Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАСТАК-ПАСТАНОЎШЧЫК МЮЗЫКЛУ “НОРД-ОСТ” ЗІНОВІ МАРГОЛІН: “РАСЕЯ СВАЁЙ ПАЛІТЫКАЙ ЗЬНІШЧАЕ СВАІХ ЖА ГРАМАДЗЯНАЎ”


Ігар Карней, Менск

Зінові Марголін, які з прычыны адсутнасьці на радзіме ўмоваў дзеля творчасьці працуе над маштабнымі камэрцыйнымі тэатральнымі праектамі ў Маскве, зьяўляецца мастаком-пастаноўшчыкам расейскага мюзыкла. Спадар Марголін распавёў, што мюзыкл “Норд-Ост” існуе ўжо год і за гэты час быў паказаны гледачу 330 разоў. У Маскве спэктакль лічыцца прэстыжным. Да таго ж, у параўнаньні зь іншымі высокатэхналягічнымі музычнымі пастаноўкамі квіткі каштуюць адносна танна — ад 10 да 30 даляраў.

Публіка зьбіраецца шматнацыянальная. Асабліва шмат гледачоў з краінаў СНД, дзе няма грошай на дарагія маштабныя пастаноўкі. Так што наяўнасьць беларусаў сярод закладнікаў зусім натуральная. Болш за тое, і ў складзе трупы таксама ёсьць як грамадзяне Беларусі, так і расейцы беларускага паходжаньня.

(Марголін: ) “Там тры чалавекі, якія вучыліся ў чацьвертай школе Менску. А камэрцыйны дырэктар праекту Дзьмітры Багачоў нават вучыўся са мной у адной школе. Мама Дзьмітрыя, якую ён уладкаваў на працу ў “Норд-Ост”, здаецца, білецёркай, зараз таксама ў палоне.

Дарэчы, мама хоць і жыве ў Маскве, мае беларускае грамадзянства. Нядаўна я ехаў у Маскву разам зь беларускім маладым драматургам Андрэем Курэйчыкам, і мы дамовіліся, што я яго правяду на спэктакль. Толькі выпадкова ён там не апынууўся. А мог быць…

Літаральна праз 15 хвілінаў ад пачатку гэтай катастрофы я пачаў тэлефанаваць. Усярэдзіну не тэлефанаваў, бо гэта амаральна: што ж я буду задаваць дурныя пытаньні. Але навокал кантактую з усімі. Вось даведаўся, што ў палоне аказалася дачка вядомага рэжысэра Марка Разоўскага”.

(Карэспандэнт: ) “Вядома, што тэатральна-канцэртныя залі — асабліва небясьпечныя ў выпадку экстрэмальных сытуацыяў. Што ўяўляе сабою гэты будынак? Ці прадугледжаныя там сыстэмы бясьпекі і эвакуацыі?”

(Марголін: ) “Гэта страшэнны, вялізны брэжнеўскі ДК з сапраўдным маскоўскім размахам паводле бессэнсоўнасьці і безгустоўнасьці. Будынак даўно прыйшоў у заняпад; там цяпер процьма розных кантораў. Але сама заля дастаткова прыстойная: яе адрамантавалі, зараз яна ў цывільным стане. Сам будынак узводзіўся ў час, калі за тэхналёгіяй сачылі: уваходы, выхады, пажарныя выхады — усё гэта ёсьць.

Але, як у любой тэатральнай залі, людзі заблякаваныя дастаткова сур’ёзна, і проста так адтуль ня выбрацца. Частка супрацоўнікаў, якая добра ведае схему разьмяшчэньня дзьвярэй, вокнаў, засталася зачыненай у офісах, якія зусім не зьвязаныя з заляй. Але і адтуль таксама ня выйсьці, бо ўвесь першы паверх гэтага будынка накрыты жудаснымі кратамі. Гэта — турма”.

(Карэспандэнт: ) “Натуральна, кіраўнікі і ўдзельнікі праекту “Норд-Ост” сочаць за сытуацыяй. Напэўна, выходзяць і на нейкія кантакты як з тымі, хто зараз знаходзіцца ў будынку тэатральнага цэнтру, так і з прадстаўнікамі сілавых структураў. Якая вашая думка адносна таго, што адбываецца ў Маскве? Што гавораць вашыя калегі пра захопнікаў?”

(Марголін: ) “Гэта сьмяротнікі. Адназначна. Яны прыйшлі, каб там памерці. Няма ніякага шанцу на выратаваньне шляхам штурму, пытаньне можна ўрэгуляваць толькі палітычна. І вырашэньне пытаньня залежыць толькі ад аднаго чалавека. Калі гэта чалавек знойдзе сілы прыняць палітычнае рашэньне, людзі будуць выратаваныя. Не — усе загінуць. Масква — не Буйнакск; адсюль ня выбярэсься аўтобусамі, самалётамі, верталётамі. Захопнікі разумеюць, што іх заб’юць. Таму яны прыйшлі альбо памерці, альбо дасягнуць палітычных зьменаў.

Паколькі ніхто не спадзяецца, што кіраўніцтва Расеі знойдзе сілы і сьмеласьць зрабіць гэтыя зьмены, усе разумеюць, што хутчэй за ўсё разьвязка будзе трагічная. Найболей верагодна, што яны выпусьцяць дзяцей і замежнікаў, а чатырыста грамадзянаў Расеі застануцца там… Гэта абсалютна трагічная гісторыя пра тое, як дзяржава сваёй жахлівай палітыкай зьнішчае сваіх жа грамадзянаў”.

(Карэспандэнт: ) “Наколькі я вас разумею, трагедыя, якая зараз разгортваецца, невыпадковая для Масквы, Расеі?”

(Марголін: ) “Масква — вельмі цяжкі, страшны горад. Цягам апошніх гадоў адчуваньне таго, што дабром ня скончыцца, што супрацьстаяньне ўзмацняецца, было пастаянна. У Беларусі няма такіх сутыкненьняў, іх ня можа быць, іх патрэбна адмыслова прыдумаць. Тое, што адбываецца ў Маскве — гэта цалкам лягічна. І цяпер, калі я наўпрост, сам з гэтым сутыкнуўся, адчуў катастрофу і жах. Мне проста фізычна шкада людзей, многіх зь якіх я ведаю. Яны абсалютна па-за палітыкай: займаюццца бізнэсам, ставяць шоў. І раптам павінныя гінуць з-за бяздарных палітыкаў”.

(Карэспандэнт: ) “Жыцьцё коштам палітыкі?”

(Марголін: ) “Гэта праблема вялікіх краінаў. Чым большая краіна, тым меншы кошт жыцьця. У Расеі ніхто не пастаіць за 500 чалавек. Для вялікай палітыкі той дзяржавы гэта нават маленькая цана, як гэта ні жахліва. І людзі, якія зараз уцягнутыя ў трагедыю, цудоўна гэта разумеюць. Я памятаю, як мяне ўразіла аб’ява ў маскоўскім мэтро: на месцы выбуху дому, дзе загінула шмат людзей, будуецца новы жылы дом, і ў ім прадаюцца кватэры крыху ніжэйшага кошту. Вось гэта і ёсьць цана пытаньня: мільён туды — мільён сюды.

У Беларусі крыху іншы мэнталітэт: іншы маштаб краіны, іншае мысьленьне. І калі я прыяжджаю ў Маскву і ўсё гэта бачу, разумею, наколькі там людзі больш жорсткія. Раней мяне ўзрушвалі сцэны ў іхным мэтро: памёр чалавек, ляжыць пад прасьцінай, а галаву ніхто не паверне. Але і я ўжо не паварочваю галаву: іншы рытм, іншыя адносіны...”

(Карэспандэнт: ) “Трагедыя адбываецца ў саюзнай зь Беларусьсю краіне. Трагедыя зачапіла беларускіх людзей. Вось і менскія ўлады ўводзяць узмоцнены рэжым патруляваньня менскі вуліцаў, грамадзкіх аб’ектаў. А што вы можаце сказаць з гэтай нагоды?”

(Марголін: ) “Я зараз сяджу ў сваёй кватэры, гляджу ўдалеч, на лес, і задаю пытаньне: пра што ж думаюць нашыя, беларускія кіраўнікі і ў гэтай сытуацыі, і ў папярэдніх. І што думае з гэтай нагоды беларускі народ, часткай якога я зьяўляюся?

Мне, прыкладам, хочацца жыць у краіне, якую можна зьверху бачыць, бачыць яе межы, а не адчуваць сябе часткай бясконцай пустэчы. Хочацца быць адной дзесяцімільённай, а не адной стопяцідзесяцімільённай часткай грамадзтва. Таму куды разумней пабудаваць трохпавярховы дом пад чарапіцай, чым вялікі хмарачос. Як высьветлілася, хмарачосы страшна няўстойлівыя і дзіка ненадзейныя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG