Першы памежны слуп павінен быў быць усталяваны на пачатку Курапацкага лесу блізу кальцавой дарогі. Але на гэтым месцы пасьля дажджу зьявілася вялікая лужына, і будаўнікі, каб адпампаваць зь яе ваду, капаюць грэйдэрам канавы на полі. Таму першы памежны бэтонны слуп быў усталяваны на другім канцы лесу ля дарогі “Заслаўе–Калодзішчы”. У Курапатах халодна, дзьме вецер, ідзе мокры сьнег. Гаворыць навуковая кіраўніца Курапацкага мэмарыялу Мая Кляшторная:
(Кляшторная: ) “Вось урэшце дачакаліся Пакравоў. Самыя працы на Пакравы, калі сьнег ужо выпаў. Цяпер будзем межы Курапатаў пазначаць. За ўсё сьпякотнае лета, вясну й восень не маглі будаўнікі да гэтага дайсьці. А зараз, дзякуй Богу, што першы слуп усталёўваем, пазначаем межы Курапацкіх магілаў”.
Мая Кляшторная не хавае раздражненьня з прычыны пэўнага спазьненьня і неадпаведных дзеяньняў будаўнікоў. Выраб і ўсталяваньне памежных слупоў былі прадугледжаныя дарожным каштарысам, і гэтыя працы павінныя былі распачацца яшчэ ўлетку. І толькі два тыдні таму будаўнікі вырабілі й прывезьлі частку бэтонных слупоў.
Але ж асноўныя 19 слупоў, на якіх Курапаты павінныя быць пазначаныя адпаведным надпісам, дагэтуль не вырабленыя, нягледзячы на шматлікія абяцаньні. І таму сёньня дзяржаўныя межы курапацкага мэмарыялу пазначалі звычайнымі бэтоннымі слупамі безь ніякіх надпісаў. Але й гэта вельмі важна, мяркуе археоляг з Інстутуту гісторыі Акадэміі Навук Мікола Крывальцэвіч, які назіраў сёньня за працамі будаўнікоў.
(Крывальцэвіч: ) “Тыя межы, якія існуюць, гэта межы на картах, пазначаныя пэўнымі каардынатамі. Вельмі важна пазначыць гэтыя межы на мясцовасьці й ў добрым матэрыяле — бэтоннымі слупамі. Тады мяжа будзе бачная. Гэта надзвычай важна надалей для захаваньня гэтай тэрыторыі. Тады нельга будзе сказаць, што нехта ня ведае, што перакрочыў гэтую мяжу й пачынае будаваць за межамі гэтых слупоў”.
Гэтак мяркуе Мікола Крывальцэвіч, археоляг, які калісьці разам зь Зянонам Пазьняком браў удзел у раскопках ў Курапатах.
Тым часам будаўніцтва кальцавой дарогі ідзе вельмі шпарка. Будаўнікі імкнуцца пасьпець закончыць усе працы да 7 лістапада — дня кастрычніцкага перавароту, афіцыйнага тэрміну здачы дарогі, які прызначыў Аляксандар Лукашэнка. Дарэчы, ён асабіста кантралюе будаўніцтва дарогі. Вось і сёньня, калі ішло ўсталяваньне слупоў, па дарозе праехаў картэж машынаў, адной зь якіх быў чорны “Мэрсэдэс” з чырвона-зялёным сьцяжком.
Але ж у прыватных размовах будаўнікі з Магілёва прызналіся, што 7 лістапада будзе гатовая толькі асноўная частка дарогі, а вось прылеглую тэрыторыю, магчыма, ім даведзецца дарабляць да 20 лістапада.
Актывіст Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Уладзімер Юхо наведвае ўрочышча штодня і назірае за будаўніцтвам.
(Юхо: ) “Мы непакоімся ў сувязі з тым, што тут праца не завершаная. І мы ня ведаем, якія далейшыя захады будуць з боку будаўнікоў. Яны ўвесь час хлусілі, калі даводзілі пра свае пляны. Па сутнасьці поўны год — і з трубой, і з тым, што адвядуць ваду... Нічога ня зроблена. Мы турбуемся, і таму да гэтага часу прыходзім сюды штодня”.
Дагэтуль невядома, якім чынам 2 лістапада на Дзяды людзі здолець трапіць у Курапаты, бо фактычна ўсе падходы да ўрочышча цяпер перагароджаныя.