Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС БЕЛАРУСІ ЗАЯЎЛЯЕ, ШТО КАНСУЛЬТАЦЫІ З АБСЭ ІДУЦЬ. ДЗЕЙНЫ СТАРШЫНЯ АБСЭ ГЭТА НЕ ПАЦЬВЯРДЖАЕ


Юры Сьвірко, Менск

На сёньняшнім брыфінгу ў Міністэрстве замежных справаў я папрасіў ягонага прэсавага сакратара Паўла Латушку адказаць на пытаньне: ці адбываюцца зараз тыя перамовы ці кансультацыі пра далейшы лёс групы АБСЭ ў Менску, пра якія дамовіліся ў Нью-Ёрку міністры замежных справаў Беларусі й Партугаліі?

(Латушка: ) “Так, я магу пацьвердзіць, што кансультацыі йдуць на ўзроўні пастаянных прадстаўнікоў Беларусі й Партугаліі ў АБСЭ. Учора пастаянны прадстаўнік Беларусі ў АБСЭ пасол Віктар Гайсёнак сустрэўся з прадстаўнікамі сакратарыяту Арганізацыі і дзейнага старшыні арганізацыі. Пазыцыя беларускага боку заўсёды была даволі дакладна выкладзеная: беларускі бок не адмаўляе прысутнасьці АБСЭ ў краіне, аднак гэтая прысутнасьць павінна быць празрыстай і зразумелай ураду краіны”.

Аднак прэсавы сакратар партугальскага прадстаўніцтва ў АБСЭ Антоніў Капінья гэта не пацьвердзіў:

(Капінья: ) “Я ня маю ніякае інфармацыі й не магу пацьвердзіць ніякія перамовы. Пазыцыя Партугаліі палягае ў тым, што яна чакае, калі ўлады Беларусі выйдуць з канкрэтнымі прапановамі. Ёсьць намеры — калі ня будзе нікага разьвіцьця — падняць гэтае пытаньне на наступнай Сталай радзе”.

Спадар Капінья дадаў, што на сёньняшнім паседжаньні Сталае рады АБСЭ беларускае пытаньне прадстаўнікі дзейнага старшыні не закраналі.

А прэсавы сакратар беларускага МЗС Павал Латушка сёньня агучыў таксама пазыцыю Беларусі наконт рашэньня Эўрапейскае камісіі ўхваліць далучэньне 10 новых дзяржаваў да Эўразьвязу. Сярод гэтае дзясяткі ёсьць суседнія краіны — Латвія, Літва й Польшча. На просьбу даць ацэнку гэтаму рашэньню прэсавы сакратар МЗС адказаў гэтак:

(Латушка: ) “Мы ўсе разумеем, што гэта будзе толькі першы этап, а менавіта прыняцьце палітычнага рашэньня. Што тычыцца рэальнага эканамічнага збліжэньня — тут можам гаварыць аб абслугоўваньні адзінай валюты, банкаўскай сфэры ды іншых пытаньнях — гэты працэс будзе працяглым”.

Паводле спадара Латушкі, Беларусь вельмі ўважліва сочыць за ўсімі працэсамі эўрапейскае інтэграцыі, улучна з пашырэньнем Эўразьвязу, паколькі гэта будзе мець уплыў на беларускую эканоміку.

Эканамічнае абгрунтаваньне МЗС бачыць і ў затрыманьні нямецкімі ўладамі супрацоўніцы беларускае службы Радыё Свабода Натальлі Судлянковай. На маю просьбу пракамэнтаваць гэтае затрыманьне Павал Латушка адказаў:

(Латушка: ) “МЗС Беларусі пакуль нічога не вядома аб затрыманьні, але магу адзначыць, што калі нямецкія ўлады вырашылі задаволіць просьбу беларускага боку, значыць, для гэтага былі падставы. Ніякай палітыкі ў затрыманьні згаданай асобы нямецкімі ўладамі мы ня бачым”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG