Некалькі дзясяткаў чалавек спрабавалі высьветліць – чаму ўлада не зьвяртае ўвагі на шматлікія звароты рабочых заводу і патрабавалі вярнуць ім нядаўна звольненага дырэктара.
Рабочыя Магілеўскага машынабудаўнічага заводу растлумачылі журналістам, што прыйсьці ў аблвыканкам і патрабаваць увагі ад яго кіраўніцтва іх прымусіў перасьлед актывістаў, якія пісалі лісты ва ўсе інстанцыі з просьбамі разабрацца ў няпростай сытуацыі на заводзе.
Машынабудаўнічы завод – невялікае прадпрыемства, дзе працуе 250 чалавек. Паўгода таму ён быў прызнаны банкрутам, пачалася працэдура санацыі. Гаспадарчым судом прызначаны кіраўнік – абавязкі дырэктара былі ўскладзеныя на Ўладзіміра Шылектра. Паводле сьведчаньня рабочых, дырэктар наладзіў вытворчасьць, людзі пачалі атрымліваць заробак. Месяц таму Ўладзімір Шылектар без тлумачэньняў быў звольнены і становішча на заводзе зьмянілася.
Рабочыя лічаць, што прычына звальненьня дырэктара, які, як ім падавалася, знайшоў шлях для выратаваньня заводу – у стасунках з расейскімі інвэстарамі. Пецярбурская фірма праявіла інтарэс да вытворчасьці тэхнікі для дарожнага будаўніцтва на магілеўскім прадпрыемстве.
Цяпер былы дырэктар Уладзімір Шылектар і працоўны калектыў, які яго падтрымлівае, падазраюць інвэстара ў штучных збоях працы на заводзе, каб набыць яго ўрэшце вельмі танна. Сваімі падазрэньнямі людзі падзяліліся ў шматлікіх зваротах да самых розных уладных структураў. На многія зь іх, у прыватнасьці ў адміністрацыю Лукашэнкі, адказаў так і няма. Прадстаўнікі ўлады кажуць, што цяперашні кіраўнік – гаспадар на заводзе-банкруце. Так дыктуе закон.
Прадстаўнікі працоўнага калектыву сёньня дамагліся сустрэчы кіраўніком аддзелу зваротаў грамадзянаў. Чыноўнік паабяцаў, што заўтра, у сераду, будзе арганізаваная сустрэча з намесьнікам старшыні магілеўскага аблвыканкаму – куратарам эканамічных пытаньняў.