Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА ЗЬБІРАЕЦЦА ПАДПІСАЦЬ НОВЫ ЗАКОН “АБ СВАБОДЗЕ ВЕРАВЫЗНАНЬНЯ Й РЭЛІГІЙНЫХ АРГАНІЗАЦЫЯЎ”


Альгерд Невяроўскі, Менск

Кіраўнік Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату прыбыў у Менск учора позна ўвечары, а сёньня раніцай у яго ўжо была заплянаваная сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам. На пачатку сустрэчы зь мітрапалітам Уладзімерам Лукашэнка заявіў, што яму “прыемна даведацца пра тое, што нашая праваслаўная царква ва Ўкраіне захавала свае вядучыя пазыцыі й ўмацавала іх апошнім часам”.

Паводле Лукашэнкі, умацоўваюцца пазыцыі праваслаўнай царквы і ў Беларусі. Ён лічыць праваслаўе вызначальнай рэлігіяй і будзе ўсяляк яго падтрымліваць.

Беларускі кіраўнік вельмі задаволены тым, што абедзьве палаты Нацыянальнага сходу прынялі новы закон “Аб свабодзе веравызнаньня й рэлігійных арганізацыяў”, які на ягоную думку, урэшце “канчаткова раcставіў усе кропкі над “і”. Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што некаторыя неадназначна ўспрынялі гэты закон, які паводле беларускага лідэра ня ўтрымлівае ніякіх “наездаў і накатаў”. Лукашэнка лічыць гэты закон збалянсаваным і хутчэй за ўсё яго падпіша.

Кіраўнік УПЦ Маскоўскага патрыярхату, які ўпершыню наведаў Беларусь, адзначаў вялікую ролю Аляксандра Лукашэнкі ў справе аб’яднаньня славянскіх народаў і ягоную мудрую міжканфэсійную палітыку.

Прэсавы сакратар Беларускага экзархату Андрэй Петрашкевіч лічыць натуральным тое, што Лукашэнка падтрымлівае праваслаўе і зьбіраецца падпісаць новы закон “Аб веравызнаньні”:

(Петрашкевіч: ) “Гэта натуральна, бо гэта царква большасьці, сябры якой ёсьць выбарцамі нашага прэзыдэнта. Гэта абсалютна натуральна. А што тычыцца закону, то вы ведаеце, гэта не сакрэт, што праваслаўная царква настойвала на тым, каб ён быў сфармуляваны на карысьць традыцыйных рэлігійных канфэсіяў”.

Прадстаўнікі г.зв. “нетрадыцыйных канфэсіяў” — пратэстанты, крышнаіты ды іншыя да апошняга часу спадзяваліся, што Аляксандар Лукашэнка прыслухаецца да іхных зваротаў і ня будзе падпісваць гэты дыскрымінацыйны закон. Сёньня стала зразумела, што гэтыя спадзяваньні былі марныя. Гаворыць адна зь лідэраў грамадзкай ініцыятывы “За свабоднае веравызнаньне” Ірына Жыхар:

(Жыхар: ) “Выказваньні Лукашэнкі сьведчаць пра тое, што дыскрымінацыйная палітыка ўжо паводле рэлігійнай прыналежнасьці будзе працягвацца. Раней быў перасьлед паводле палітычнай прыналежнасьці, грамадзкай — зараз будзе й паводле рэлігійнай. Нягледзячы на тое, што закон будзе падпісаны, грамадзкая ініцыятыва будзе й надалей бараніць правы вернікаў”.

Тым часам візыт кіраўніка УПЦ Маскоўскага патрыярхату ў Беларусь працягваецца. Сёньня мітрапаліт Уладзімер наведае шэраг менскіх прыходаў, а заўтра ён паедзе ў Жыровіцкі манастыр. Там мітрапаліту Ўладзімеру будзе ўручаны дыплём ганаровага доктара Менскай духоўнай акадэміі.

Супрацоўнікі Беларускага экзархату не выключаюць, што мітрапаліты Ўладзімер і Філарэт таксама абмяркуюуць праблему аўтакефальных цэркваў. Як вядома, ва Ўкраіне самастойны Кіеўскі патрыярхат, што налічвае 2781 прыход, складае сур’ёзную канкурэнцыю патрыярхату Маскоўскаму, які мае 9049 абшчынаў. Апошнім часам праблема праваслаўнай аўтакефаліі стала актуальнай і для Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG