Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Я СПАДЗЯЮСЯ, ШТО Я ТАМ УЖО НІКОЛІ НЯ БУДУ...”


Гутарыла Вольга Караткевіч

(Вядучая: ) “Мы пагаворым пра дэталі затрыманьня пазьней, але найперш – пра самае важнае, пра вызваленьне”.

(Судлянкова: ) “Гэта было пры канцы дня ў пятніцу. У 16.30 звычайна была вячэра, і я ўжо маральна падрыхтавалася да вячэры, але раптам, прыблізна ў 16.20, у дзьверы ўвайшла ахоўніца і сказала – фраў Судлянкова, зьбірайцеся. Я не зразумела, куды зьбірацца. Яна сказала: “Вы можаце ісьці дамоў”.

У 16.10 у турму прышоў факс з пракуратуры: тэрмінова, неадкладна, без усялякіх умоваў вызваліць Судлянкову. Першаму я затэлефанавала мужу, а потым – на Радыё Свабода”.

(Вядучая: ) “Гэтая справа атрымала шырокі рэзананс, і ў Беларусі, і ў Чэхіі, у сьвеце. Як адбывалася гэтае затрыманьне, якія дакумэнты вам паказалі, як выглядае сам гэты ордэр?”

(Судлянкова: ) “Ордэр выглядае вельмі проста: гэта некалькі аркушаў паперы, дзе апісаныя прычыны, зь якіх тая ці іншая краіна просіць выдаць пэўную асобу. Папрасілі пашпарты на праверку, і калі ўвялі ў кампутар, мяне адразу папрасілі прайсьці ў памяшканьне памежнай паліцыі. Там сказалі, што мяне затрымліваюць на пэўны час, пакуль не атрымаюць дакумэнты з галоўнага офісу. У іх няма ніякай інфармацыі, проста няма ніякай інфармацыі, акрамя той, што чалавека трэба затрымаць.

Я ім адразу аддала ўсе паперы, якія ў мяне былі з сабой – а я ўжо прызвычаілася паўсюль насіць з сабой рашэньне Міністэрства ўнутраных справаў Чэхіі. Запыт быў зроблены раней, і першай краінай, якая адмовіла Беларусі ў маёй экстрадыцыі, была Чэхія, у 2001 годзе. На пачатку гэтага году адбыўся суд, які канчаткова адмовіў у экстрадыцыі”.

(Вядучая: ) “Мы шмат казалі аб тым, што вы былі ў апазыцыі да тых працэсаў, што адбываюцца ў Беларусі. На вашую думку, у чым усё-ткі прычына гэтых закідаў супраць вас?”

(Судлянкова: ) “Іх некалькі. Першы ордэр на арышт – гэта было проста выкананьне працэдуры: спачатку быў вышук у Менску, потым быў вышук у Беларусі, потым, натуральна, яны мусілі выдаць міжнародны ордэр на арышт – гэта ёсьць працэдура. На той момант усе ведалі, што ў мяне ўжо ёсьць палітычны прытулак, і былі прэцэдэнты, было вядома, што людзей, якія маюць палітычны прытулак, у Беларусь не выдаюць. Іначай Жэнэўская канвэнцыя ня мела б ніякага сэнсу.

Другі ордэр на арышт, у зьвязку зь якім я была зараз затрыманая, быў выдадзены на іншыя краіны, і сэнс яго, і час, калі ён быў выдадзены, кажа аб тым, што галоўная задача была ня столькі ў тым, каб мяне затрымаць – бо ўжо было зразумела, што мяне ня выдадуць, – а проста ў тым, каб абмежаваць магчымасьці руху людзей, якія маглі б быць у беларускай апазыцыі – гэта было напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Галоўнае – і гэта тое пытаньне, якое тэрмінова трэба зараз абмяркоўваць і тэрмінова ставіць перад сусьветнай супольнасьцю – гэта тое, што шляхам выкарыстаньня міжнародных арганізацыяў – такіх, як Інтэрпол – рэжым мае магчымасьць перасьледаваць сваіх палітычных апанэнтаў”.

(Вядучая: ) “Вось тут я якраз хацела задаць пытаньне пра саму сыстэму дзеяньня Інтэрполу. Як бы вы ахарактарызавалі гэтую сыстэму?”

(Судлянкова: ) “Сыстэма Інтэрполу стваралася дэмакратычнымі краінамі. Ім не магло нават прыйсьці ў галаву, што сярод іх ёсьць ці могуць быць краіны, якія будуць выдаваць ордэры на арышт на падставе волі “правадыра”. Зараз, наколькі мне вядома, гэтае пытаньне пачалі ўжо актыўна абмяркоўваць. Уявіць сабе, што, напрыклад, Нямеччына, ці Вялікая Брытанія, ці любая іншая дэмакратычная краіна выдасьць ордэр на арышт з хлусьлівымі зьвесткамі – гэта проста немагчыма. Інтэрпол не правярае гэтыя зьвесткі, ня мае магчымасьці іх праверыць. Яны прынялі ордэр ад беларускай пракуратуры і выставілі яго ў міжнародную сетку – гэта ўсё, што яны зрабілі.

Менавіта гэтае пытаньне падняў прэзыдэнт Радыё Свабода Том Дайн у сваім апошнім прэс-рэлізе ў зьвязку з маёй сытуацыяй: у сёньняшняй сыстэме міжнародных арганізацыяў існуюць вялікія дзіры, вялікія праблемы. Любы дыктатар можа зводзіць свае ўласныя рахункі з палітычнымі апанэнтамі, выкарыстоўваючы дэмакратычныя краіны”.

(Вядучая: ) “Гэты інцыдэнт прымушае падняць іншае пытаньне: ці магчыма давесьці пра чалавека, які ў Беларусі займаўся бізнэсам, што гэты чалавек парушаў заканадаўства?”

(Судлянкова: ) “Натуральна. Нам усім добра вядома, якая сыстэма існуе ў Беларусі. Калі судзьдзі прызначаюцца прэзыдэнтам, яны ўсе залежаць ад прэзыдэнта, і натуральна, што мы ня можам нават думаць і марыць аб незалежным судзе ў Беларусі. Апошняе рашэньне Эўразьвязу не падпісваць зь Беларусьсю канвэнцыі аб прававой дапамозе ў крымінальных выпадках гэта яскрава даказвае. Што да беларускіх бізнэсмэнаў – незалежна ад таго, дробныя яны ці буйныя – гэта ўсё патэнцыйныя ахвяры. Таму што цалкам дастаткова таго, што ты займаўся пэўным бізнэсам. Прыклады Кудзінава, Клімава і астатніх – яскравыя доказы”.

(Вядучая: ) “Я хачу зараз узгадаць сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі з судзьдзямі, калі ён сказаў – калі вам не падабаецца палітыка прэзыдэнта, вы можаце альбо мяняць прафэсію, ісьці ў адстаўку, альбо ісці ў апазыцыю.

Вяртаючыся да вашага перабываньня ў сьледчым ізалятары, – якія былі ўмовы гэтага ўтрыманьня і хто быў вакол вас, як з вамі абыходзіліся?”

(Судлянкова: ) “Са мной абыходзіліся абсалютна гэтак жа, як зь іншымі. Уся гэтая сыстэма пабудаваная на абмежаваньні свабоды – гэта абсалютна натуральна, любая пэнітэнцыйная сыстэма ў любой краіне існуе менавіта дзеля таго, каб абмяжоўваць свабоду – але ні ў якім выпадку не на абмежаваньні правоў чалавека, ні ў якім выпадку не на прыніжэньні, ні ў якім выпадку не на нейкіх фізычных пакутах. Са мной разам у пакоі былі дзьве жанчыны з Расеі, і адная зь іх мне сказала: “Я тут пачуваюся, як у інтэрнаце”, – і гэта сапраўды так”.

(Вядучая: ) “І пытаньне, якое я не магу не задаць: ці было вам страшна, што вас могуць выдаць?”

(Судлянкова: ) “У сувязі з тым, што ў мяне ёсьць жыцьцёвы вопыт паводзінаў у жыцьцёвых сытуацыях даволі складаных, я ведаю, што першая рэакцыя, якая павінна быць – гэта проста ніякай рэакцыі. Я мусіла дзейнічаць ува ўмовах абсалютнага недахопу інфармацыі. Я проста не дазваляла сабе нават такія думкі – што будзе, калі... Я вельмі перажывала за сям’ю, дзяцей”.

(Вядучая: ) “Вашы дзеці ведалі, дзе вы?”

(Судлянкова: ) “Малодшыя дзеці ня ведалі, ведаў старэйшы сын, таму што ён чытаў у інтэрнэце. Ён вельмі перажываў, гэта для яго быў сапраўды ўдар. Калі я вярнулася, ён у мяне запытаўся: “Мама, а ты больш туды ня пойдзеш?” Я кажу – куды? Ён нават ня мог сказаць “у сьледчы ізалятар” ці “ў турму”. Ён сядзеў і глядзеў на мяне вялікімі вачыма, са сьлязамі на вачох, і проста казаў: “Ну... туды, туды... Ты больш туды ня пойдзеш?” Я кажу: “Ну што ты, сын. Я спадзяюся, што я там ужо ніколі ня буду”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG