Паводле Громава, “стасункі Расеі зь Беларусяй маюць на ўвазе забесьпячэньне правоў грамадзянаў абедзьвюх краінаў як на тэрыторыі Расеі, так і на тэрыторыі Беларусі. Прэсавы сакратар зазначыў таксама, што Маскву непакояць ня столькі юрыдычныя аспэкты, колькі супярэчнасьць сёньняшніх дзеяньняў узроўню і духу ўзаемадзеньня”. Такім чынам сфармуляваная афіцыйная пазыцыя Крамля адносна дзеяньняў беларускіх уладаў.
Сьпікер дзяржаўнай думы Генадзі Селязьнёў заявіў, што ён быў агаломшаны тым, што адбылося сёньня ў Менску зь лідэрам СПС Барысам Нямцовым. Аб гэтым Селязьнёў сказаў журналістам па сваёй сустрэчы з прэзыдэнтам Пуціным у Крамлі. Селязьнёў падкрэсьліў, што за ўсю гісторыі адносінаў Беларусі й Расеі “гэта першы такі выпадак, і зь ім трэба разабрацца”. Парлямэнтары Расеі і Беларусі “заўсёды перасоўваліся свабодна”, – зазаначыў сьпікер Дзярждумы.
Старшыня канстытуцыйнага камітэту верхняй палаты Юры Шарандзін заявіў, што “зь юрыдычнага гледзішча” дзеяньням беларускіх уладаў “няма тлумачэньня”. Затрыманьне расейскіх дэпутатаў у краіне, у якой з Расеяй няма візавага рэжыму, ён назваў самаўладзтвам. “Самаўладзтвам” назваў гэтую акцыю і старшыня камітэту верхняй палаты ў справах СНГ Вадзім Густаў.
Намесьнік кіраўніка думскай фракцыі Адзінства Ўладзіслаў Рэзьнік заявіў, што дзеяньні беларускіх уладаў у адносінах прадстаўнікоў думскай фракцыі СПС Ірыны Хакамады і Барыса Нямцова “павінны кваліфікавацца як зьняважлівыя для вышэйшага заканадаўчага органу Расейскай Фэдэрацыі”. Паводле дэпутата Рэзьніка, “затрымка і высылка нашых калегаў у Дзяржаўнай думе зь Беларусі – выпадак беспрэцэдэнтны для стасункаў зь дзяржавай, якую мы лічым ня толькі дружалюбнай, але і саюзнай… Афіцыйны Менск абавязаны прынесьці прабачэньні за гэты інцыдэнт. У адваротным выпадку мы будзем разглядаць як наўмысную правакацыю, скіраваную на зрыў працэсу аб’яднаньня. Адказнасьць за гэта нясе асабіста прэзыдэнт Лукашэнка”.
Старшыня камітэту Савету Фэдэрацыі ў пытаньнях бясьпекі і абароны Віктар Озераў заявіў РИА Новости: “Можна па рознаму ставіцца да СПС, але гэтая думская фракцыя – частка расейскага парлямэнту і расейскага народу, які за іх галасаваў”. Озераў прыпусьіцў, што ў кіраўніцтва Беларусі былі падставы апасацца, што расейскія дэпутаты будуць “ліць ваду на млын апазыцыі” ў Беларусі. “Але перасьледаваць чалавека за тое, што ён толькі можа ў пэрспэктыве зрабіць нейкія супрацьпраўныя дзеяньні – недапушчальна”, – падкрэсьліў дэпутат. Пры гэтым ён зазначыў, што сёньняшні інцыдэнт не дадасьць разуменьня ў Радзе Эўропы, дзе Расея даводзіць, быццам Беларусь – дэмакратычная дзяржава.