Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗА СУТКІ НА МАГІЛЁЎСКІМ АЎТАРЫНКУ АДБЫЎСЯ ПЕРАДЗЕЛ УЛАСНАСЬЦІ


Марыя Усьціновіч, Магілёў

Гандляры аўтамабільнымі запчасткамі страцілі месца працы, таму што распараджэньнем адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Магілёва рынак зачынены на нявызначаны тэрмін. Пазьней высьветлілася, што за суткі адбыўся перадзел уласнасьці і ў Магілёўскага аўтарынку зьявіўся новы гаспадар.

На Магілёўскім аўтарынку, які належаў да сёньняшняга дня акцыйнай суполцы “Аўтамотасэрвіс і гандаль-1”, працуе каля 400 прадпрымальнікаў і гандляроў. Сёньня яны не змаглі выйсьці на свае працоўныя месцы, за гэтым пільна сачылі міліцыянты.

Пра закрыцьцё рынку людзі даведаліся зь невялікай абвесткі. Натоўп не разыходзіўся, патрабаваў тлумачэньняў ад прадстаўнікоў улады.

Высьветлілася, што год таму пракуратура выдала прадпісаньне кіраўніцтву аўтарынку, якое датычылася добраўпарадкаваньня тэрыторыі. Цяпер адміністрацыя Кастрычніцкага раёну Магілёва сваім распараджэньнем зачыніла рынак, таму што прадпісаньне не было выкананае поўнасьцю.

Прадпрымальнікі назвалі гэта фармальнай прычынай. Старшыня рады прадпрымальнікаў аўтарынку Войцах Навіцкі выказаў свой пункт гледжаньня.

(Навіцкі: ) “Проста наш рынак – гэта смачны кавалак. Ідзе добрая арэндная плата. Напэўна, нехта хоча гэты рынак забраць. Мы так мяркуем, што хутчэй за ўсё менавіта ў гэтым прычына”.

Празь некалькі гадзінаў падазрэньні прадпрымальнікаў пацьвердзіліся.

Яшчэ ўчора, 15 кастрычніка суполцы “Аўтамотасэрвіс і гандаль-1” прапаноўвалася ліквідаваць недахопы ў добраўпарадкаваньні рынку. А сёньня, 16 кастрычніка, на рынак прыйшлі новыя гаспадары.

Магілёўскі гарвыканкам прыняў рашэньне забраць у акцыйнай суполкі і прыватнага прадпрымальніка зямельныя ўчасткі, на якіх цяпер разьмешчаныя аўтарынак і стаянка. Там будзе праектавацца і будавацца новы рынак для продажу аўтамабільных запчастак.

Якая арганізацыя будзе ў далейшым карыстацца адабраным зямельным участкам – вызначае “вэртыкаль” Кастрычніцкага раёну Магілёва.

Гандляры ад такога імклівага разьвіцьця падзеяў знаходзяцца ў разгубленасьці. Ад імя новых гаспадароў іх запэўнілі, што да канца месяца яны могуць працаваць на сваіх месцах. Аднак сёньня прагучалі заклікі не выходзіць на працу, каб не падтрымаць незаконны, на думку прадпрымальнікаў, перадзел уласнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG