Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ПАЛОН ТРАПІЛІ ПРЫНАМСІ 10 БЕЛАРУСКІХ ГРАМАДЗЯНАЎ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

На дадзены момант афіцыйна абвешчаныя прозьвішчы сямі грамадзянаў Беларусі — закладнікаў узброеных чачэнцаў, якія пазаўчора захапілі тэатральны цэнтар на Дуброўцы ў Маскве разам з больш чым 700 гледачамі і артыстамі. Гэта муж і жонка Віктар і Ганна Савіцкія, Тацяна Ткачук, Вольга Золіна, Людміла Багачова, Вольга Протас і Ларыса Краўцова.

Аднак у сьпісе, які знаходзіцца ў Міністэрстве замежных справаў, ёсьць прозьвішчы яшчэ трох беларускіх грамадзянаў, якія таксама апынуліся ў палоне. Такім чынам, беларускіх закладнікаў ужо налічваецца ня менш за дзесяць, і ў амбасадзе у Расеі не выключаюць, што сьпіс павялічыцца.

21-гадовы Андрэй Савіцкі, сын закладнікаў Віктара і Ганны Савіцкіх, быў удзячны Радыё Свабода за званок і спачуваньне. Ён ахвотна распавёў усё, што ведаў пра тое, што на дадзены момант адбываецца зь ягонымі маці і бацькам. Вось фрагмэнт нашай гутаркі, якая адбывалася ў пятніцу апоўдні:

(Карэспандэнт: ) “Што вам вядома пра бацькоў? Магчыма, нехта зь іх тэлефанаваў?”

(Савіцкі: ) “Нядаўна бацька тэлефанаваў, казаў, што ім там даюць есьці, піць і ўвогуле абыходзяцца зь імі добра”.

(Карэспандэнт: ) “А як гучаў голас бацькі, якое ў вас склалася ўражаньне?”

(Савіцкі: ) “Стомлены быў”.

(Карэспандэнт: ) “Дзьве начы яны там ужо правялі. Ён нічога не распавядаў пра ўмовы?”

(Савіцкі: ) “Не, больш нічога. Бо ім толькі па хвіліне размовы далі, ня больш”.

(Карэспандэнт: ) “Ён казаў, чаму іх не выпусьцілі? Бо раніцай жа меліся выпусьціць усіх замежных закладнікаў”.

(Савіцкі: ) “Быццам быў званок, што яны ня супраць выдачы замежнікаў, але яшчэ няма мэханізму гэтай выдачы”.

Андрэй Савіцкі далей распавёў, што ягоны бацька, які працуе ў авіякампаніі “Белавія”, даволі часта бывае ў Маскве паводле службовых справаў. У гэтую паездку зь ім паехала маці, якая марыла паглядзець славуты мюзыкл “Норд-Ост”. Пра тое, што працяг мюзыкла будзе настолькі драматычны яны ня думалі. Але Андрэй верыць, што з бацькамі ўсё будзе добра і яны вернуцца жывыя і здаровыя. Ён цяпер ня менш хвалюецца за дзядулю і бабулю, якія жывуць разам зь імі. Дзядуля, паводле ягоных словаў, перажывае моўчкі, а бабуля ўвесь час плача.

Некаторыя зьвесткі ўдалося атрымаць і пра астатніх закладнікаў зь Беларусі. Галоўны акушэр-гінэколяг Менскай вобласьці Вольга Золіна разам з калегай Тацянай Ткачук прыехала ў Маскву на зьезд акушэраў-гінэколягаў. З даволі прадстаўнічай беларускай дэлегацыі толькі яны пайшлі вечарам у сераду на мюзыкл “Норд-Ост”.Паводле галоўнага акушэра-гінэколяга Беларусі Ўладзімера Сілявы, які ачольвае беларускую дэлегацыю і дагэтуль знаходзіцца ў Маскве, з жанчынамі ўсё нармальна, яны трымаюцца мужна.

Людміла Багачова прыехала ў Маскву ў госьці да сына, а 16-гадовая Вольга Протас гасьцявала ў дзядулі.

Апошнім ў сьпісе закладнікаў стала прозьвішча Ларысы Краўцовай, пра якую, на жаль, больш няма ніякіх зьвестак. Зь беларускай амбасады ў Маскве паведамілі, што кантакт са сваякамі ўсіх закладнікаў падтрымліваецца і ня выключылі, што у сьпісе могуць зьявіцца і новыя прозьвішчы.

Сакратар пасла Ўладзімера Грыгор’ева запэўніла Радыё Свабода, што ўсім сваякам аказваецца патрэбная дапамога, а для закладнікаў у гатэлі амбасады падрыхтаваныя чыстая вопратка і іншыя неабходныя рэчы. Засталося толькі дачакацца вызваленьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG