“Здароўе”. 12 кастрычніка
У большасьці краін сьвету ад хваробаў, выкліканых паразытамі, памірае ў два разы болей мужчынаў, чым жанчын. Да ліку такіх краінаў належаць, напрыклад, ЗША, Вялікая Брытанія, Японія і Беларусь. У гэтай сумнай статыстыцы ёсьць і краіны-лідэры – у Казахстане і Азэрбайджане мужчыны ў чатыры разы часьцей паміраюць ад паразытарных інфэкцыяў. Днямі навуковы сьвет абляцела сэнсацыя – аказваецца, адной з прычынаў большай падатлівасьць мужчынскага арганізму да паразытаў зьяўляецца мужчынскі гармон тэстастэрон. Гэтай тэме будзе прысьвечаны чарговы выпуск перадачы “Здароўе”. Вы пачуеце таксама пра адкрыцьці, за якія сёлета прысуджаная Нобэлеўская прэмія ў галіне мэдыцыны.
“Сымбаль веры”. 12 кастрычніка
Прадпрымальніцкая дзейнасьць патрабуе надзвычайнай працавітасьці, кемлівасьці, здольнасьці прымаць рашэньні і не паддавацца стрэсу. Немалаважную ролю ў бізнэсе адыгрываюць этычныя нормы: сумленнасьць, акуратнасьць, добрая рэпутацыя. Якую ролю ў бізнэсе, дзе адбываецца беспардонная барацьба за выжываньне, адыгрывае вера і рэлігія? Гэтаму прысьвечаны чарговы выпуск нашай штотыднёвай рэлігійнай перадачы.
"Праскі акцэнт". 13 кастрычніка
9 кастрычніка на паседжаньні Эўракамісіі ў Брусэлі было абвешчана пра далучэньне да Эўрапейскага Зьвязу ў 2004 годзе дзесяці краінаў – у тым ліку суседніх зь Беларусяй Латвіі, Літвы й Польшчы. Якія наступствы – палітычныя, эканамічныя і псыхалягічныя – будзе мець гэты факт для беларусаў? Ці можна ў сувязі з будучымі зьменамі чакаць карэктываў у зьнешняй палітыцы афіцыйнага Менску? І нарэшце – ці зьяўляецца мадэль Эўразьвязу найбольш прывабнай для Беларусі? Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць у чарговым выпуску перадачы “Праскі акцэнт” сябра палітычнай рады АГП, эканаміст Яраслаў Раманчук, міжнародны каардынатар Хартыі-97 Андрэй Саньнікаў і аналітык Радыё Свабода Ян Максімюк.
“Вольная студыя”. 13 кастрычніка
Беларуская літаратура пачыналася зь вядомых “Лістоў з-пад шыбеніцы” Кастуся Каліноўскага. Мінулася амаль паўтары сотні гадоў, і ў беларускім прыгожым пісьменстве зьявіўся своеасаблівы адказ на той трагічны эпісталярый — “Лісты з-пад коўдры”. Іх аўтар — паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч, які, не дачакаўшыся ласкі ад беларускіх выдаўцоў, адвёз рукапіс сваёй кнігі ў Кіеў. Там яе апэратыўна пераклалі, выдалі й горда заявілі, што ўкраінская літаратура пабагацела яшчэ на аднаго паэта... Гутарку Міхася Скоблы з Андрэем Хадановічам слухайце заўтра ў перадачы “Вольная студыя”.
“Беларускі Інтэрнэт”. 13 кастрычніка
Тэмы перадачы:
Гульня, якая зьвязвае сеціва і рэальны сьвет;
Самая вялікая таямніца беларускага Інтэрнэту – колькі ў яго карыстальнікаў?
Дзе найбольш распаўсюджаныя Інтэрнэт-махляры?
Праграму падрыхтаваў Віталь Цыганкоў.