Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КУРАПАТАХ СЯБРЫ КХП БНФ НАЛАДЗІЛІ ТАЛАКУ — АПОШНЮЮ ПЕРАД ДЗЯДАМІ


Ганна Соўсь, Менск

Актывісты Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ ўпарадкавалі тэрыторыю ўрочышча да Дзядоў. Я падыходжу да старшыні Нясьвіскай рады партыі Алеся Язьвінскага. Ён толькі скончыў усталёўваць крыж ля магілы.

(Язьвінскі: ) “Зь Нясьвіжу шасьцёра чалавек прыехалі, каб узяць удзел у гэтую суботу ў талацэ. Адметна, што гэтыя крыжы вырабленыя на грошы, якія ахвяравалі грамадзяне Нясьвіжу. Мы зьвярнуліся ў райвыканкам, каб правесьці тры пікеты па збору грошай. І вось нам адвялі ў бязьлюдным месцы, там дзе не было людзей”.

(Карэспандэнтка: ) “На Дзяды прыедзеце ў Курапаты?”

(Язьвінскі: ) “Кожны год прыяжджаем. Вядома, на Дзяды трэба наведваць Курапаты”.

Думку спадара Алеся Язьвінскага працягвае Ўладзімер Азаронак, ён таксама прыехаў у Курапаты зь Нясьвіжу.

(Азаронак: ) “Па-першае, я праваслаўны хрысьціянін, глыбока веру ў нашага Бога. Трэба ўшаноўваць нашых продкаў, ахвяраў сталінізму. Трэба памятаць нашае мінулае”.

А вось меркаваньне старшыні нясьвіскай суполкі ТБМ Міхася Асмыковіча:

(Асмыковіч: ) “Гэта сьвятое месца для ўсіх беларусаў. Тут загінулі бязьвінныя людзі з усёй Беларусі. Гэта беларускай Галгота”.

На Курапацкім пагорку ля каменя я заўважаю вялікі вянок зь бел-чырвона-белых кветак з надпісам “Ахвярам сталінізму ад сяброў АГП і СПС”. Яго прынесьлі ў Курапаты ўчора. На гэтым жа тыдні блізу лавы Клінтана быў усталяваны крыж беларускім сьвятарам, якія былі расстраляныя ў Курапатах, ад архіяпіскапа Юрыя Рыжага Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы ў Амэрыцы

Тым часам будаўнікі шпарка працуюць на ўчастку кальцавой дарогі ля Курапатаў — да здачы дарогі засталося зусім няшмат часу. Рабочыя ўжо часткова абклалі пліткай падземны пераход, пляцоўка на выхадзе зь яго ўся выкладзеная брукам, гэткім жа чынам робяць і спуск ад аўтобуснага прыпынку да ўрочышча.

Паводле навуковай кіраўніцы Курапацкага мэмарыялу Маі Кляшторнай, галоўны інжынэр гэтага ўчастку запэўніла яе, што да Дзядоў пляцоўка ля Крыжа “Пакутнікам Беларусі” будзе ўпарадкаваная. Сама Мая Кляшторная сёньня прыйшла ў Курапаты з наступнай мэтаю:

(Кляшторная: ) “Трэба пазначыць тыя магілы, якія былі дасьледаваныя ў 1988–89 гадах, знайсьці іхныя прыкметы й абазначыць крыжамі”.

Актывіст Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Уладзімер Юхо заклікае ўсіх людзей узяць удзел у шэсьці й жалобным мітынгу ў Курапатах на Дзяды.

(Юхо: ) “2 лістапада каля гадзіньнікавага заводу аб 11-й гадзіне збор, у 11.30 пачатк шэсьця да Курапатаў. Мы запрашаем усіх менчукоў, усіх гасьцей прыйсьці ў Курапаты на мітынг, які адбудзецца а 15-й гадзіне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG