Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ДЗЕ СЛУЖЫЎ БЫ МОЙ СЫН, КАЛІ Б БЕЛАРУСЬ БЫЛА РАСЕЙСКАЙ ГУБЭРНЯЙ?”


Валянцін Жданко, Менск

Вайна на Паўночным Каўказе, якую ўжо амаль дзесяць гадоў беспасьпяхова вядзе Расея, адгукнулася драмай з закладнікамі ў цэнтры расейскай сталіцы. Тэма чачэнскага крызысу ўвесь час гучыць у лістах слухачоў. Пра самыя апошнія падзеі допісаў пакуль няма, але вось які ліст на блізкую тэму вылучыў я з пошты мінулых тыдняў. Генадзь Смоліч з Магілёва піша:

“Ва ўсіх шматлікіх войнах, якія вяла Расея на працягу апошніх двухсот гадоў, гінулі беларусы. Часьцей за ўсё як простыя салдаты, якіх апраналі ў расейскія мундзіры і кідалі туды, дзе маскоўскія валадары бачылі свае інтарэсы.

Вайна ў Чачэніі — першая пасьля 18 стагодзьдзя, у якой беларускія хлопцы ня гінуць. Ужо адно гэта — неабвержны аргумэнт на карысьць незалежнасьці Беларусі. У мяне сын салдат, служыць пад Менскам. Дзе б ён служыў, калі б Беларусь была расейскай губэрняй? І што б давялося перажыць нам, бацькам?

Я чытаю шмат кніг па гісторыі. Са зьдзіўленьнем для сябе выявіў: за трыста гадоў не было ніводнага дзесяцігодзьдзя, калі б Расея не ваявала. У яе ўвесь час калі не свае, дык чужыя войны. Упэўнены, што гэтая заканамернасьць будзе і надалей. Наіўныя тыя людзі, якія спадзяюцца, што можа быць інакш, што саюз з Расеяй можа скончыцца чым-небудзь іншым”.

Можна і трэба спачуваць ні ў чым невінаватым людзям, якія апынуліся ў руках злачынцаў і якім пагражае сьмяротная небясьпека. Але любая дзяржава ў гэтых умовах павінная думаць найперш пра сваіх грамадзянаў, пра бясьпеку і абароненасьць сваіх межаў. І такія ж пытаньні, якое ставіце вы, спадар Генадзь, задаюць усе разважлівыя людзі, што думаюць пра лёс сваіх дзяцей. Цана незалежнасьці, якой улады намерваюцца ахвяраваць дзеля прывіднай так званай “саюзнай дзяржавы” — сёньня становіцца вельмі відавочнай.

Наступныя два лісты — на тэму выбараў у мясцовыя саветы, якія маюць адбыцца ўвесну. Аўтары гэтых лістоў, нашыя сталыя слухачы, разважаюць пра тое, ці мусіцть апазыцыя у гэтых выбарах удзельнічаць. Мікалай Слуцкі зь Менску прапануе ўлічваць досьвед леташніх прэзыдэнцкіх выбараў. Спадар Мікалай ня лічыць, што апазыцыя іх прайграла. Ён піша:

“Паводле апытаньняў, да выбараў толькі 20% насельніцтва Беларусі ведалі пра выкраданьні лідэраў апазыцыі. Пасьля выбараў пра гэта ведалі ўжо 80% людзей. Напярэдадні выбараў пра падзеі ў Беларусі пісалі сотні ўплывовых газэт на Захадзе. А вынікі выбараў на Захадзе не былі прызнаныя дэмакратычнымі. І ў выніку Лукашэнка так і застаўся нелегітымным прэзыдэнтам. Ці магала апазыцыя дамагчыся большага, калі б ня брала ўдзелу ў выбарах?

Да чаго могуць прывесьці заклікі некаторых палітыкаў ня ўдзельнічаць у мясцовых выбарах? —задае пытаньне Мікалай Слуцкі. — Прыхільнікі апазыцыі на выбарчыя ўчасткі ня прыйдуць, але большасьць выбарцаў, верагодна, усё ж прыйдзе. І адбудзецца тое, што адбылося ў другім туры прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году, калі Пазьняк заклікаў нас не прыходзіць на выбарчыя ўчасткі.

У выніку Лукашэнка замест 40% (як у першым туры) набраў больш як 80% ад тых, хто ўзяў удзел у галасаваньні. Што дазволіла яму сьцьвярджаць, што ён “усенародна абраны”.

Гэтыя высновы Мікалая Слуцкага ў многім падзяляе Ільля Копыл зь Менску. Цытую ягоны ліст:

“Я цьвёрда ўпэўнены, што ў выбарах трэба ўдзельнічаць. І неабавязкова ставіць кандыдату мэту дамагчыся перамогі. Гэта вельмі спрыяльная магчымасьць, каб пайсьці ў народ, паспрабаваць растлумачыць людзям, што ж насамрэч адбываецца ў краіне.

Недаравальная памылка ў тым, што партыі ўжо цяпер распачалі дзяльбу выбарчых акругаў паміж сабой — каб, ня дай Бог, не супернічаць адзін з адным. Наадварот, чым больш кандыдатаў у адной акрузе, тым лепш. Гэта дасьць магчымасьць ахапіць агітацыяй як мага больш выбарцаў, дайсьці да кожнай вёскі. А калі будзе толькі адзін кандыдат, то, каб паралізаваць яго працу, дастаткова аднаго міліцыянта. Да таго ж, трэба мець на ўвазе, што ня ўсе кандыдаты пройдуць рэгістрацыю.

Таму я лічу, што адрэзак выбарчай гонкі да дня выбараў трэба выкарыстаць на поўную моц. А потым, улічваючы вялікую колькасьць парушэньняў выбарчага заканадаўства, пакінуць за сабой магчымасьць зьняць свае кандыдатуры на карысьць самага аўтарытэтнага кандыдата”.

Заканчвае свой ліст Ільля Копыл красамоўнай заўвагай, якая магла б служыць своеасаблівым адказам на ўсе вышэйзгаданыя рэкамэндацыі. Гучыць заўвага так: “Але ж даваць парады лягчэй, чым самому займацца гэтай справай”.

Думаю, паважаныя слухачы, актывісты палітычных партыяў разважаюць прыкладна гэтак жа, як і вы. Размоваў пра неабходнасьць байкоту сёньня практычна не чуваць. Цяжка ўявіць, што зьмена ўлады ў Беларусі можа адбыцца іншым шляхам, чым праз выбары.

Зразумела, што правесьці ва ўмовах сёньняшняй Беларусі выбары цалкам свабодныя і дэмакратычныя — вельмі праблематычна. Але і гэтыя абмежаваныя ўмовы даюць дэмакратычным кандыдатам немалыя магчымасьці, — нашыя слухачы Ільля Копыл і Мікалай Слуцкі пра гэта досыць падрабязна і, па-мойму, пераканаўча распавялі.

Ліст ад пэнсіянэра са Смалявічаў Эдуарда Тобіна, у якім аўтар выказвае шэраг заўвагаў з нагоды ўжываньня незалежнымі мэдыямі некаторых тэрмінаў, якія датычаць цяперашняй сыстэмы ўлады ў Беларусі:

“Ні беларуская нацыянальная эліта, ні дэмакратычная Эўропа, ні Кангрэс ЗША не прызналі за легітымныя арганізаваныя Лукашэнкам так званыя “рэфэрэндумы” і “выбары” 2001 году. Тым ня менш, і Радыё Свабода, і газэта “Народная Воля” ўжываюць Лукашэнкаву тэрміналёгію без двукосьсяў, як легітымную, па сутнасьці дэзінфармуючы насельніцтва, спрыяючы легітымізацыі гэтай улады. Па сутнасьці, вы сталі дадаткам антыбеларускага нелегітымнага рэжыму”.

Такое вось вельмі сур’ёзнае абвінавачаньне высунуў нам Эдуард Тобін са Смалявічаў. Мы, спадар Тобін, вельмі падрабязна асьвятлялі ўсе нюансы палітычных кампаніяў, якія вы згадваеце. Тое, якім чынам у Беларусі адбыўся перадзел улады на карысьць Аляксандра Лукашэнкі, якімі мэтадамі ён гэтую ўладу ўтрымлівае і наколькі гэта не стасуецца з прынцыпамі дэмакратычнай прававой дзяржавы — слухачы маглі даведацца з нашых падрабязных штодзённых паведамленьняў і камэнтароў.

Так, існуе пэўная праблема тэрміналёгіі. Так званыя “выбары” і “рэфэрэндумы”, якія праводзіла ўлада, не былі справядлівымі і дэмакратычнымі, і іх нельга называць выбарамі ў тым сэнсе, як гэта разумеюць на Захадзе. Але немагчыма ў кожным сюжэце, дзе толькі мімаходзь згадваюцца тыя падзеі, паўтараць гэтую канстатацыю. Хоць там, дзе гэта дарэчы, мы стараемся нагадваць слухачам пра тыя абставіны, на якія вы, спадар Тобін, зьвяртаеце ўвагу.

Эдуард Тобін таксама мае прэтэнзіі асабіста да мяне, як да аўтара гэтай перадачы:

“Агляд лістоў на Свабоду абмяжоўваецца двума-трыма. Камэнтар хоць і зьмястоўны, але... Большасьць аўтараў застаюцца не агучанымі: часу мала. А хто замінае Валянціну Жданку гэтую найважнейшую функцыю Радыё Свабода — працу для слухачоў і іх адпаведнае і поўнае інфармаваньне, ды і выхаваньне — зрабіць настолькі працяглым, як таго просяць слухачы?”

Справа тут, спадар Тобін, ня толькі ў фармаце перадачы і дэфіцыце часу. Ня ўсе лісты вартыя таго, каб іх агучваць на шырокую аўдыторыю. Ёсьць прыватныя пытаньні і просьбы, ёсьць падпісаныя выдуманымі імёнамі няспраўджаныя абвінавачаньні на адрас канкрэтных асобаў, ёсьць няўдалыя літаратурныя спробы... Менавіта гэтыя лісты і застаюцца неагучанымі.

На заканчэньне — ліст ад Разаліі Рубінчык зь Менску:

“Нядаўна цывілізаваны сьвет адзначыў Дзень абароны жывёл (4 кастрычніка). Але ў нас гэтая дата практычна замоўчваецца. І хоць старшыня Менгарсавету выступаў па гарадзкім тэлебачаньні 10 кастрычніка і распавядаў пра будаўніцтва прытулку для жывёл у Менску, насамрэч пра сапраўднае стаўленьне ўлады да гэтай праблемы трэба меркаваць па іншых фактах.

Якраз у гэты час у кватэру мінчанкі Гудковай, якая жыве ў доме 25 па вуліцы Кахоўскай, падманным шляхам (нібыта дзеля праверкі ацяпленьня) увайшлі чацьвёра жывадзёраў і з дапамогай выкліканай імі міліцыі скруцілі няшчасную і вылавілі ўсіх яе катоў (якіх яна падабрала ў розны час на вуліцы). Потым гэтых катоў, напэўна, зьнішчылі”.

Цяжка меркаваць пра ўсе абставіны гэтай справы, спадарыня Разалія: зусім магчыма, што вашая знаёмая пацярпела несправядліва і што яна чулы спагадлівы чалавек і нікому не прычыніла зла.

Ёсьць, аднак, нямала выпадкаў, калі апанаваныя любоўю да бадзяжных жывёлаў некаторыя гараджане свае цесныя непрыстасаваныя кватэркі ператвараюць у прытулак для дзясяткаў катоў і сабак, падабраных на вуліцы. І тады ўжо даводзіцца гаварыць пра абарону не жывёлаў, а людзей, якія жывуць у суседзтве з гэтым зьвярынцам.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Аляксей Рэдкін і Васіль Пясецкі зь Менску, і Мікалай Кузьмін зь расейскай вёскі Ціхвінка Паўлаградзкага раёну Омскай вобласьці.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG