Афіцыйнае запрашэньне на жалобную імпрэзу сярод сваіх калегаў распаўсюдзіла група дэпутатаў зь сямі чалавек. Усяго да мэмарыялу “Яма” прыехалі каля дзесяці заканатворцаў. У асноўным гэта шараговыя дэпутаты, якія рэпрэзэнтуюць у авальнай залі рэгіёны.
Прадстаўнік Касьцюковічаў Валянцін Сямірскі падчас выступу казаў пра адсутнасьць нацыянальнай ды рэлігійнай варажнечы ў Беларусі. А закон аб свабодзе веравызнаньня, зацьверджаны насуперак пратэстам вернікаў, ён назваў цалкам дэмакратычным. Гаворыць Валянцін Сямірскі:
(Сямірскі: ) “Я ў гэтым законе ня бачу дыскрымінацыі. А малалікасьць дэлегацыі тлумачыцца тым, што ў палаце прадстаўнікоў цяпер разглядаюцца вельмі сур’ёзныя пытаньні”.
Тое, што гадавіну Галакосту ў Беларусі ўлады і самі габрэйскія арганізацыі адзначаюць у розныя дні, ніхто зь сёньняшніх удзельнікаў жалобнай сустрэчы ня лічыць недарэчнасьцю. Больш за тое, былы вязень менскага гета Міхаіл Навадворскі, які быў каля мэмарыялу ўчора й сёньня, кажа, што чым больш памінальных імпрэзаў, тым лепш. Гаворыць Міхаіл Навадворскі:
(Навадворскі: ) “У адзін дзень ня змогуць усе прыйсьці. Прыйшлі калі быў час, калі падрыхтаваліся. Наадварот, найчасьцей трэба прыходзіць”.
Прадстаўнік ад Маладога Фронту Аляксей Шэін запрасіў прысутных узяць удзел у традыцыйнай акцыі памяці 26 кастрычніка — гадавіне расстрэлу менскіх падпольшчыкаў. Паводле маладафронтаўцаў, прысутнасьць прадстаўнікоў афіцыйных уладаў, а таксама габрэйскіх суполак перашкодзіць міліцыянтам арыштоўваць моладзь, як гэта адбылося летась.