Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УГАНДА СЬВЯТКУЕ 40-ГОДЗЬДЗЕ СВАЁЙ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ, НАКІРОЎВАЮЧЫ НАЗАД У БЕЛАРУСЬ НЯСПРАЎНЫЯ ВЕРТАЛЁТЫ


Юры Сьвірко, Менск

Сёньня афрыканская краіна Ўганда сьвяткуе 40-годзьдзе сваёй незалежнасьці. Але ўвага ўгандыйскіх сродкаў масавае інфармацыі нават сёньня скіраваная на Беларусь, якую яны лічаць крыніцай няякаснай зброі незразумелага паходжаньня, пастаўкі якой зьвязаныя з карупцыяй.

Радыё Свабода некалькі разоў распавядала пра ўсё новыя публікацыі ўва Ўгандзе, прысьвечаныя куплі ў 1997 годзе верталётаў у Беларусі. Першы з гэтых артыкулаў зьявіўся на старонках угандыйскае газэты “The New Vision” амаль два гады таму — 2 лістапада 2000 году. Сёньня на Інтэрнэт-сайце гэтага выданьня я знайшоў ажно 75 публікацыяў на тэму Беларусі ды ейных верталётаў.

Апошняя зь іх паведамляе, што набыцьцё пяць гадоў таму баявых верталётаў дагэтуль працягвае страсаць урад Уганды. Але нарэшце гэтыя верталёты “былі разабраныя й загружаныя ў кантэйнэры для адпраўкі назад у Беларусь”.

Газэта “The New Vision” піша, што наўпроставя страты ўгандыйскага ўраду ад куплі двух беларускіх верталётаў Мі-24 склалі 6,5 мільёна даляраў і цытуе адну са сваіх крыніцаў: “Урад нядаўна прыняў рашэньне даслаць верталёты назад у Беларусь для рамонту. Гэта ўлучае іх поўную мадэрнізацыю. Кіраўнік паветраных сілаў брыгадзір Джошуа Масаба нядаўна ўзначаліў каманду, якая сустракалася з прадстаўнікамі беларускае ўрадавае карпарацыі для абмеркаваньня ўмоваў мадэрнізацыі”.

Спадар Масаба адмовіўся пракамэнтаваць гэта ўгандыйскай газэце, і мае сёньняшнія спробы атрымаць якія-небудзь камэнтары ад прадстаўнікоў афіцыйнага Менску таксама былі безвыніковымі.

Але газэта “The New Vision” зазначае, што, паводле некаторых крыніцаў, дагэтуль існуе рознагалосьсе наконт таго, хто мусіць пакрыць кошт транспартыроўкі гелікоптэраў назад у Беларусь і заплаціць за іх мадэрнізацыю.

Угандыйскае выданьне падае таксама цікавыя лічбы. Новы верталёт Мі-24 каштуе 8 мільёнаў даляраў. Але паводле кантракту ад 7 лютага 1997 году Ўганда купіла чатыры мадэрнізаваныя верталёты, кожны зь якіх ацэньваўся на паўтара мільёна даляраў, за суму ўдвая большую — 12 зь лішнім мільёнаў даляраў. Аднак у 1998 годзе Ўганда атрымала толькі два немадэрнізаваныя гелікоптэры. Газэта “The New Vision” піша: “8774503 даляры пайшлі пасярэднікам”.

Варта нагадаць, што прыканцы 2000 году група дэпутатаў парлямэнту Ўганды спрабавала прыехаць у Беларусь, каб на месцы высьветліць, хто ж быў гэтымі пасярэднікамі. Аднак беларуская амбасада ў Лёндане адмовілася выдаць угандыйскім парлямэнтарам візы на ўезд.


Гэта, дарэчы, ня першы выпадак, калі Беларусь гандлюе няякаснай зброяй. У 1996-1997 гадох беларуская кампанія “Белтэхэкспарт” разам з “Росвооружением” паставілі ў Пэру 18 зьнішчальнікаў МІГ-29. Як высьветлілася, машыны былі няспраўнымі, адзін з самалётаў разьбіўся на вачох парлямэнцкай камісіі. Як стала вядома потым, кіраўнік тайнай паліцыі Пэру Владыміра Мантэсінэс за гэтую зьдзелку атрымаў хабар у памеры 35 мільёнаў даляраў. Зараз былы ўсяўладны шэф спэцслужбы сядзіць у пэруанскай турме, а ягоныя беларускія і расейскія партнэры працягваюць свой плённы бізнэс.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG