме поўнай сакрэтнасьці. Лекарам маскоўскіх шпіталяў забаранілі сустракацца з журналістамі і даваць ім нейкую інфармацыю. Родным не даюць магчымасьці наведаць цяжкіх хворых, якія знаходзяцца ў рэанімацыі ў цяжкім стане. Усё гэта дае падставы для чутак, што падчас спэцапэрацыі ФСБ быў ужыты нейкі новы газ, узьдзеяньне якога невядомае грамадзянскім мэдыкам. У справе выратаваньня атручаных людзей хутчэй за ўсё вырашальным стаў час.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG