Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СОТНІ ЗАБІТЫХ І ПАРАНЕНЫХ У ВЫНІКУ ТЭРАРЫСТЫЧНАГА АКТУ Ў ІНДАНЭЗІІ


Юры Дракахруст, Прага

187 загіблых, 309 параненых людзей з 12 розных краінаў – такі жахлівы вынік тэракту, што адбыўся ў ноч з суботу на нядзелю у начным клюбе “Сары” на інданэзійскай выспе Балі. Верагодна, што мартыралёг ахвяраў гэта злачынства яшчэ не закрыты – паведамляецца, што шмат параненых маюць жахлівыя апёкі.

Гэты тэракт – самы значны і крывавы пасьля леташняга тэрарыстычнага нападу на ЗША 11 верасьня. Аднак ён ёсьць часткаю апошняга ланцугу тэрору – выбуху на мінулым тыдні францускага нафтавага танкера ў Емэне і забойства амэрыканскага марскога пехацінца у Кувэйце. Паведамляецца, што адначасна з выбухам у начным клюбе ў ноч з суботы на нядзелю грымнулі яшчэ два выбухі бомбаў: каля амэрыканскага кансуляту на тым жа Балі, і каля філіпінскага кансуляту на інданэзійскай выспе Сулавэсі. Такім чынам размова ідзе пра сплянаваную акцыю.

Відавочныя палітычныя і эканамічныя мэты тэракту: ахвярамі выбуху сталі ў асноўным замежныя турысты, тэракт нанёс вялізарную шкоду турыстычнай індустрыі Інданэзіі – наведнікі турысцкага раю тэрмінова пакідаюць яго.

Пакуль ніводная арганізацыя не ўзяла на сябе адказнасьць за тэракт.

Інданэзійскія спэцслужбы і паліцыя змабілізаваныя на пошук злачынцаў, да іх ужо далучыліся прадстаўнікі аўстралійскіх спэцслужбаў і фэдэральнага бюро расьсьледаваньняў ЗША.
Сльедчыя распрацоўваюць дзьве асноўныя вэрсіі: паводле першай, тэракт арганізавалі мясцовыя іслямісцкія групоўкі, называюць, прынамсі, ваенізаваную групоўку “Джамаа ісламія”.

Дарэчы, сам лідэр гэтай радыкальнай арганізацыі адмовіў дачыненьне “Джамаа ісламія” да выбуху на Балі. Аднак варта прыгадаць, што нават пасьля тэрарыстычнай атакі 11 верасьня летась “Аль Каіда” афіцыйна не брала на сябе адказнасьць за яго.

Іншая вэрсія сьледзтва ўскладае адказнасьць на сумнавядомую міжнародную тэрарыстычную сетку “Аль Каіда”. Міністар абароны Інданэзіі Маторы Абдул Джаліл заявіў, што выбух зьдзейсьніла менавіта “Аль Каіда”, якой дапамаглі мясцовыя тэрарысты.
А вось меркаваньне экспэрта па міжнародным тэрарызме Роана Гунаратна:

(Гунаратна: ) “Адзіная арганізацыя, якая магла правесьці настолькі прафэсійную тэрарыстычную атаку, як тое адбылося на Балі – гэта “Аль Каіда” і яе паўдзённа-ўсходняя філія “Джамаа ісламія”. У Інданэзіі няма іншай групоўкі з намерам і здольнасьцю правесьці такі тэракт”.

Адмыслоўцы прыгадваюць паказаньні аднаго з актывістаў “Аль Каіды”, Амара Аль Фарука , арыштаванага ў Інданэзіі 4 месяцы таму. Ён прызнаўся, што атрымаў ад кіраўніцтва арганізацыі загад арганізаваць тэракт супраць амэрыканскай амбасады ў Інданэзіі ў гадавіну 11 верасьня сёлета.

Шмат назіральнікаў зьвяртаюць увагу на тое, што да апошняга часу інданэзійскія ўлады ўхіліляся ад удзелу ў антытэрарыстычнай кампаніі, некаторыя міжнародныя тэрарысты знаходзілі ўтульны прытулак на інданэзійскіх выспах. Магчыма, кіраўнікі краіны меркавалі, што такім чынам яны гарантуюць бясьпеку і спакой хаця б самой Інданэзіі. Тэракт на Балі прадэманстраваў марнасьць такіх спадзяваньняў.

Некаторыя экспэрты не выключаюць, што тэракт на Балі мог мець і ўласна інданэзійскія матывы. Большасьць ахвяраў тэракту – грамадзяне Аўстраліі. Аўстралійскія войскі пад сьцягам ААН выконвалі міратворчыя функцыі ва Ўсходнім Тыморы, калі гэтая былая правінцыя Інданэзіі змагалася за незалежнасьць. Сёлета ў траўні Ўсходні Тымор стаў незалежнай дзяржаваю, і шмат хто ў Інданэзіі лічыць Аўстралію часткова вінаватай у гэтым.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG