Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЯДОМАЙ АДВАКАТЦЫ ВЕРЫ СТРАМКОЎСКАЙ ЛАДЗЯЦЬ ПЕРАШКОДЫ Ў ПРАВААБАРОНЧАЙ ДЗЕЙНАСЬЦІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Адвакатка Вера Страмкоўская апасаецца, што ў хуткім часе яна як праваабаронца можа стаць невыязной. “Дзяржаўныя чыноўнікі ўжо не хаваючыся ствараюць мне перашкоды ў праваабарончай дзейнасьці”, — кажа Страмкоўская і спасылаецца на рашэньне Менскай калегіі адвакатаў, якое яна атрымала днямі ў адказ на просьбу даць ёй некалькі дзён адпачынку дзеля паездкі ў Сэул на дэмакратычны форум, які ладзіць ААН.

Дзяржаўная калегія адвакатаў адмовіла Страмкоўскай у адпачынку, спаслаўшыся на тое, што яна і без таго часта бывае за мяжой. Страмкоўская ж лічыць, што яе ня хочуць адпускаць таму, што на гэтых форумах яна крытыкуе судовую сыстэму Беларусі.

(Страмкоўская: ) “Адвакаты Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў кажуць, што не задаволеныя тым, што я ежджу па замежжы і ўдзельнічаю ў розных праваабарончых канфэрэнцыях. Але не задаволеныя яны перш за ўсё іншым. У гэтых форумах таксама бяруць удзел прадстаўнікі ўлады Беларусі, і мой пункт гледжаньня разыходзіцца з тым, што кажуць яны пра выкананьне Беларусьсю абавязацельстваў у галіне правоў чалавека, якія нашая краіна падпісала. Прыкладам, так было на нядаўняй канфэрэнцыі ў Варшаве”.

На канфэрэнцыі АБСЭ па чалавечым вымярэньні, што прайшла ў верасьні ў Варшаве, Вера Страмкоўская крытыкавала судовую сыстэму Беларусі і спрычынілася да прыняцьця жорсткай рэзалюцыі, якая асуджае парушэньні правоў грамадзянаў Беларусі і адсутнасьць магчымасьці эфэктыўна бараніць правы людзей. Пасьля гэтай канфэрэнцыі Страмкоўская і адчула ціск з боку чыноўнікаў і судзьдзяў Беларусі.

Варта дадаць, што падчас праўленьня Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі была скасаваная недзяржаўная адвакацкая сыстэма, і цяпер нават каб выехаць за мяжу, адвакат вымушаны зьвяртацца з просьбай да свайго начальніка. У выпадку парушэньня гэтага правіла ён будзе звольнены з калегіі адвакатаў і ня зможа ўладкавацца на працу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG