Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АНДРЭЙ ХАДАНОВІЧ: “МОЙ ЛІРЫЧНЫ ГЕРОЙ ПРЭТЭНДУЕ НА ВЕЧНАСЬЦЬ”


Міхась Скобла, Менск

Новая беларуская літаратура пачыналася вядомымі “Лістамі з-пад шыбеніцы” Кастуся Каліноўскага. Мінулася паўтара стагодзьдзя, і зьявіўся своеасаблівы адказ на той трагічны эпісталярый — “Лісты з-пад коўдры” Андрэя Хадановіча. Праўда, айчынным аматарам паэзіі гэта не прынесла радасьці. Не дачакаўшыся ласкі ад сваіх выдаўцоў, беларускі паэт адвёз рукапіс кнігі ў Кіеў, дзе яе апэратыўна пераклалі, выдалі й абвесьцілі, што “Ўкраіна пабагацела на яшчэ аднаго паэта”. А ці не зьбяднела Беларусь? Пра гэта мы й запыталіся ў Андрэя Хадановіча.

(Міхась Скобла: ) “Андрэй, твая кніга “Лісты з-пад коўдры” пабачыла сьвет па-ўкраінску ў кіеўскім выдавецтве “Факт”. Дык фактам якой культуры — украінскай ці беларускай — яна зьяўляецца?”

(Андрэй Хадановіч: ) “Нават калі лічыць, што культура мае межы й паміж беларускай і ўкраінскай культурамі існуе мяжа, то кніжка гэтая (неверагодна, але факт) уяўляецца мне прыкладам беларускай культуры на ўкраінскай мове”.

(Скобла: ) “А як табою ўспрымаецца тое, што першую кнігу давялося выдаваць па-за межамі роднай краіны? Ці няма крыўды на айчынных выдаўцоў?”

(Хадановіч: ) “Паэты (я трымаўся й трымаюся дагэтуль такой наіўнай думкі) павінныя ствараць тэксты, а публікацыяй іх — займацца іншыя людзі. Давай пераадрасуем тваё пытаньне айчынным выдаўцам, якія дачакаліся моманту, калі беларускага аўтара друкуюць за мяжой у перакладзе раней, чым гэта адбылося ў нас.

І ўсё ж я не лічу сябе абдзеленым увагай выдаўцоў — мае тэксты звычайна досыць хутка даходзяць да чытача — праз “Нашу Ніву”, “ARCHE”, “Калосьсе”, “Крыніцу” (гэта калі там яшчэ ня сорамна было друкавацца). У тым, што мая беларуская кніга да гэтай пары не зьявілася, — ёсьць і мая віна. Я палец аб палец ня ўдарыў, каб яе выдаць”.

(Скобла: ) “Нязвыкла чуць самакрытыку ад творцы. Я ведаю, што ты нядаўна вярнуўся з Украіны, дзе адбылася прэзэнтацыя “Лістоў з-пад коўдры”. Шмат тваіх вершаў, як, прыкладам, “Прадмова да кнігі Юдыф”, проста непарыўныя зь беларускім кантэкстам. Ці не абцяжарвала гэта кантакт з украінскімі чытачамі?”

(Хадановіч: ) “Я праехаўся з выступамі па трох гарадах — Івана-Франкоўску, Львове і Кіеве. Адсоткаў дваццаць ад надрукаванага накладу (1000-ы асобнікаў) раскупіліся на сустрэчах, усе жвава шыхтаваліся па аўтограф. Так што аўтар меў усе шанцы захварэць на манію велічы.

Кантакту згаданая табой акалічнасьць не замінала, але страшна абцяжарыла працу перакладнікаў. Месцамі мае тэксты практычна неперакладальныя. Эстэтыка постмадэрну бярэ сваю даніну — і часам мой верш мантуецца з тэкстаў папярэднікаў, як дом з цаглінак. І гэтыя цытаты не заўсёды зразумелыя ўкраінцам — як у той самай “Прадмове да кнігі Юдыф”; яе чытач мусіць ведаць творчасьць Францішка Скарыны. Але Беларусь і Ўкраіна культурна блізкія. Шмат якія нашы рэаліі ўкраінцам ня трэба тлумачыць. На кожную нашую трасянку яны маюць свой украінскі суржык і г. д.

Юры Андруховіч (аўтар прадмовы да “Лістоў з-пад коўдры. — М.С.) гуляўся ў сваёй прадмове: там ёсьць прэзыдэнт з замашкамі дыктатара, са сваімі арламі баявымі, якія разганяюць дэманстрацыі, і ў нас ёсьць адпаведнае стварэньне, якому ўкраінцы маглі б яшчэ “пазайздросьціць”. І арлы баявыя ў нас ёсьць, Андруховіч іх “эскадронамі сьмерці” называе і, мабыць, ня вельмі перабольшвае.

Але ёсьць і станоўчая блізкасьць. На кожнае наша багушэвіцкае “каб ня ўмёрлі” ўкраінцы маюць сваё “ще не вмерла”. Таму “щоб не вмерлі” па-ўкраінску гучала пераконліва й культурна абгрунтавана.

Зрэшты, шмат што залежыць ад вынаходлівасьці перакладніка. А мне страшэнна пашанцавала з украінскай камандай: гэта аўтар прадмовы Юры Андруховіч са сваім вагомым статусам, зь міжнародным імем, гэта лідэр маладой інтэлектуальнай украінскай паэзіі Сэргій Жадан, гэта мэтар перакладу Максім Стрыха, гэта львавяне Іван Лучук і Мар’яна Саўка, гэта маладая кіяўлянка Дзьвеніслава Маціяш, якая была маторам усяго гэтага праекту.

Скажу шчыра — часам перакладнікі проста бліскуча справіліся з маімі вершамі, і па-ўкраінску яны гучалі ня горш, чым у арыгінале”.

(Скобла: ) “Нездарма кажуць, што перакладчык у прозе — раб, а ў паэзіі — спадужнік. Украінцы — народ практычны. Яны выдалі табе кніжку, наладзілі прэстыжнае турнэ. Чым ты зь імі будзеш разьлічвацца?”

(Хадановіч: ) “Ну, хатнім салам я іх ня зьдзіўлю, давядзецца адпрацоўваць пяром ці стукаць па клявіятуры кампутара. Рэч у тым, што ўжо года паўтара таму я адкрыў для сябе ўкраінскую актуальную літаратуру, і замілаванасьць ёю накрыла мяне хваляю. Час ад часу я яе перакладаю — і як спадужнік, перакладаючы паэзію, і як раб, перакладаючы прозу (я пераклаў раман Ю.Андруховіча “Маскавіяда”).

У паэзіі мая галоўная сымпатыя — Сэргій Жадан. Я пераклаў ужо амаль цэлую кніжку ягонай паэзіі. Добра было б адказаць на выхад “Лістоў з-пад коўдры” беларускай кніжкай Жадана. Справа за малым, спадарове кніжныя выдаўцы — не рабіце выгляд, што вы не разумееце майго намёку.

Дарэчы, днямі Сэргій Жадан уласнай пэрсонай зьявіцца ў стольным Менску, дзе возьме ўдзел у канфэрэнцыі “Інтэлектуалы: спакуса маўчаньня”. Але ён нам цікавы найперш, як тонкі лірык, і 17 кастрычніка а 18.00 у актавай залі Беларускага гуманітарнага ліцэю на вул. Кірава, 21 адбудзецца ягоная вечарына. Уваход вольны — усе ласкава запрашаюцца”.

(Скобла: ) “Лісты з-пад коўдры”… Абыватальская нейкая назва. Табе не здаецца?”

(Хадановіч: ) “Не. Але менавіта падобным чынам зразумеў яе сэнс украінскі крытык Іван Андрусяк. Ён назваў сваю рэцэнзію “Сьмех з-пад палітычнай коўдры”, маючы на ўвазе калі не баязьлівасьць, то нейкую эзопаву паэтычную мову. Мне ж здаецца, што назва выразна дыскусійная, яна наводзіць на думку пра магчымы першаўзор — “Лісты з-пад шыбеніцы” Кастуся Каліноўскага.

Мне хацелася ўнесьці свае карэктывы ў пазыцыю паэта. Наша паэзія была падчас аж занадта падкрэсьленая патаснаю, правільнаю. Лірычны герой быў заўсёды гатовы змагацца, прынесьці сябе ў ахвяру, пацярпець за лепшую долю Бацькаўшчыны, за родную мову і г.д. Я ніводным словам гэтага ўсяго не аспрэчваю, але мой лірычны герой мае нашмат больш мірнае, прыватнае аблічча й гаворыць не на самыя надзённыя тэмы, а з прэтэнзіяй на нейкую ўнівэрсальнасьць, вечнасьць”.

(Скобла: ) “У прадмове да тваёй кнігі Юры Андруховіч прыгадвае свой прыезд у Менск улетку 2000 году. Ён стаў сьведкам, як на сьвяце, прысьвечаным Янку Купалу, амонаўцы заломвалі людзям рукі й адбіралі бела-чырвона-белыя сьцягі. Спачатку Андруховіч робіць выснову, што ў Беларусі зусім трохі горш, чым ва Ўкраіне. Але потым удакладняецца, што ў Беларусі з усім трохі горш, калі параўнаць з сытуацыяй ва Ўкраіне. Цікава пачуць аналягічнае параўнаньне ад беларуса”.

(Хадановіч: ) “Розьніца між Беларусьсю й Украінай залежыць ад таго, якія рэгіёны параўноўваць. Мы ня маем такога рэзкага падзелу на ўсход, захад і цэнтар, які існуе ва Ўкраіне. Хоць і кажуць у нас, што Гомельшчына й Гарадзеншчына — гэта дзьве розныя плянэты, дзе людзі жывуць па-рознаму, маюць розныя звычкі й па-рознаму галасуюць на выбарах. Ва Ўкраіне гэтая розьніца нашмат болей відочная.

Мае кантакты з Украінай пачыналіся з Харкава, з харкаўскага паэтычнага фэстывалю “Паэзія №1”. Я хадзіў па Харкаве й зьдзіўляўся — наколькі ён яшчэ большы Менск, чым звыклы для нас Менск. Яшчэ больш сталічных амбіцыяў — а ён калісьці прэтэндаваў на ролю сталіцы. Якім цацачным утульным ракако выглядае наш сталічны ампір у параўнаньні з харкаўскім! Таксама няпроста пачуць на вуліцы ўкраінскую мову.

Абсалютна іншае ўражаньне ў мяне ад Галіччыны, ад Заходняй Украіны. Я там ледзьве на расплакаўся, пачуўшы ўкраінскую мову ад бамжоў, скінгедаў, скейт-бардыстаў. Ну, калі ўжо гэтыя гавораць, значыць — “верной дорогой” ідзяце, таварышы”.

(Скобла: ) “Ты ўкраінскія месты згадаў. А вось пад некаторымі тваімі вершамі пазначана — “Сьвінск Беларускі”. Што гэта за горад?”

(Хадановіч: ) “Гэта віртуальны горад. Я мушу патлумачыць. У арыгінале быў Сьвенск Вялікалітоўскі. Гэта ўкраінцы пераклалі так… Гэткая забаўная геаграфія поруч з забаўнай храналёгіяй сустракаецца ў лістах маіх герояў Івана Жахлівага й Надзеі Крупскай. Яны думаюць пра Беларусь і з розных часоў і местаў шлюць адзін аднаму лісты. Каб яны апынуліся ў адным пэўным часе, я прыдумаў для іх спэцыяльны каляндар. Там ёсьць месяцы: глістапад, дзе адбываюцца глістападаўскія сьвяты, чэргень, крэсавік, стравень і г.д. Перакладнік Максім Стрыха доўга чухаў патыліцу, сутыкнуўшыся зь месяцам зэкавік. Ну няма ў іх сакавіка, ёсьць березень. У выніку атрымалася — кадэберезень.

Сьвінск Беларускі й Сьвенск Вялікалітоўскі — гэта з таго самага геапалітычнага рэгіёну. Сьвінск — ён умоўны, але ён пазнаецца. Гэта Мінск ці Менск у сваіх самых непрывабных праявах, якія мяне раздражняюць і не даюць пачувацца ў гэтым Сьвінску да канца ўтульна”.

(Скобла: ) “У тваю ўкраінскую кнігу патрапілі й лімэрыкі — кароткія, усяго на пяць радкоў, вершы, якія выглядаюць як жанр нашай перасьмешніцкай эпохі. Добра іх пераклаў згаданы ўжо Сэргій Жадан. Але нашыя слухачы маюць магчымасьць пачуць іх у арыгінале ды яшчэ ў аўтарскім выкананьні”.

(Хадановіч: ) “Хацеў бы папрасіць у слухачоў прабачэньня за элемэнты чорнага гумару.

Тры сястры-камікадзэ з Расонаў
з даху скочылі без парасонаў;
тры дурных галавы —
іх цяпер ад травы
аддзірае касільнік газонаў.

Завадатар дыскусіяў з Чашнікаў
лепшы ў спрэчках за ўсіх аднакашнікаў,
бо адзін аргумэнт —
галавой аб цэмэнт,
а другі і апошні — калашнікаў.

Афтальмоляг з Лагойскага тракту
прэзыдэнту лячыў катаракту
й невядома чаму
раптам сеў у турму
зь дзіўным выракам — спроба тэракту.

Палітычныя вязьні з Узды
у турме атрымалі вады —
аж чатыры біклагі,
каб ад жудаснай смагі
не засох арганізм малады.

Самы шчыры палітык з-пад Шклова
даў насельніцтву чэснае слова:
“Будзе водка й расол!”
Моцны цешыўся пол,
і рыдала другая палова.

Стогадовая бабця з Талочына
сэксуальна была заклапочана,
напісала ў сабес,
і прыйшоў Геркулес
з падазронай пячаткай: “Аплочана”.

Патрыётка ад мужа з Драгічына
патрабуе праўдзівага вычыну:
“Страшна кінуць ва ўрад
самаробны снарад —
хоць прыбі да падлогі масьнічыну!”

Віртуоз-арганіста ў Барунах
заснаваў школу танцаў на трунах.
Зарабляючы хлеб,
водзіць вучняў у склеп
граць на нэрвах, нібыта на струнах.

Ісьляміст-бээнэфавец зь Іўя
кажа: “З ласкі Алаха адкрыў я
рэлігійны сакрэт:
пуп зямлі — мінарэт,
а навокал — свабодная Крыўя!”

(Скобла: ) “Пасьля Ўкраіны ты пасьпеў пабываць у Літве. Да Менску даходзілі чуткі, што там адбываўся нейкі паэтычны фэстываль…”

(Хадановіч: ) “Гэта штогадовы міжнародны, вельмі прэстыжны ў саміх літоўцаў фэстываль “Паэтычныя восень у Друскеніках”. Часткова ён адбываецца ў Друскеніках, а часткова — у самой Вільні. Ён зьбірае найлепшых літоўскіх творцаў, а таксама паэтаў-замежнікаў, якіх яны з посьпехам літуанізуюць, перакладаюць на літоўскую мову і выдаюць у выглядзе тоўстай дзьвюхмоўнай кнігі.

Чытаць там даводзілася штодня — і ў Друскеніках, і ў Вільні — у гарадзкой ратушы, у артыстычных кавярнях у суправаджэньні джазавых музыкаў.

Яскравым відовішчам было шоў агню (а фэстываль прысьвячаўся адной з чатырох стыхіяў — агню) на возеры ў Друскеніках. Уявіце сабе ноч, невялікі параходзік на сярэдзіне возера, аздоблены паходнямі. На параходзіку некалькі паэтаў, і на беразе шмат публікі.

Мне хапіла розуму залезьці на самую высокую кропку таго карабліка й голасна закрычаць у мікрафон па-беларуску: “Людзі добрыя! Я зараз буду чытаць вам санэт пра тых, хто ўмеў спыняць сонца!” І чытаў свой санэт пра караля Карла Вялікага, які сваім загадам спыніў у небе сонца, каб перамагчы ў бітве. Тое самае, як мы ведаем зь Бібліі, рабіў Ісус Навін”.

(Скобла: ) “І як адрэагавалі слухачы на твой “карабельны” санэт?”

(Хадановіч: ) “Пасьля выступу да мяне падышоў амэрыканскі паэт Крэйг Чуры, выцягнуў з кішэні прыгожую асадку й працягнуў мне, кажучы па-ангельску: “У нас, паэтаў, няма іншай зброі. Вазьмі, братка, і я веру, што ты будзеш старацца, каб зваліць існуючы ў Беларусі палітычны рэжым. Вазьмі й скарыстай гэтую зброю”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG