Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДВУХ АДКАЗНЫХ СУПРАЦОЎНІКАЎ ФОНДУ ПРЭЗЫДЭНЦКІХ ПРАГРАМАЎ АБВІНАВАЧВАЮЦЬ У РАСТРАЦЕ ДЗЯСЯТКАЎ ТЫСЯЧ ДАЛЯРАЎ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Зьвесткі пра тое, што ў Фондзе прэзыдэнцкіх праграмаў знойдзеная растрата, распаўсюдзіла пракуратура краіны. Паводле яе, два сябры выканаўчай дырэкцыі фонду абвінавачваюцца ў перавышэньні службовых паўнамоцтваў, у выніку чаго дзяржаве нанесеныя страты на некалькі дзясяткаў тысяч даляраў.

Справа ўжо расьсьледаваная і яшчэ на мінулым тыдні перададзеная для разгляду ў Цэнтральны суд Менску, паведаміў Радыё Свабода прэсавы сакратар пракуратуры Аляксей Таранаў. Ён, аднак, не назваў прозьвішчы абвінавачаных, спаслаўшыся на тое, што суд над імі яшчэ не адбыўся.

(Таранаў: ) “Магчыма, іх яшчэ апраўдаюць ці зьменяць артыкул, а калі мы зараз іх назавем, то яны потым будуць абвінавачваць пракуратуру, што мы іх скампрамэтавалі”, — патлумачыў Аляксей Таранаў.

Старшыня Цэнтральнага суду Пётар Кіркоўскі таксама адмовіўся паведаміць мне прозьвішчы абвінавачаных і ўвогуле пацьвердзіць, што такая справа з пракуратуры атрыманая.

Не назвалі мне прозьвішчы абвінавачаных і ў Фондзе прэзыдэнцкіх праграмаў. Паведамілі толькі, што гэтая арганізацыя дзейнічае з 1998 году і займаецца рэалізацыяй праграмаў, зацьверджаных Аляксандрам Лукашэнка.

(Сапега: ) “Ёсьць адмысловыя праграмы, якія зацьверджаныя прэзыдэнтам Беларусі, і мы працуем паводле гэтых праграмаў, каб яны рэалізаваліся. Прыкладам, праграма “Дзеці Беларусі”. Вось учора паводле гэтай праграмы мы перадалі абсталяваньне радзільнаму дому ў Барысаве. Ёсьць і іншыя праграмы”, — паведаміў намесьнік дырэктара фонду прэзыдэнцкіх праграмаў Міхаіл Сапега.

Ён адмовіўся даваць больш шырокія зьвесткі пра фонд і ягоную дзейнасьць, а таксама адхіліў маю прапанову прыйсьці ў офіс фонду для сустрэчы. Без адказу засталося пытаньне і пра памер бюджэту гэтай грамадзкай арганізацыі. Міхаіл Сапега увогуле выказаў сумнеў, што Фонд прэзыдэнцкіх праграмаў магчыма аднесьці да такога кшталту арганізацыяў.

(Сапега: ) “Ну так, мы грамадзкая арганізацыя, але і не грамадзкая арганізацыя...”

Што да калегаў, якіх абвінавачвае пракуратура, то тут Міхаіл Сапега быў больш пэўны. Ён перакананы, што іх справа — гэта драбяза, ня вартая асаблівай увагі. Аднак Аляксей Таранаў з пракуратуры ня лічыць, што гэтая справа сапраўды ёсьць драбязой.

(Таранаў: ) “Нічога сабе драбяза — страты на некалькі дзясяткі тысяч даляраў. Магчыма, яны гэтак лічаць, але для дзяржавы гэта не драбяза”, — кажа прэсавы сакратар пракуратуры Беларусі Аляксей Таранаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG