Судзьдзя апэляцыйнага суду ўкраiнскай сталiцы Юры Васiленка заявiў, што пастанова аб распачацьці крымiнальнай справы супраць Леанiда Кучмы была прынятая на падставе заяваў пяцi дэпутатаў украiнскага парлямэнту, сярод якiх вядомыя апазыцыйныя лiдэры – Юлiя Цiмашэнка i Аляксандар Мароз, а таксама на падставе вынiкаў працы адмысловай парлямэнцкай камiсіi ў справе забойства журналiста Георгiя Гангадзэ.
Дэпутаты абвiнавачваюць прэзыдэнта Ўкраiны паводле 12 артыкулаў Крымiнальнага кодэксу, у тым лiку ва злоўжываньнi службовым становiшчам, замаху на жыцьцё грамадзкага дзеяча, парушэньні таямнiцы тэлефонных перамоваў, прысваеньнi i растраце дзяржаўнай маёмасьцi, атрыманьнi хабару, перашкодзе законнай прафэсійнай дзейнасьцi журналiстаў.
Судзьдзя Васiленка заявiў таксама, што неабходна дасьледаваць зьнiкненьне 12 мiльёнаў нямецкiх марак з нацыянальнага валютнага фонду ў 1994 годзе, калi Леанiд Кучма быў яшчэ прэм’ер-мiнiстрам.
“Прэзыдэнт ня можа доўгi час падазравацца, абвiнавачаньнi павiнны быць расьсьледаваныя”, - заявiў суддзя Юры Васiленка.
Паводле ягоных словаў, генэральная пракуратура Ўкраiны, павiнна распачаць сьледзтва, аднак пракурор можа таксама прыняць пастанову аб закрыцьцi гэтай крымiнальнай справы.Тады бакi маюць права абскардзiць рашэньне пракуратуры.
Мiж тым апазыцыйныя партыi заявiлi, што патрабуюць, каб прэзыдэнт Кучма прыпынiў выкананьне службовых абавязкаў на час сьледзтва. З такiм патрабаваньнем, сярод iншых, у часе сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыi выступiў лiдэр кампартыi Ўкраiны Пятро Сiманенка.
А вядомая апазыцыйная лiдэрка Юлiя Цiмашэнка паведамiла, што яе прыхiльнiкi маюць намер аб’ехаць усю краiну, каб распавесьцi пра распачацьце крымiнальнай справы супраць Леанiда Кучмы.
Спадарыня Цiмашэнка заявiла таксама, што пасьля масавых антыпрэзыдэнцкiх акцыяў 16 верасьня ўкраiнскiя судзьдзi ўжо перасталi баяцца выканаўчай ўлады.
Менавiта таму, як паведамiў дэпутат фракцыi Сацыялiстычнай партыi Іосiф Вiнскi, цяпер аналягiчныя заявы будуць накiраваныя ў суды ўсiх рэгiёнаў краiны, каб тыя таксама распачалi крымiнальныя справы супраць прэзыдэнта.
Прадстаўнiкi прапрэзыдэнцкiх палiтычных сiлаў назвалi распачацьце крымiнальнай справы супраць Леанiда Кучмы iдэялягiчна матываваным.
А першы прэзыдэнт незалежнай Украiны Леанiд Краўчук, якi цяпер зьяўляецца лiдэрам парлямэнцкай фракцыi Аб’яднанай Сацыял-дэмакратычнай партыi, заявiў сёньня, што, на ягоную думку, калi распачацьце крымiнальнай справы сапраўды абгрунтаванае, то гэта зьяўляецца “прыкметай дэмакратыi”.