Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КНІГА ВЫДАЧЫ ПІСТАЛЕТА, ЯКІМ ЗАБІВАЮЦЬ АCУДЖАНЫХ НА СЬМЕРЦЬ, БУДЗЕ ПЕРАДАДЗЕНАЯ РАСЕЙСКАМУ ПРАВААБАРОНЦУ СЯРГЕЮ КАВАЛЁВУ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сёньня ў Менск зь Нямеччыны вярнуліся Ірына Красоўская, чый муж Анатоль Красоўскі тры гады таму зьнік разам зь Віктарам Ганчаром, і яе адвакат Гары Паганяйла. У Бэрліне яны сустракаліся з Алегам Алкаевым, былым начальнікамі менскага сьледчага ізалятару, аўтарам вядомага рапарту аб магчымай датычнасьці найвышэйшых кіраўнікоў краіны да зьнікненьняў апазыцыянэраў.

Як паведаміў Радыё Свабода Гары Паганяйла, у Бэрліне яны выслухалі і запісалі на відэастужку паказаньні Алега Алкаева што да падзеяў, зьвязаных са зьнікненьнем Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Паводле Гары Паганяйлы, гэтыя паказаньні дапаўняюць вядомы рапарт Алкаева, які ён напісаў на імя міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава. Увогуле роля міністра Навумава ў расьсьледаваньні справаў зьніклых, на думку Гары Паганяйлы, патрабуе дадатковай увагі.

(Паганяйла: ) “Безумоўна, Навумаў ведае больш, чым ёсьць у рапартах Алкаева і Лапаціка, бо быў азнаёмлены з усімі матэрыяламі, якія сабралі сьледчыя пракуратуры і КГБ, калі паўстала пытаньне аб затрыманьні як падазраваных Паўлічэнкі і, магчыма, Шэймана. Цяпер мы ведаем, што ажно тры дні вырашалася гэтае пытаньне, што былы генпракурор Бажэлка і былы старшыня КГБ Мацкевіч за гэты час некалькі разоў наведвалі Лукашэнку, але ў выніку падазраванага Паўлічэнку выпусьцілі з-пад варты, а іх зьнялі з пасадаў. Навумаў вельмі карысны сьведка, і мы цяпер будзем больш настойліва патрабаваць, каб яго нарэшце дапыталі”, — заявіў Гары Паганяйла.

Яшчэ адным важкім момантам сустрэчы з Алкаевым ён лічыць сумесна прынятае рашэньне адносна кнігі выдачы “расстрэльнага” пісталета. Аказваецца, гэтую кнігу Алег Алкаеў вывез у Нямеччыну і цяпер хавае ў бясьпечным месцы. Запісы ў ёй сьведчаць пра тое, што пісталет выдаваўся камандзіру СОБРу Паўлічэнку якраз напярэдадні зьнікненьняў спачатку Юрыя Захаранкі, а потым Ганчара з Красоўскім. Безумоўна, тыя, хто ня хоча, каб стала вядомая праўда пра зьніклых, не зацікаўленыя ў існаваньні гэтага доказу. А ў тым, што кніга сапраўдная, Ірына Красоўская пераканалася асабіста.

(Красоўская: ) “Я бачыла гэтую кнігу. Мы хацелі спачатку, каб ён нам яе перадаў, але пасьля разам вырашылі, што будзе лепш, калі ён перадасьць яе Кавалёву. Бо небясьпечна пераяжджаць зь ёй мяжу, кнігу могуць нейкім чынам забраць і зьнішчыць, як некаторыя доказы”.

Паводле Ірына Красоўскай, Алег Алкаеў мае таксама іншыя дакумэнты, якія могуць зацікавіць сьледчых, але пакуль яна ня можа паведаміць больш дакладна пра гэтыя паперы. Што да кнігі выдачы “расстрэльнага” пісталета, то, паводле Ірыны Красоўскай, Сяргей Кавалёў, які ачольвае камісію Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы ў справах зьніклых беларускіх апазыцыянэраў, падчас наведваньня Менску маецца перадаць яе сьледчым пракуратуры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG