Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У АЎТОРАК ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ ГОРАДНІ ВЯРТАЮЦЦА НА ПРАЦУ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Прадпрымальнікі выйдуць на працу ў аўторак 15 кастрычніка. Бо панядзелак на двух самых буйных гарадзенскіх рынках зьяўляецца выхадным днём. Такое рашэньне прыняў нават ня сам сход, які адбыўся сёньня на Цэнтральным рынку, а Валеры Леванеўскі—старшыня страйкаму прадпрымальнікаў Беларусі. Прысутныя зь ім пагадзіліся.

На сход сабралося каля 200 чалавек. Валеры Леванеўскі патлумачыў, што абласныя ўлады адклалі ўвядзеньне касавых апаратаў да 1 сьнежня. Прычым большасьці гандляроў апараты не спатрэбяцца. Падаткі таксама да Новага году падвышацца ня будуць.

Карацей,--можна пачынаць працаваць,--падсумаваў Леванеўскі. Хаця ён лічыць магчымым зноўку страйкаваць, калі ўлады не прыслухаюцца да іншых патрабаваньняў прадпрымальнікаў.

Учора на сходзе на рынку “Паўднёвы” Валеры Леванеўскі, наадварот, заклікаў страйкаваць далей. Прыпыніць страйк дакляравалі тады прадстаўнікі Руху дэмакратычных сілаў “Гарадзенскі выбар”, які якраз і падрыхтаваў цяперашні страйк у Горадні.

Старшыня Руху Зьміцер Іваноўскі лічыць, што страйк толькі прыпынены і перамовы з уладамі будуць працягвацца.

--Вядуцца канструктыўныя перамовы на абласным узроўні па пытаньнях, узьнятых прадпрымальнікамі. І на сёньняшні дзень многія пытаньні вырашаюцца ў рабочым парадку. Хацеў бы сказаць таксама, што пытаньні, якія датычаць рэспубліканскіх уладаў, на мясцовым узроўні адмяніць ня могуць. Але яны ўзьнятыя, перададзеныя ў Менск, і там яны павінны разглядацца.

Гаварыў Зьміцер Іваноўскі—кіраўнік Руху “Гарадзенскі выбар”, які займаўся каардынацыяй дзеяньняў страйкоўцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG